Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінен быць адзін доктар на ўсю сям’ю?


Іна Студзінская, Менск У Менску да канца 2005 году павінен зьявіцца Цэнтар сямейнай мэдыцыны. Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі лічаць, што гэта вельмі пэрспэктыўная мадэль, за якой пойдзе астатняя частка паліклінік. А да 2006 году ўсе сельскія амбуляторыі краіны павінны працаваць па тэхналёгіі агульнай лекарскай практыкі. Што думаюць пра гэта лекары і пацыенты?

Паводле словаў начальніка Ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Цыбіна, лекар агульнай практыкі ў першую чаргу эканоміць дзяржаўныя сродкі. “З пункту гледжаньня эканомікі гэта найбольш выгадная фігура: ён утрымлівае на сваіх плячох вялікі груз, але не патрабуе за гэта тых вялікіх сродкаў, якія вымагаюць тыя ж самыя паліклінікі і стацыянары”, заявіў Аляксандар Цыбін. Маўляў, на сёньняшні дзень толькі 5-10% пацыентаў маюць патрэбу ў дапамозе вузкіх спэцыялістаў. А суадносіны лекараў агульнай практыкі і вузкіх спэцыялістаў складаюць 20 і 80% адпаведна. І наагул, увядзеньне інстытуту сямейных лекараў будзе сьведчыць пра тое, што ў Беларусі выконваюцца стандарты эўрапейскай мэдыцыны, лічыць чыноўнік Міністэрства аховы здароўя.

А што думаюць пацыенты?

(Голас: ) “Я думаю, што гэтая ідэя мае сэнс. Таму што сусьветная практыка гэткіх стасункаў паміж дактарамі й пацыентамі існуе. Але, мне здаецца, улічваючы нашу сытуацыю, гэта вымушае дактароў усё сур’ёзна абмеркаваць і выслухаць усе прапановы на гэты конт”.

А вось лекары прытрымліваюцца іншай думкі – і не таму, што працы больш зьявіцца ці дадатковую адукацыю атрымліваць давядзецца. Меркаваньне пэдыятра Ганны Асмалоўскай:

(Асмалоўская: ) “Асабіста я заканчвала так званы лячэбны факультэт, я – так званы “ўнівэрсальны лекар”. Але апошнія гады мэдычнага ўнівэрсытэту й першыя гады сваёй прафэсійнай дзейнасьці я мэтанакіравана займалася пэдыятрыяй і зьбіраюся ёю займацца. Для мяне асаблівых намаганьняў ня трэба. Па-першае, што тычыцца генэтычных захворваньняў, сямейных, спадчыннасьці, гэта мы і без таго высьвятляем, ведаем, чаго ад дзіцяці чакаць, да чаго ён схільны. Але я асабіста лічу, што дзяцей павінен лячыць пэдыятар, які мае досьвед, які ўсё жыцьцё гэтым займаецца. Іншая справа, што пэдыятры могуць лячыць дарослых, праблем з гэтым не ўзьнікае. Але калі тэрапэўт усё жыцьцё займаецца пажылымі, людзьмі сталага ўзросту, яму ўжо складаней арыентавацца ў дзіцячым арганізьме”.

Улічваючы тое, што і ўчастковыя пэдыятры, і ўчастковыя тэрапэўты ў паліклініках надоўга не затрымліваюцца, і таму іх заўсёды не хапае, то, шчыра кажучы, ня верыцца, што адзін і той жа сямейны лекар будзе назіраць пацыента ад нараджэньня да сьмерці ці хаця б цягам некалькіх гадоў. На думку лекара-пэдыятра Ганны Асмалоўскай, у чалавека павінен быць выбар.

(Асмалоўская: ) “Я лічу, што людзі павінны самі выбіраць, у каго лячыцца. Калі яны хочуць лячыцца ў сямейнага доктара, то калі ласка. Я не хачу сказаць, што ён будзе менш прафэсійна здольным, не. Прынамсі, калі мне прапануюць такога кшталту рэчы, то я згодная лячыць дзяцей, але за дарослых я не хачу брацца. Хаця дарослых пэдыятры значна больш пасьпяхова вылечваюць, чым тэрапэўты”.

Такім чынам, для прафэсійнага лекара няма праблем, каго лячыць: дарослых ці дзяцей, усю сям’ю. Але калі зноў дзяржава хоча зэканоміць – і на заробках лекараў, і на якасьці мэдычнай дапамогі – то сапраўды варта прыслухацца перш за ўсё да адмыслоўцаў.
XS
SM
MD
LG