Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым “Дзеяслове” — невядомы Быкаў, невядомы Багдановіч, невядомая Беларусь


Валянціна Аксак, Менск Выйшаў з друку чарговы, адзінаццаты нумар незалежнага літаратурнага часопісу “Дзеяслоў”. Пра некаторыя яго публікацыі распавядае нашая карэспандэнтка.

“Тады ў краіне панаваў тэрор. Шмат каго вешалі, ссылалі, расстрэльвалі. Бальшыню саджалі ў вязьніцы. Каго на восем гадоў, каго на дзесяць ці дваццаць пяць. Тых, хто скардзіўся, плакаў ці ад болю крычаў на допытах, саджалі назаўжды”. Гэтак пачынаецца “Чорная сіла” — новая невядомая прыпавесьць Васіля Быкава, якою адкрываецца нумар. Тут жа надрукаваны яшчэ адзін невядомы раней быкаўскі твор — памфлет “Абы ціха”. Абодва творы напісаныя пісьменьнікам незадоўга да сьмерці.

Сёлета часопіс друкуе Васіля Быкава ўжо пяць нумароў запар. А ці ёсьць яшчэ быкаўскія таямніцы ў рэдакцыйным партфэлі? Пра гэта я спытала ў галоўнага рэдактара “Дзеяслова” Барыса Пятровіча.

(Пятровіч: ) “Ёсьць вялікая і багатая эпісталярная спадчына, ёсьць запісы, якія трэба расчытваць, ёсьць накіды сюжэтаў твораў будучых… Кожнае слова Быкава цікавае. Так што мы далей будзем друкаваць яго спадчыну, але мастацкіх твораў хутчэй за ўсё ўжо ня будзе”.

Гэты нумар “Дзеяслова” меўся адкрыць і адну даўнюю таямніцу беларускае літаратуры — надрукаваць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча. Чаму гэта пакуль ня зроблена ды пра іншыя невядомыя старонкі паэтавага жыцьця распавядае чытачам былая супрацоўніца Літаратурнага музэю Багдановіча Паліна Качаткова. А ў цэнтры рамана “Круг” Алеся Пашкевіча таямніцы жыцьця другога трагічнага беларускага паэта — Уладзімера Дубоўкі.

Нечаканы погляд на сярэднявечную гісторыю Беларусі чытачы знойдуць у публікацыі “Спрэчкі за літоўска-беларускую айчыну”. Яе аўтар — амэрыканскі гісторык Тыматы Снайдэр. Тых жа, хто шукае адказаў на сёньняшнія пытаньні жыцьця краіны, зацікавяць эсэ філёзафа Валянціна Акудовіча.

Вялікую насычанасьць нумару галоўны рэдактар “Дзеяслова” тлумачыць трывожнаю сытуацыяй, якая пануе цяпер вакол недзяржаўных выданьняў.

(Пятровіч: ) “Мы кожны нумар робім як апошні, таму што нейкая такая няпэўнасьць ёсьць усё-ткі: будзем мы далей ці ня будзем…”

Тым ня менш, рэдакцыя дамаглася ўнясеньня “Дзеяслова” ў падпісны каталёг і абвясьціла падпіску на наступны год.
XS
SM
MD
LG