Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскага і Васільева перавялі з гарадзенскай турмы ў калёніі на Берасьцейшчыне і Віцебшчыне


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня стала вядома, што Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева адправілі з Гарадзенскай турмы №1 у папраўчыя калёніі. Нагадаем, што абодвух кіраўнікоў страйкаму прадпрымальнікаў краіны пакаралі двума гадамі зьняволеньня за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Адбываць пакараньне яны будуць у розных месцах: Валеры Леванеўскі — у Даманаве Івацэвіцкага раёну ў калёніі №22, Аляксандар Васільеў — у Аршанскай калёніі №8.

Адправілі Леванеўскага і Васільева з Горадні ў нядзелю. Учора іхны адвакат ня трапіў у турму, каб высьветліць іхны лёс. А сёньня сям’я Леванеўскага пра ўсё даведалася ад маці Валерыя Дануты Васільеўны. Гаворыць дачка Леванеўскага Кацярына:

(Леванеўская: ) “Яна проста сёньня хацела перадачу перадаць яму. Яна гаворыць, што тэлефануе туды — ёй сказалі перазваніць на іншы тэлефон. Яна перазвоньвае, і там ёй паведамляюць, што ў нядзелю ён ужо адбыў”.

Кацярына гаворыць, што яны спадзяюцца зьезьдзіць да бацькі, але калі будуць грошы. І пакуль яшчэ не было пацьверджаньня, што ён прыбыў на месца.

Кіраўнікоў страйкаму прадпрымальнікаў пакаралі зьняволеньнем 7 верасьня, але прысуд стаў правамоцным толькі 19 кастрычніка, калі абласны суд не задаволіў касацыйных скаргаў Леванеўскага і Васільева і пакінуў бязь зьменаў рашэньне суду першай інстанцыі. У выніку абодва праседзелі ў турме ў розных камэрах лішніх 48 дзён. Суд прызначыў ім адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму.
XS
SM
MD
LG