Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздачу ЦРУ камэнтуюць апазыцыйныя палітыкі


Альгерд Невяроўскі, Менск Як камэнтуюць справаздачу Долфэра на сайце ЦРУ аб ролі Беларусі ў пастаўках вайсковага абсталяваньня і тэхналёгіяў у Ірак беларускія палітыкі? Наш карэспандэнт зьвязаўся са Станіславам Шушкевічам, Андрэем Саньнікавым і Яраславам Раманчуком.

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч лічыць станоўчым фактам тое, што выкрыта незаконная дзейнасьць беларускіх уладаў:

(Шушкевіч: ) “Я ведаю, што фактычна незаконная дзейнасьць, якая падагравалася ўрадам, і, думаю, пэрсанальна “ўсенароднаабраным”, мела месца. І добра, што гэта выкрыта. Таму, што трэба ставіць на сваё месца людзей, якія займаюцца злачыннай дзейнасьцю. Я думаю, што гэта справаздача ня можа мець у Беларусі ніякіх наступстваў. Бо мэдыі ў нас манапалізаваныя, і неўзабаве зьявіцца заява, што гэта чарговая выдумка заакіянскіх людзей і г.д.”.

Адзін зь лідэраў эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Андрэй Саньнікаў мяркуе, што выкрыцьцё парушэньняў беларускімі ўладамі міжнародных законаў паспрыяе ўрэшце ўсталяваньню нармальнай сытуацыі ў Беларусі:

(Саньнікаў: ) “Гэта ідзе папярэдняя праца, але ж вынікі гэтых пошукаў, канкрэтныя прозьвішчы й арганізацыі, якія там названыя, безумоўна цяпер, калі прыняты “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” будуць улічаныя, адпаведныя меры будуць прынятыя. У дачыненьні да гэтых асобаў і арганізацыяў гаворка ідзе пра парушэньне санкцыяў ААН. А санкцыі ААН дзейнічаюць у дачыненьні да ўсіх дзяржаваў, які ёсьць сябрамі гэтай арганізацыі. Гэта значыць, што Беларусь павінна падпарадкоўвацца гэтым санкцыям. А з боку Беларусі яны былі парушаныя. Мы ведаем, што найбольш парушэньняў заўсёды адбываецца там, дзе няма дэмакратыі. І я думаю, што выкрыцьцё такіх парушэньняў і адпаведныя меры, якія будуць прынятыя, безумоўна паспрыяюць усталяваньню нармальнай сытуацыі ў дзяржаве”.

А намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук гаворыць, што калі беларускія ўлады хочуць пазьбегнуць міжнародных санкцыяў, яны павінны неадкладна правесьці расьсьледаваньне ў гэтай справе:

(Раманчук: ) “Перш за ўсё гэта сьведчыць пра тое, што не выконвае санкцыяў ААН і такім чынам парушае міжнароднае права. Урад і адміністрацыя прэзыдэнта павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці страту прэстыжу нашай краіны на міжнароднай арэне. І калі б наш урад хацеў адрынуць усе гэтыя абвінавачаньні, ён павінен пачаць расьсьледаваньне. Таму што абвінавачаньні маюць цяжкі характар. За імі могуць быць ужытыя эканамічныя санкцыі ўжо ў дачыненьні да ніжэйшых беларускіх прадпрыемстваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG