Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Жураўкова на судзе нэрвуецца


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі судзяць былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову і яе саўдзельнікаў, якіх абвінавачваюць у крадзяжы некалькіх мільёнаў даляраў. Як праходзіць гэты працэс і чаму пра яго маўчаць дзяржаўныя мэдыі?

У Вярхоўным судзе Беларусі пачалі судзіць былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта Галіну Жураўкову і яшчэ трох былых кіраўнікоў дзяржаўнай фірмы “Белая Русь”. Нагадаю, Жураўкову з саўдзельнікамі арыштавалі напачатку года паводле абвінавачваньняў у крадзяжы некалькіх мільёнаў даляраў. Былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта 4 месяцы ўтрымлівалі ў ізалятары КГБ, а потым да суду выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Сьцьвярджаюць, што яна вярнула ў бюджэт больш мільёна даляраў і таму выйшла волю. Але калі суд прызнае яе вінаватай, то Галіна Жураўкова сядзе ў турму на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

Між тым верагоднасьць такога выніку – пад пытаньнем, лічаць назіральнікі. Паводле незалежных крыніцаў, працэс суправаджае заслона паўсакрэтнасьці. Журналіст Аляксандр Барнатовіч, які пабываў у Вярхоўным судзе, распавядае пра некаторыя асаблівасьці фармальна адкрытага працэсу.

(Барнатовіч: ) “Там не паведамляюць ў аб’яве пра справы, якія разглядаюць, што ідзе працэс Жураўковай. І камэнтар атрымаць нерэальна. Я толькі падышоў да пракурора з пытаньнем, ён ад мяне натуральна зьбег. Ціхая абстаноўка, але вельмі напружаная”.

Аляксандр Бернатовіч лічыць, што прычына ў вялікім ўплыве, які мела, а магчыма і захавала Галіна Жураўкова. Кіраўніцай справамі прэзыдэнта яе прызначыў асабіста Аляксандр Лукашэнка ў 2001 годзе. Жураўкова, у мінулым – прэзыдэнт канцэрна “Беларускія мастацкія промыслы”, за кароткі час здолела зрабіць прыбытковым бізнэс, якім займаліся яе падначаленыя.

Не забываліся дзяржаўныя камэрсанты й пра свае ўласныя кішэні. Асабліва адзначыліся тыя, хто працаваў у дзяржаўнай фірме “Белая Русь”, якая амаль манапалізавала ў Беларусі рынак цукру і тытуню, актыўна займалася і гандлем нафтапрадуктамі.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, кожная тона цукру ці нафты былі абкладзеныя дадатковым незаконным падаткам, ад якога нібыта 50% даставалася Жураўковай, астатняе разьмяркоўвалася сярод іншых. Менавіта гэтыя паказаньні зараз гучаць у судзе і, паводле Аляксандра Бернатовіча, прымушаюць нэрвавацца Галіну Жураўкову.

(Бернатовіч: ) “Як пачынаецца размова пра яе, колькі вывазілі грошай, як, то яна нэрвуецца, трасе галавой, глядзіць абурана. Спачатку выказвала розныя заўвагі, але судзьдзя зрабілі ёй заўвагу, і яна замаўчала. Але чырванее, калі яе тычыцца, калі казалі, што наяўныя грошы ёй адвозілі”.

Вядзе працэс судзьдзя Ірына Ступень. Судзьдзёй Вярхоўнага суду яна працуе нядаўна, але ў прэсавай службе суду кажуць, што ў яе дастатковы досьвед ў разьбіральніцтве крымінальных справаў.
XS
SM
MD
LG