Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на цэнтральных менскіх вуліцах забаронена езьдзіць на ровары?


Алесь Дашчынскі, Менск Сэзон ад сэзону ў беларускіх гарадах раварысты застаюцца абмежаванымі ў руху па вуліцах. Вэлясыпэдныя дарожкі лёгка пазначыць, як гэта зроблена да прыкладу ў цэнтры Вільні, альбо адмыслова ўладкаваць уздоўж Сьвіслачы. Але ўлады аддаюць перавагу аўтамабільнаму, а не гэтаму экалягічнаму сродку транспарту. На цэнтральных менскіх вуліцах карыстацца роварам забаронена. Ці будуць тут перамены?

Эўрапейская любоў да ровараў пранікне ў Беларусь празь Белавескую пушчу. У гэта вераць беларускія ўдзельнікі праекту, які яны рэалізуюць сумесна зь філіяй Варшаўскай акадэміі фізычнага выхаваньня ў Бялай-Падлясцы. Адна вэлясыпэдная артэрыя мае злучыць польскую й беларускую часткі пушчы. Пры гэтым на беларускім баку трасы раварыстам павінен быць забясьпечаны такі самы сэрвіс, які ёсьць у Польшчы. Завяршыць працу ў гэтым сэзоне не ўдалося. “Беларускія ўлады ставяцца да ровара абыякава”, – з жалем зазначае экспэрт у пытаньнях турызму Мікалай Шайко зь Берасьця.

(Шайко: ) “Мы, калі пад’яжджалі да Равэнсбургу, то мэр гораду прыехаў за 20 кілямэтраў на ровары і сустрэў нас разам з групай. Тут жа, калі была афіцыйная дэлегацыя, немцы прыяжджалі на роварах, мы абышлі ўсіх – ад аблвыканкаму да райвыканкаму, шукалі, хто мог бы на роўні намесьніка старшыні ці старшыні сесьці й паехаць, каб сустрэць гэтаксама, як нас сустрэлі. Такія зьдзіўленыя вочы – за каго вы мяне, маўляў, прымаеце. Вось так”.

(Карэспандэнт: ) “Яны проста прывыклі езьдзіць на іншамарках”.

(Шайко: ) “Ну, вядома, так. А там наадварот, мэр едзе на ровары, усе сустракаюць воплескамі, ледзь ня “Тур дэ франс”.

У Даніі роварамі езьдзяць на працу некалькі міністраў і дэпутатаў, але ў Беларусі такое немагчыма. У Празе 180 кілямэтраў дарожак для ровараў, вакол чэскай сталіцы плянуюць пабудаваць 100-кілямэтровую акружную велатрасу. У Капэнгагене веладарожкі, шырынёй з паўтара-два мэтры, цягнуцца паралельна з аўтадарогамі й ходнікамі. Турысты, якія прыяжджаюць у дацкія гарады, ахвотна выкарыстоўваюць ровары, якія можна бясплатна ўзяць на пракат каля вакзалаў. Падчас турыстычнага сэзону ў Капэнгагене выстаўляюць амаль дзьве з паловай тысячы такіх ровараў. У Вільні можна паехаць сям’ёй на велаэкскурсію з гідам.

Райскае жыцьцё ў Аўстрыі згадвае Мікалай Шайко:

(Шайко: ) “Там уздоўж Дунаю пракладзены ўсе вэлятрасы, вэлядарожкі, праз кожныя 20 кілямэтраў пункт пракату, станцыі абслугоўваньня, месцы адпачынку, маленькія кавярні. У мяне стамілася рука ўсіх увесь час вітаць: там закон, калі сустракаеш раварыста, абавязкова вітаеш рукой. Калі ў гарах едзеш і будзе калёна машын, усе стаяць, пакуль ты не праедзеш на ровары, ніхто ня зрушыць зь месца. Гэта як сьвяты від транспарту, як у Індыі прапускаюць каровы, так там прапускаюць раварыстаў”.

Георгі Грыбаў зь Берасьця падарожнічаў роварам па Эўропе.

(Грыбаў: ) “У такіх краінах, як Аўстрыя, Нямеччына, дарогі вельмі прыстасаваныя, каб рухацца на роварах. У гарадах можна роварам нармальна, хутка заехаць з ускраіны гораду ў цэнтар, напрыклад у такім славутым горадзе, як Вена. Там рух на дарогах мае тры патокі, і яны рэгулююцца: адным патокам едуць па шашы аўтамабілі, другія дарожкі прыстасаваныя, каб пешаходы хадзілі, нікому не замінаючы, а трэцяя лінія – для раварыстаў. Гэты рух рэгулюецца сьвятлафорамі”.

Студэнты-багасловы й іхныя выкладчыкі з Хрысьціянскага цэнтру паехалі вучыцца ў Эўропу і так прызвычаіліся там да ровара, што па вяртаньні ў Менск стварылі вэляклюб і нават выдалі мапу сваіх вэлямаршрутаў. Вернікі й багасловы не ідуць пешкі ў пілігрымкі да сьвятых мясьцін, а сядаюць на ровары. Студэнты Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту арганізавалі клюб для сьвецкіх краязнаўчых вандровак.

У краіне расьце колькасьць вэляаматараў: нехта на двух колах езьдзіць на заняткі альбо на працу, нехта на кірмаш альбо за горад. Але ўмовы для гэтага не такія, як у Эўропе, зазначаюць мае суразмоўцы.

(Шайко: ) “У нас жа гэта дзікасьць, страшная рэч. Трэба ўвесь час глядзець, каб на той сьвет не паехаць. У Берасьці няма ніводнага спэцыяльнага вываду з гораду на ровары, калі мост – ехаць нельга, трэба ісьці пешшу”.

(Грыбаў: ) “Тут усе замінаюць табе і ты ўсім замінаеш”.

(Максім: ) “Калі ехаць роварам з хаты на працу, трэба большую частку як найхутчэй ехаць па вуліцах, а там дыхаецца, вядома, вельмі цяжка. Шмат дзе няма ніякіх вэлясыпэдных дарожак, і раварыстам даводзіцца ехаць альбо па праезнай частцы і адпаведна выкручвацца, каб захаваць сваё жыцьцё сярод аўтамабіляў, альбо езьдзіць па ходніках, і гэта таксама праблема, бо можна некага й зьбіць”.

(Даўгяла: ) “На горніках можна скакаць па борціках. У Менску мала нізкіх бакавінаў і, каб не спыняцца, мы вымушаныя пры тармажэньні ўскокваць на борцік. Можна адразу набіць васьмёрку, калі браць звычайны ровар зь вялікім дыямэтрам вобада. Кола горніка больш устойлівае перад такімі дэфармацыямі”.

У Беларусі, як і ў бальшыні іншых краін былога СССР, улады ставяцца да ровара альбо як да дзіцячай цацкі, альбо як да сродку транспарту ў вёсцы, альбо – яшчэ – як да рэдкага віду спорту. У Менску плянуецца пабудаваць вэлятрэк, але ж ровар – гэта найлепшы сродак руху пры заторах на дарогах і – самае галоўнае – экалягічны від транспарту.

(Даўгяла: ) “Менск – патэнцыйна горад эўрапейскі ў сэнсе стварэньня вэлядарожак на ходніках. У Менску ёсьць даволі шырокія ходнікі, гэта такая архітэктурная асаблівасьць, вуліцы шырокія”.

Кіраўнік Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтру ў Менску Рыгор Даўгяла і яго аднадумцы ня раз спрабавалі пераканаць у гэтым гарадзкія ўлады, але безвынікова. Па горадзе не праехаць, у зялёнай зоне дрэнны сэрвіс, у транспарт з роварам ня ўлезьці, а ў мэтро пускаюць ровар толькі ў разабраным выглядзе. Дый пакінуць яго няма дзе. Пра вэлясыпэдную будучыню ўлады ня дбаюць, кажа Валерыя Кліцунова з грамадзкага аб’яднаньня “Агра– і экатурызм”.

(Кліцунова: ) “Яны вымасьцілі чырвонай пліткай каля ГУМу дарожку як бы, але на Захадзе па такіх дарожках могуць езьдзіць толькі раварысты. Я так падумала: “Можа, і нашыя на будучыню робяць?” У Нямеччыне на дарожкі з чырвонымі цаглінамі нельга наступаць, бо там раварысты езьдзяць. Дык я думаю, што гэта нашыя ўжо такія прагрэсіўныя сталі”.

Але дзе там: ходнікі пракладаюць, не зважаючы на патрэбы раварыстаў. У менскіх праектных установах няма заказаў на вэлядарожкі. Адзін зь менскіх архітэктараў Юры Камісараў адзначае, што праектаваньне дарог у нас ўлічвае толькі паток аўтатранспарту.

(Камісараў: ) “Проста няма ў нас умоваў, каб усе селі на ровары”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж яны будуць...”

(Камісараў: ) “Вось калі падаражэе паліва, тады сапраўды ўсе задумаюцца”.

Купіць ровар – цяпер не праблема. На менскіх кірмашох у пік сэзону прадаюць каля 10 імпартаваных горнікаў за дзень, яны папулярныя ў моладзі. А вось у краме менскага мотавэлязаводу бяруць альбо складныя для дзяцей, альбо звычайныя дарожныя для вёскі. Завод працуе ў палоне ранейшых веластэрэатыпаў.

(Прадавачка: ) “На жаль, няма ў заводу грошай, завод на такой мелі, што ня ведаем, як выпаўзе”.

А пісалі ж працоўныя заводу менскаму мэру Міхаілу Паўлаву, каб той паспрыяў стварэньню вэлясыпэдных дарожак у Менску. Толькі ўсё на паперы й засталося.

На фотаздымку: бізнэсовец едзе на працу на ровары. Вена, Аўстрыя.
XS
SM
MD
LG