Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Замяталін і П.Рагажэўскі пракамэнтавалі справазадчу ЦРУ наконт продажу беларускай зброі ў Ірак


Валер Каліноўскі, Менск Пакуль афіцыйны Менск не камэнтуе справаздачы ЦРУ па гандлі зброяй. Тым часам асобныя беларускія грамадзяне, прозьвішчы якіх пазначаныя ў дакумэнце ЦРУ, абвяргаюць сам факт незаконных паставак беларускай зброі ў Ірак і свой удзел у гэтым.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных кажа, што беларускаму боку гэты дакумэнт ЦРУ не прад’яўляўся:

(Савіных: ) “А калі не прад’яўляюцца, а разьмяшчаюцца на сайце “Хартыі” і розных іншых вэбсайтах, то хутчэй гэта служыць іншай мэце — прапагандысцкай. І таму цяжка меркаваць наконт зьместу справаздачы”.

Андрэй Савіных зазначыў, што пакуль афіцыйнай рэакцыі МЗС Беларусі на гэты дакумэнт няма. Першым у сьпісе беларускіх дзеячаў, якія, паводле ЦРУ, арганізоўвалі гандаль зброяй з Іракам, пазначаны былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Замяталін, які неаднойчы наведваў Багдад і сустракаўся з Садамам Хусэйнам.

Спадар Замяталін рашуча абвяргае абвінавачаньні ў продажы беларускай зброі ў Ірак.

(Замяталін: ) “Хопіць бязглузьдзіцу вярзьці. Ну, спыніцеся вы нарэшце. Што за глупства ўрэшце, вы проста ўявіце, як гэта можна зрабіць увогуле, і чым можна гандляваць, танкамі хіба што? Гэта хворыя людзі, якія сьпявалі на ўвесь сьвет аб тым, што ў Іраку ёсьць ядзерная зброя і зброя масавага зьнішчэньня. Дык яны могуць падаць любыя сьпісы. З гэтымі дурнямі я ўвогуле не хацеў бы размаўляць”.

Вайсковае супрацоўніцтва з Іракам ад Мінабароны Беларусі, паводле ЦРУ, арганізоўваў генэрал Пётар Рагажэўскі, былы намесьнік міністра абароны па ўзбраеньні. Цяпер Пётар Рагажэўскі працуе ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі. Спадар Рагажэўскі так адрэагаваў на справаздачу ЦРУ:

(Рагажэўскі: ) “Я, па-першае, ня бачыў таго, што амэрыканцы абвясьцілі, яны на многіх абвяшчаюць. Таму ніякіх камэнтароў. Калі я пабачу афіцыйна ў прэсе, тады пагляджу... Абвяргаць я ня буду, калі я там ня быў, чаго я буду абвяргаць. Атрымліваецца, што я павінен як бы апраўдвацца. Навошта я буду перад імі апраўдвацца... Гэта іх права, хай яны лічаць... Я ў гэтыя краіны ня езьдзіў”.

Паводле Пятра Рагажэўскага, чалавек з прозьвішчам Кадрынко, які фігуруе ў справаздачы ЦРУ як супрацоўнік аб’яднаньня “Агат”, на гэтым прадпрыемстве не працуе.
XS
SM
MD
LG