Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры віцебскай апазыцыянэркі злодзеяў цікавілі ня грошы ці каштоўныя рэчы, а кампутар


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд беларускага друку

“Віцебскі кур’ер” вяртаецца да падзеі, якая адбылася днямі зь лідэрам мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аленай Залескай. Паводле выданьня, яе кватэру абрабавалі дзіўныя злодзеі. У кватэры апазыцыянэркі яны шукалі ня грошы ці каштоўныя рэчы альбо золата, а кіраваліся іншымі мэтамі. У прыватнасьці, злодзеі скралі кампутар, у якім утрымліваліся партыйныя зьвесткі, а таксама інфармацыя пра выбарчую кампанію. Аднак, паводле спадарыні Залескай, “крамолы” там ня знойдуць, паколькі АГП не займалася незаконнай дзейнасьцю. А вось чым, насамрэч, займаліся віцебскія дэмакраты – дык гэта актыўным зборам зьвестак пра парушэньні заканадаўства падчас мінулых выбараў і рэфэрэндуму. Выяўлена шмат асобаў, якія заплямілі сябе ўдзелам у фальсыфікацыях і якія, паводле рэгіянальнай лідэркі АГП, мусяць паўстаць перад судом. Магчыма, што якраз гэтая інфармацыя, як зазначае “Віцебскі кур’ер”, і ўдавала найпершую цікавасьць для незвычайных злодзеяў.

Тэма рабаўніцтва атрымала розгалас і на старонках сьвежага нумару газэты “Вячэрні Бабруйск”. Як зазначае выданьне, у гэтым горадзе нядаўна таксама мела месца злачынства з удзелам дзіўных злодзеяў. Але ў адрозьненьне ад віцебскіх злачынцаў, бабруйскіх, насамрэч, цікавілі грошы і каштоўныя рэчы. Дзіўнае, аднак, у тым, што яны, паводле вэрсіі газэты, памыліліся адрасам і патрапілі ў іншую кватэру, дзе былі гаспадары. І таму бабруйскім злачынцам не пашанцавала. Ва ўсялякім разе, на меркаваныя два мільёны рублёў, паводле “Вячэрняга Бабруйску”, яны не разбагацелі.

Пра грошы й каштоўныя рэчы паведамляе ў сёньняшнім нумары і “Камсамольская праўда ў Беларусі”. Аднак, у адрозьненьне ад папярэдніх выданьняў, “Камсамолка” інфармуе сваіх чытачоў не пра мінулыя падзеі крымінальнага зьместу, а пра будучы аўкцыён, які адбудзецца ў лістападзе ў Менску. Чакаецца, што апроч ювэлірных вырабаў на адным з лотаў аўкцыёна будзе выстаўлена карціна Юдаля Пэна. Праца гэтага вядомага мастака, які быў настаўнікам знакамітага майстра Марка Шагала, першапачаткова ацэньваецца ў 2,5 – 3 тысячы даляраў. На думку экспэртаў “Камсамольскай праўды у Беларусі”, партрэт працы Пэна, які дагэтуль знаходзіўся ў прыватнай калекцыі, – твор высокага мастацтва, і мог бы ўзбагаціць калекцыю Нацыянальнага мастацкага музэя. Пытаньне, аднак, у тым, ці пагодзіцца музэй удзельнічаць у аўкцыёне? Тым больш што, паводле выданьня, аніякіх фінансавых прывілеяў для гэтай установы арганізатары аўкцыёну рабіць не зьбіраюцца. Карціну мяркуецца прадаць таму, хто заплоціць больш грошай. Як стала вядома “Камсамолцы”, менскі аўкцыён ужо зацікавіў калекцыянэраў Расеі, Украіны, краінаў далёкага замежжа.
XS
SM
MD
LG