Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск супрацоўнічаў з рэжымам Садама Хусэйна цягам трох гадоў


Алеся Сёмуха, Вашынгтон На сайце ЦРУ была апублікаваная справаздача Долфэра, спэцыяльнага дарадцы дырэктара Цэнтральнай выведкі ЗША. У ёй сьцвярджаецца, што паводле захопленых у Іраку дакумэнтаў і паказаньняў былых ірацкіх афіцыйных асобаў, што мелі доступ да сакрэтнай інфармацыі, Беларусь вяла вайскова-гандлёвае супрацоўніцтва з рэжымам Садама Хусэйна з 2000 па 2003 гады. За гэты час ірацкая дэлегацыя наведала Беларусь, каб дамовіцца пра куплю сыстэмаў проціпаветранай абароны й тэхналёгіяў вядзеньня электроннай вайны. Беларускія экспэрты наведвалі ірацкія аб’екты проціпаветранай абароны. Беларускія фірмы заключылі мноства кантрактаў па продажы Багдаду абсталяваньня па ракетным навядзеньні і кантролі.

Справаздача Долфэра на сайце ЦРУ падае наступную храналёгію падзеяў:

2000-2001 гады

Паводле афіцыйнай асобы з кампаніі Аль-Ліндзі, дзьве ірацкія дэлегацыі з Камісіі па вайсковай індустрыялізацыі наведалі Менск. Падчас візыту дэлегацыі сканцэнтраваліся на супрацоўніцтве ў галіне проціпаветранай абароны – у прыватнасьці, на куплі ўдасканаленай мадэлі расейскага радара П-18, які выкарыстоўвае лічбавую электроніку й складаныя супрацьблёкавыя функцыі. У выніку паездкі Беларусь, як мяркуецца, паставіла Іраку новую мадэль П-18 і запчасткі. Таксама падчас першага візыту быў падпісаны кантракт пра трэніроўку ірацкіх спэцыялістаў на сыстэме проціпаветранай абароны S-300.

Старэйшая афіцыйная асоба Камісіі па вайсковай прамысловасьці паведаміла пра тое, што наўпроставыя палёты паміж Багдадам і Менскам былі ўсталяваныя летам 2000 году. Беларусь утварыла сумесную з Багдадам авіялінію, на якой працавалі чатыры Боінгі-747, якія перавозілі незаконныя тавары, экспэртаў і афіцыйныя асобы непасрэдна ў Багдад пад прыкрыцьцём гуманітарных місіяў.

2002: Кантракт на пастаўку Гірас і сыстэмаў навядзеньня.

Дакумэнты паказваюць, што прадстаўнік беларускай кампаніі заключыў дамову на пастаўку сыстэмаў ракетнага навядзеньня й кантролю для дзяржаўнай кампаніі Ірака Аль-Карамах. Фірма "ЭлектрыкГазКом" падпісала кантракт № 209/2002 на суму $5.053.971. Іншы кантракт "ЭлектрыкГазКому" быў падпісаны на суму $20.771.700 на пастаўку лябараторнага і экспэрымэнтальнага абсталяваньня. Далейшыя дакумэнты гавораць пра выдзяленьне ірацкім бокам сродкаў па кантрактах, а таксама пра дастаўку і аплату – праз Інфабанк і сырыйскага прадстаўніка. На дакумэнтах стаяць подпісы кіраўнікоў Бюро гандлю, кампаніі Аль-Карамах і міністэрскага офісу.

2002-2003: Беларускія экспэрты пры супрацоўніцтве Расеі памагаюць у абслузе й рамонце ірацкага ракетнага й гарматнага абсталяваньня.

Гэтая праца была завершана ў лютым 2003. Беларускія экспэрты праводзілі працу ў прынамсі чатырох вайсковых батарэях 145 ірацкай брыгады. Паводле міжведамаснага ліста, беларускія экспэрты пакінулі Ірак наземным транспартам 24 лютага 2003 году на загад расейскага абмасадара пакінуць Ірак да 26 лютага таго ж году.

На фота: Садам Хусэйн прымае ў Багдадзе Леаніда Козіка. 2002 год.

Гл. таксама:

• За вайсковую дапамогу Іраку беларускія чыноўнікі атрымлівалі долю ад продажу нафты • Роля Беларусі ў пастаўках вайсковага абсталяваньня й тэхналёгіяў у Ірак – вынятак з тэксту справаздачы ЦРУ • Справаздачу ЦРУ камэнтуюць апазыцыйныя палітыкі • У.Замяталін і П.Рагажэўскі пракамэнтавалі справазадчу ЦРУ наконт продажу беларускай зброі ў Ірак • Экс-міністар абароны Павал Казлоўскі не выключае, што Беларусь прадавала запчасткі баявой тэхнікі Іраку
XS
SM
MD
LG