Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэмакратычны рух разбураюць сакрэтныя агенты КГБ”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Амаль ва ўсіх лістах, якія прыносіць нам пошта ў гэтыя кастрычніцкія дні, слухачы Свабоды спрабуюць асэнсаваць вынікі нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму. Чаму апазыцыя ня здолела супрацьстаяць масавым фальшаваньням і колькі часу спатрэбіцца, каб беларускае грамадзтва ўсьвядоміла неабходнасьць справядлівых выбараў? Што чакае Беларусь, калі аўтарытарны рэжым захаваецца ў дзяржаве не на некалькі год, а на ўсе наступныя дзесяцігодзьдзі?

Пачну зь ліста ад Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну:

“Што цяпер казаць аб падтасоўках: Лукашэнка, магчыма, і напраўду перамог. Прынамсі, у нашай вёсцы Няровы ён перамог на ўсе 99%. А колькі такіх вёсак па ўсёй Беларусі! Ды і ў розных валожынах, стоўпцах ды дзяржынсках сытуацыя ня вельмі адрозьніваецца ад нашай. Прычына тут, на маю думку, у палітычнай неадукаванасьці, абмежаванасьці людзей, у вялікім эгаізьме, а таксама ў палахлівасьці, крывадушнасьці — словам, ва ўсіх тых адмоўных якасьцях, на якіх і згуляла ўлада.

“Калі адзін, два, дзесяць, сто чалавек пакутуюць — гэта ня мае значэньня, ліха зь імі, абы я быў сыты ды задаволены”, — вось сутнасьць афіцыйнай прапаганды ўлады. Такая ідэалёгія — гэта адкат у нядаўняе мінулае, кепскае мінулае. Вось і я пры кіраваньні Лукашэнкі дзесяць год спадзяваўся на тое, што мяне прызнаюць незаконна пацярпелым, ахвярай палітычных рэпрэсіяў. Але ўсё марна. Дай Бог, каб усё выправілася. Але пры цяперашняй сытуацыі гэта наўрад ці адбудзецца”.

Зусім іншы настрой у нашага даўняга слухача і аўтара Мікалая Воліна зь Менску. На падставе вынікаў рэфэрэндуму спадар Волін робіць наступныя высновы:

“Цяпер ня толькі Захад, але і Расея пачне больш жорстка ставіцца да рэжыму Лукашэнкі. Бо непрыкрытая фальсыфікацыя выбараў ды рэфэрэндуму прыціснула Пуціна да сьцяны: нават маўклівае прызнаньне расейскім прэзыдэнтам гэтага рэфэрэндуму пацьвердзіць абвінавачаньні на адрас Пуціна ў тым, што ён — супраць дэмакратыі. Гэтая фальсыфікацыя пацьвердзіла сілу апазыцыі. На сумленных выбарах яна перамагла б, народ яе падтрымаў бы. І адначасова стала відаць, наколькі памылковымі былі сьцьвярджэньні розных экспэртаў, якім часта дае слова Свабода (Фядуты, Падгола, Класкоўскага, Карбалевіча, Старыкевіча), нібы апазыцыя слабая і народ яе не падтрымлівае. Апытаньні ва ўмовах страху перад магчымым гвалтам ня могуць служыць аб’ектыўным паказьнікам ступені падтрымкі апазыцыі з боку народу. Але, вядома, застаецца галоўнае пытаньне: як народ Беларусі можа вызваліцца ад дыктатуры?”

Цікава, спадар Волін, на чым, апроч вашых інтуітыўных адчуваньняў, грунтуюцца такія аптымістычныя высновы пра сілу апазыцыі й масавую падтрымку яе з боку большасьці насельніцтва? Ну, добра, сацыёлягам вы не давяраеце (нават незалежным) — некаторыя людзі баяцца сумленна адказваць на іхныя пытаньні нават на ўмовах ананімнасьці. Але дзе тады аб’ектыўны крытэр? Можа, ім служыць колькасьць людзей, якія выйшлі на вуліцу пратэставаць супраць афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму?

Вызначыць рэальныя грамадзкія настроі ў аўтарытарнай дзяржаве, сапраўды, няпростая задача. Больш-менш рэальныя лічбы, відавочна, падаюць незалежныя сацыялягічныя службы. У гэтым сэнсе вынікі, якія апублікаваў аўтарытэтны Інстытут Гэлапа — адзін зь нямногіх арыенціраў, якому давяраюць на Захадзе. І гэтыя вынікі ня сьведчаць пра тое, што вы, спадар Волін, маеце рацыю.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ў сваім лісьце разважае пра тое, якімі могуць быць наступствы нядаўна прынятага ўладамі Злучаных Штатаў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”:

“Ужо 15 год я ўдзельнічаю ў дэмакратычным руху, і, на мой погляд, някепска ведаю крыніцы цяжкасьцяў дэмакратыі. Галоўныя тут дзьве прычыны. Першая — гэта сэксоты, у вялікай колькасьці ўкаранёныя ў дэмакратычны рух. Яны, як іржа, разбураюць дэмакратычны рух знутры, кіруючыся падказкамі КГБ. Другая прычына — нізкая культура грамадзтва на ўсіх узроўнях. Напрыклад, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў я агітаваў за Карпенку, але большасьць дэмакратаў Гомелю кінулася агітаваць за Пазьняка. Шушкевіча і Пазьняка абвінавачваю ў тым, што яны фактычна здрадзілі народу Беларусі, бо палітыкі такога ўзроўню павінны былі б кіравацца не асабістымі амбіцыямі, а зыходзіць з рэальных магчымасьцяў, улічваць настроі ўсяго грамадзтва.

Больш як год я быў сябрам АГП, удзельнічаў у 6-м зьезьдзе гэтай партыі. Агульная выснова: ні Лябедзька, ні ягоныя памочнікі ня вельмі зацікаўленыя ў тым, каб заваёўваць давер беларусаў, палепшыць партыйную працу. Прэзыдэнцкія выбары 2001 году патыхаюць карупцыяй сярод дэмакратаў, бо частка грошай дзесьці зьнікла. І ніхто ня ведае — куды. Няцяжка прадбачыць, што, калі ў такіх умовах на Беларусь прыйдуць вялікія даляры, то зьнікненьне сапраўдных палітыкаў-дэмакратаў стане звычайнай справай, бо да сэксотаў далучацца яшчэ і мафіёзі, якіх разьвялося дужа шмат.

Наступствы для дэмакратыі будуць вельмі цяжкімі, але і валадарам Беларусі ад гэтага будзе ня вельмі лёгка. Бо мафіёзі змогуць арганізаваць мітынгі, шэсьці ды пікеты не такія бяззубыя, як цяпер. І другім прэзыдэнтам Беларусі можа стаць якраз які-небудзь мафіёзі. Так што нам ня трэба бескантрольных грошай. Лепш бы Захад уклаў гэтыя рэсурсы ў сродкі масавай інфармацыі. Асабліва былі б дарэчы тэлецэнтры ў сумежных зь Беларусьсю раёнах Літвы, Польшчы, Украіны ды Расеі, якія б праўдзіва паказвалі жыцьцё ў Беларусі”.

Вельмі сур’ёзныя абвінавачаньні, выкладзеныя ў вашым, спадар Жэрдзеў, лісьце, не падмацаваныя доказамі й фактамі. Менавіта ў такой форме падобныя ж абвінавачаньні ў раскраданьні заходняй дапамогі часта гучалі ў афіцыйных мэдыях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Нярэдка паўтараюцца яны і цяпер. Відавочна, робіцца гэта найперш дзеля таго, каб дыскрэдытаваць апазыцыю ў вачах людзей. Але калі пры гэтым не называюцца канкрэтныя імёны, лічбы, сумы — усё гэта выглядае непераканаўчай і бяздоказнай прапагандай.

Гэта ж датычыць і так званых “сакрэтных агентаў” КГБ у шэрагах дэмакратаў. Вядома, нельга выключаць, што такія ёсьць. Але толькі іхнай дзейнасьцю апраўдваць усе няўдачы апазыцыі — на маю думку, залішне спрошчаны і несправядлівы падыход, які дужа нагадвае пошук ворагаў там, дзе трэба шукаць уласныя пралікі й памылкі.

Ліст ад Алега Безбародава зь Менску. Слухач піша:

“Як бы зласьліва ні агрызалася апазыцыя, і для яе, і для вас, амэрыканцаў, відавочна: Лукашэнка перамог. Ну, магчыма, там і не было 80% падтрымкі. Але ж нават вашыя так званыя незалежныя сацыёлягі з Інстытуту Гэлапа падаюць лічбу амаль 50%. Хіба гэта не перамога? Хіба які-небудзь Лябедзька або Статкевіч могуць разьлічваць на такое? Так што няма чаго Захаду сунуцца ў наш беларускі агарод. Лепш бы зьмірыліся зь відавочным выбарам беларускага народу. Ня могуць усе народы маршыраваць у нагу. Ну, вунь паспрабавалі амэрыканцы вучыць дэмакратыі кубінцаў. Што атрымалася? Кубінскі народ яшчэ больш згуртаваўся вакол Фідэля. І пакуль народ верыць яму — Фідэль непатапляльны. А кубінскі народ жыве сваім розумам, ні ад каго не залежыць, ні перад кім не здымае шапкі й будуе сваю незалежную і заможную дзяржаву”.

“Незалежную і заможную” дзяржаву Фідэль Кастра будуе на Кубе ўжо 45 год, спадар Безбародаў. Будаўніцтва суправаджаецца ўвядзеньнем карткавай сыстэмы разьмеркаваньня сярод грамадзянаў сацыялістычнай Кубы мяса, масла, малака, мыла, кашуль і майткоў. Здольны папуліст і таленавіты прамоўца, Фідэль Кастра па-ранейшаму выйграе ўсе выбары і рэфэрэндумы. Але якія там сапраўдныя лічбы ягонай падтрымкі насельніцтвам, нікому невядома: так званая “сацыялістычная дэмакратыя” не мае патрэбы ў незалежным назіраньні й замежным кантролі.

Што да вашага, спадар Безбародаў, сьцьвярджэньня пра перамогу Лукашэнкі на рэфэрэндуме. Незалежныя сацыёлягі сапраўды называюць досыць высокую лічбу падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Але яна не перавышае 50% усіх выбарцаў. А менавіта падтрымка большасьці ўсіх унесеных у сьпісы грамадзянаў патрэбна ініцыятару канстытуцыйнага рэфэрэндуму, каб лічыцца законным пераможцам. Аляксандра Лукашэнку, сапраўды, падтрымлівае значная частка насельніцтва. Але ці ёсьць гэтая частка насельніцтва большасьцю? Адказаць на гэта можна толькі з дапамогай сумленнага падліку галасоў. А такога падліку ў Беларусі 17 кастрычніка не было.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віталь Гусеў з Магілёва, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Віктар Карлоўскі зь вёскі Любань Буда-Кашалёўскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG