Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрыманы дазвол на правядзеньне шэсьця на Курапаты 31 кастрычніка


Ганна Соусь, Менск Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне ў нядзелю шэсьця і жалобнага мітынгу ў Курапатах да дня памяці продкаў. Да Дзядоў прымеркаваны яшчэ шэраг мерапрыемстваў.

Заяўку на правядзеньне ў нядзелю 31 кастрычніка шэсьця й жалобнага мітынгу ў Курапатах падалі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Адказны сакратар Управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі зьвяртаецца да людзей з заклікам узяць чынны ўдзел у шэсьці й мітынгу ў Курапатах.

(Чахольскі: ) “Каб не дапусьціць новых курапатаў, трасьцянцоў і хатыняў заклікаю ўзяць удзел у шэсьці й мітынгу на Дзяды. Адкладзіце ўсе асабістыя справы, падыміцеся з канапаў і ложкаў, адарвіцеся ад сваіх лецішчаў. У нас ёсьць нацыянальная і чалавечая годнасьць. Нельга чакаць і маўчаць. Шэсьце на Курапаты пачнецца ад гадзіньнікавага заводу. Збор 31 кастрычніка ў 10.30, гэта станцыя мэтро “Парк Чалюскінцаў”. Пачатак шэсьця аб 11-й гадзіне. Мітынг у Курапатах —14.30”.

У той жа дзень 31 кастрычніка на ўправе Партыі БНФ актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і прадстаўнікі міжнароднага гістарычна-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял” правядуць круглы стол на тэму “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў кантэксьце гісторыі”, прымеркаваны да Дня памяці ахвяраў палітічных рэпрэсіяў 30 кастрычніка.

Пачатак круглага стала аб 11-й гадзіне. А 29 кастрычніка ў пятніцу актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” ўсталююць ва ўрочышчы Курапаты памятныя знакі ў памяць расстраляных у гэтым месцы людзей.

На Дзяды, 2 лістапада, у аўторак а 17 гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё помніка Васілю Быкаву на Ўсходніх могілках. У гэты ж дзень амбасадары краінаў Эўразьвязу наведаюць урочышча Курапаты і магілу Васіля Быкава.
XS
SM
MD
LG