Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 гадоў парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага ў Таронта


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 19 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Вольга Іпатава, Марыя Ганько, Натальля Навіцкая, Барыс Кірка.

На пачатку кастрычніка споўнілася 50 гадоў старэйшай беларускай праваслаўнай парафіі ў Канадзе Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. Яна была закладзена ў 1954 годзе паваеннай беларускай эміграцыяй, як асяродак Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на чужыне.

З нагоды юбілею ў Таронта адбылося ўрачыстае пасяджэньне, у якім брала ўдзел старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, вернікі са старэйшай і новай эміграцыі, а таксама госьця зь Беларусі Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) “Гэтую парафію заклалі тыя, хто закладаў Згуртаваньне беларусаў Канады. Яны разумелі, што значыць духоўнае апірышча для народа і для нацыянальнай ідэі. Усе лічаць, што нацыянальная царква утрымала Згуртаваньне беларусаў Канады. Яны купілі будынак і правялі першае набажэнства. І гэта першае набажэнства па ўспамінах прысутных было духоўным знакам, які пасьля вызначыў іх жыцьцё на 50 гадоў.

Яны рабілі царкву з любоўю. Там узгадвалі, як яны ўсё гэта рабілі, самі рабілі іканастас, ручнікі, якія прывезьлі з Бацькаўшчыны, вышыванкі, усім гэтым аздаблялі царкву – гэты асяродак духоўнасьці.

Было вельмі урачыста, спакойна, сьветла, чыста і вельмі радушна. Як бы Божы Дух вітаў над усімі, хто там сабраўся”.

Пра сваю царкву беларускія паваенныя эмігранты пачалі клапаціцца адразу, як толькі напрыканцы 40-х гадоў прыехалі ў Канаду.

Пра тыя часы ўспамінае Натальля Навіцкая, яна жыве ў Канадзе з 1948 году. Сама яна напачатку працавала ў Атаве і там пазнаёмілася са сваім будучым мужам Валяр’янам Навіцкім, які з Таронта прыяжджаў у Атаву шукаць беларусаў. У 1950 годзе яны ўзялі шлюб і Натальля разам з мужам далучылася да справы арганізацыі беларускай царквы.

(Навіцкая: ) “Я ў беларускай справе найбольш царквою займалася. Пачаткі рабілі, пра царкву стараліся. Мой муж страшэнна хацеў царкву, ён казаў, што грамада без царквы не гадзіцца нікуды.

Кастусь Акула тут першы быў і ён арганізаваў некалькі чалавек. Кастусь Акула, мой муж і іншыя стараліся, каб была царква.

Быў тут сьвятар беларус – айцец Мігай. Мы стараліся, служылі па хатах, арандавалі ў чужых парафіях.

Вы не зразумееце нават, як было цяжка. Людзей было зусім мала. Сьвятар служыў, мы стараліся, каб ён перайшоў у аўтакефалію, але ён не хацеў”.

Як вядома, гіерархі Беларускай аўтакефальнай царквы на чужыне адышлі да расейскай зарубежнай царквы, а частка эмігрантаў пайшла пад юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату. І ў Таронта на той час таксама існавала беларуская царква пад Канстантынопальскім патрыярхатам, яна існуе і да сёньня.

Так што адчыніць парафію менавіта Беларускай аўтакефальнай царквы на той час было зусім не проста. Гэтая справа ажыцьцявілася дзякуючы высілкам нацыянальна сьвядомай часткі эмігрантаў, якія хацелі мець сваю незалежную царкву.

Першая богаслужба ў царкве Сьв. Кірылы Тураўскага адбылася 2 кастрычніка 1954 году ў купленым на сабраныя сродкі беларускім доме на вул. Дандас 1000. Адпраўляў службу малады сьвятар – айцец Міхась Мацукевіч, які ў будучыні стаў першагіерархам Беларускай аўтакефальнай царквы на эміграцыі і да апошніх сваіх дзён служыў у гэтай царкве.

Я запрасіла да размовы Марыю Ганько, удаву вядомага беларускага дзеяча ў Канадзе Міколы Ганько. Спадарства Ганькоў праз усё сваё жыцьцё на чужыне актыўна займаліся беларускімі грамадзкім і царкоўнымі справамі ў парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага. Яны там пазнаёміліся і бралі шлюб у гэтай царкве.

(Сурмач: ) “Спадарыня Марыя, у вашу царкву Сьв. Кірылы Тураўскага шмат вернікаў тады прыходзіла?”

(Ганько: ) “У той час мясцовых можа 30 сем''яў было, але прыяжджалі з Сардбуры, зь Лёндану, Гамільтону, Ашавы, усяго каля сотні сям''яў. На большыя сьвяты – Вялікдзень, Каляды прыяжджалі усе, на Дзень герояў, на 25 Сакавіка.

У нас было вялікае шчасьце, што мы мелі вельмі добрага сьвятара – уладыку Мікалая, ён умеў з людзьмі ладзіць”.

Мабыць таму і здараліся выпадкі, што некаторыя беларусы пераходзілі з іншых цэркваў да айца Мікалая.

Барыс Кірка перайшоў у гэтую парафію ў 1962 годзе.

(Кірка: ) “Да таго часу я быў у царкве пад грэцкай юрысдыкцыяй. Але ў 1962 годзе, калі памёр мой бацька і за дзень да сьмерці ён прасіў айца Мацукевіча, каб ён яго хаваў.

Калі бацька памёр, мы мелі у той царкве пасяджэньне і я сказаў, што не прыйду з-за гэтага. Яны запыталіся, хто будзе хаваць і я сказаў, што будзе хаваць айцец Мацукевіч, бо так бацька хацеў, гэта была яго апошняя воля”.

Пасьля таго спадар Барыс ужо 42 год ходзіць маліцца ў царкву Сьв. Кірылы Тураўскага.

У 1959 годзе, калі парафія павялічылася, было вырашана набыць новы будынак. Тады і быў куплены дом на Санта Клэр, які цяпер добра вядомы не толькі беларускім эмігрантам у Канадзе. Сёньня – гэта цэнтар беларускага жыцьця ў Таронта.

Ізноў я зьвяртаюся да Марыі Ганько. Гэты новы будынак патрабаваў большых расходаў на ўтрыманьне, ды і цяпер яго трэба неяк утрымліваць. Як здабываліся сродкі?

(Ганько: ) “Гэта было такое змаганьне, было цяжка працаваць, зьбіраць складкі, езьдзіць да людзей, са сьвятой вадою Уладыка езьдзіў. Пісалі да людзей просьбы і людзі адгукаліся. Я – скарбнік ад 1973. году. Мы мелі добры падыход да людзей, усім дзякую за кожны цэнт. У нас было б лепш, але мы шмат дапамагалі Беларусі, у чарнобыльскіх праблемах, вельмі шмат дапамагалі, пераслалі шмат пасылак, многа лекаў.

Цяпер трошкі цяжэй, старой эміграцыі вельмі мала засталося, але з маладымі таксама можна працаваць.

Маладая эміграцыя прыяжджае, адзінкі ёсьць сьведамыя, яны цягнуць і мы цягнем”.

(Сурмач: ) “Трэба было неяк жыць і Уладыку Мікалаю?”

(Ганько: ) “Уладыка працаваў напачатку, а калі яго высьвецілі ў эпіскапы, то парафіяльная рада плаціла яму, мізэрная была плата, але яму хапала, ён быў вельмі сьціплы чалавек. Пасьля ён пайшоў на пэнсію і адмовіўся ад аплаты, за свае грошы жыў. Жыў вельмі сьціпла, вельмі. Дапамагалі яму, апекаваліся, мы з Міколам увесь час дапамагалі. Ён быў адзінокі, нехта ж павінен быў дбаць пра яго”.

Я памятаю, што пад час прыезду ў Беларусь Уладыкі Мікалая, яго суправаджаў, менавіта, Ваш муж – Мікола. Пад час службы ў Менску ён дапамагаў Уладыку, выконваў абавязкі псаломшчыка. Ведаю, што ён увесь час быў далучаны да царкоўных справаў.

(Ганько: ) “Ад пачатку, калі сарганізавалі царкву, ён быў увесь час сакратаром парафіяльнай рады, некалькі разоў быў старшынём і да апошняй хвіліны ягонага жыцьця ён быў сакратаром, потым ужо прыватным сакратаром Уладыкі.

За дзяка быў. Першым быў Пётра Слаўко, ён яшчэ дома быў псаломшчыкам. Недзе ў 1956 годзе ён адышоў, не ведаю па якой прычыне. І тады Мікола стаў, ён быў да 1999 году, ён памёр у траўні, але яшчэ на Вялікдзень служыў. Ён умеў ад маленства, бо ягоны бацька быў папячыцелям у царкве, ён ведаў царкоўна-славянскую мову, у хоры сьпяваў”.

(Сурмач: ) “Як Вам, спадарыня Марыя, бачыцца значнасьць усяго зробленага парафіяй за гэтыя 50 гадоў, як можна ацаніць ролю царквы для эмігрантаў?”

(Ганько: ) “Царква, роля была такая, што трымала людзей. Без царквы тут нічога не было б. Адбываліся ўсялякія імпрэзы, рабілі пікнікі, царкоўныя сьвяты сьвяткавалі. Усе бралі шлюб у нашай царкве, усіх дзяцей хрысьцілі. Уладыка і хаваў усіх, не толькі прыхаджанаў, але нават і бяздомных, памёр чалавек – усіх хаваў.

Царква мела вельмі вялікую ролю. Згуртаваньне беларусаў у Канадзе, калі б не было царквы, яно рассыпалася б. А так, трымаліся разам. Не ведаю, як далей будзе, але на разе, ёсьць троху маладых, яшчэ жывём”.

(Сурмач: ) “Паваенныя эмігранты ў першую чаргу стараліся будаваць цэрквы, маладая эміграцыя цяпер мае гэтыя цэрквы. Як думаеце, удасца захаваць парафію і надалей?”

(Ганько: ) “Удасца, забясьпечана будзе фінансава на нейкіх 20 гадоў наперад.

Ёсьць адзінкі вельмі зацікаўленыя, якія працуюць цяпер, але, бальшыня кажуць: "А што гэта нам дасьць?" Але, у такіх людзей будзе кароткае жыцьцё ў Канадзе таму, што калі яны не будуць належаць да нейкай этнічнай групы, нідзе не будуць мець добрага прытулку. Тут кожная група, усе людзі між сабою жывуць, а калі хто чужы прыходзіць, то хутка зразумее, што ён тут не патрэбны. Калі чужы, то няхай сабе ідзе да сваіх. Так і з нашымі будзе і было раней, некаторыя пайшлі да расейцаў, украінцаў, але з часам вярнуліся.

Калі яны пастарэюць, яны прыйдуць да Бога. Я ўжо бачу цяпер, крышку ёсьць зьмена. Калі ў некага нехта адыдзе ў Беларусі і тады прыходзяць у царкву памаліцца і сьвечку паставіць. Людзі не былі выхаваныя ў духу царкоўным, якія прыяжджаюць.

Я веру ў тое, што нават калі мы адыдзем, нашае пакаленьне. застанецца можа ня столькі, колькі было, але будуць трымаць таму, што зразумеюць, што трэба мець нешта сваё, каб сабрацца, пабыць разам. Чалавек у сваёй хаце не можа жыць увесь час, ён мусіць быць з людзьмі. І гэтыя, якія цяпер мала прыходзяць, але бачна, што яны ўжо адчуваюць, што мусяць сустракацца са сваімі людзьмі.

Прыходзяць шмат людзей, калі ёсьць якая імпрэза, калі ёсьць вечарына, навагодні баль, значыць, маюць патрэбу прыйсьці. Царква зьвязвае людзей”.

На жаль, пасьля сьмерці Уладыкі Мікалая царква Сьв. Кірылы Тураўскага як бы асірацела. Зараз па запрашэньню парафіі часова служыць сьвятар – сэрб. Вернікі спадзяюцца, што ўдасца знайсьці годнага пераемніка Уладыку Мікалаю, які ўсім сваім жыцьцём сьцьвердзіў права і здольнасьць беларусаў мець сваю незалежную царкву.

(Іпатава: ) “Яго там бясконца ўзгадвалі, мне здаецца, што некалі ў Беларускай аўтакефальнай царкве ён будзе кананізаваны.

Я магу сказаць, што гэтая парафія, на мой погляд, дае прыклад высокай, нязломнай мужнасьці, нязломнай веры ў свой народ, у ягоную будучыню. Бо калі б яны не верылі ў будучыню беларускага народу, ці маглі б яны знайсьці сілы рабіць усё тое, што зроблена за 50 гадоў. І тое, што зараз ідуць набажэнствы кожны тыдзень, не гледзячы ні на якія цяжкасьці – гэта вельмі важна.

Штотыднёвая малітва за Беларусь, калі сьпяваюць у царкве "Магутны Божа". Я якраз хаджу кожную нядзелю туды, у мяне заўсёды як бы зацінае дыханьне, калі сьпяваюць "Магутны Божа і ўзносяць малітву за беларускі народ. Я думаю, што гэтая малітва дойдзе да Усявышняга”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Вольга, а ці давялося Вам у Беларусі сьпяваць у царкве "Магутны Божа"?”

(Іпатава: ) “Не, не давялося і гэтая паралель мяне заўсёды напаўняе горыччу. Я не магу ў царкве, нават там дзе ёсьць беларускае набажэнства у царкве, дзе Брацтва Віленскіх пакутнікаў. Але і там заўсёды вернікі павінны маліцца за маскоўскага патрыярха.Для мяне гэта заўсёды, як стрэмка. Маліцца, канечне, трэба за ўсіх, за кожнага чалавека на зямлі, але мы, найперш, беларускі народ і маем сваіх сьвятых і мне хацелася б, каб нашая царква была аўтакефальнай царквой. Я тут зь нейкай асаблівай сілаю адчула неабходнасьць існаваньня Беларускай аўтакефальнай царквы на Бацькаўшчыне, беларускамоўнай царквы. Малітву да Бога трэба ўзносіць на роднай мове. І яна тут узносіцца, тут у Таронта, на беларускай мове. Я вельмі спадзяюся на тое, што духоўная сіла, набытая парафіянамі і царквою за 50 гадоў падтрымае нашых новых беларускіх эмігрантаў і яна прабудзіць у іхных сэрцах вось гэтае разуменьне. Вельмі важна, прыклад. Калі толькі ёсьць словы – гэта адно, а калі яны бачаць жывы прыклад дзеяньня ў імя беларускай справы, мне здаецца. што гэты агеньчык, які быў запалены 50 гадоў таму, яны яго абавязкова падтрымаюць”.

(Сурмач: ) “Калі не захаваюцца гэтыя царкоўныя асяродкі ў замежжы, то "Магутны Божа" ужо нідзе не будзе гучаць?”

(Іпатава: ) “Безумоўна, і мне здаецца, што маладыя гэта вельмі добра пачынаюць разумець. Многія разумеюць, што мы нарэшце павінны, як самастойная дзяржава, мець сваю царкву. Не нармальна, што мы маем царкву, падпарадкаваную другой дзяржаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG