Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што рабіць? Трэба даваць асьвету народу. Патрэбныя газэты на розныя катэгорыі насельніцтва, неабходны альтэрнатыўны тэлеканал...”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 26 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Валянцін Цішко: ) “Той жах, які паказвае нам дзяржаўнае тэлебачаньне, стала немагчыма глядзець, таму што яно сьцьвярджае, што нібыта ні адзін з удзельнікаў апазыцыйных мітынгаў ня быў арыштаваны і пабіты, іх усіх мірна развозілі па вуліцах. На самой жа справе гэта ня так! Мы ведаем, колькі людзей яны пабілі і колькі людзей яны забралі й пасадзілі ў міліцыю ці абклалі штрафамі. Чаму, мне цікава, чаму дзяржаўнае тэлебачаньне маўчыць, не паказвае нам тае праўды, сапраўднай праўды? А што датычыцца таго, што сярод апазыцыянэраў большасьць моладзі, дык хто ж вінаваты ў тым, што нашыя бацькі, дзяды і бабулі ня могуць раскрыць праўды, ня могуць прачнуцца, ня могуць убачыць сапраўднага.

Напярэдадні рэфэрэндуму і галасаваньня ўвесь мой горад, дый ня толькі мой горад, уся Беларусь была абклееная плякатамі: “За! За! Скажи Беларуси Да!” Мы, вучні, зьдзіралі гэтыя плякаты з жорсткасьцю, зьдзіралі, саскрабалі нажамі зь пліткі, але на заўтра з раніцы там віселі дакладна такія плякаты, а тыя плякаты, што мы клеілі: “Скажы рэфэрэндуму НЕ!” зьдзіраў нехта іншы і клеіў на іх свае. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць пра апазыцыю і зьвярнуцца да апазыцыі, калі да яе яшчэ можна зьвяртацца. Натхніла мяне на гэта інтэрвію спадара Лябезькі за суботу 23. Чытаю: “У гэтай сытуацыі мы выйшлі пераможцамі. У нас скралі дэпутацкія мандаты, нас падманулі і прынізілі, але не растапталі і не зрабілі больш слабымі”. Вось так. Аказваецца – перамога, падманутая і прыніжаная, абкрадзеная… Бязглузьдзіца нейкая. Карацей, назіраючы некалькі гадоў за апазыцыяй, прыйшла да высновы: сваіх памылак вы не прызнаеце, нават думкі не дапускаеце, што вы памыліліся. І, значыць, аналізаваць няма чаго: няма памылак – няма і аналізу. Хто разьлічваецца за гэта? – Народ. Беларусь. Больш таго, назіраючы за апазыцыяй, выключэньне – толькі адна партыя, “Хрысьціянска-кансэрватыўная”. Я прыйшла да высновы, што не ва ўсіх лідэраў апазыцыі высакародныя мэты. Некаторыя даюць багата матэрыялу для бясконцых сэрыялаў Азаронка. Я іх так і называю: апазыцыя багатая і знакамітая. І апошні прыклад. Пра праваабаронцаў БХК. Пасьля перадачы ў “Народнай Волі” быў пададзены іск, але не за хлусьню, а за ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё. Крыўдна стала вярхоўцу БХК, што інфармацыю абнародавалі. Так што апазыцыя ў нас розная.

Шаноўныя спадары! Я б хацела сказаць вам вось што: варочайцеся вы да вытокаў. У той час, калі Беларускі народны фронт быў неразьяднаны, тады ён быў моцнай сілай і сапраўды народны. А зараз, я маю на ўвазе рухі, аб’яднаньні, партыі – іх столькі, што і падлічыць немагчыма”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што дубінкі далі міліцыянтам не для зьбіцьця людзей, зьбіцьця мірных дэманстрантаў. Дубінкі – гэта зброя міліцыянтаў для самаабароны. Навошта біць дубінкай чалавека, ды яшчэ па галаве, калі чалавек бяжыць, стараецца схавацца, а хаваецца, бо зьдзяйсьняецца напад узброенага ахоўніка парадку на бяззбройнага, што справядлівай разборкі, разгляду справы, ня будзе. Дубінцы надаецца роля аргумэнта пры сучаснай ідэалёгіі. Дубінка – каталізатар страху і цэмэнт стабільнасьці ў сучаснай Беларусі. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Хай гэтая апазыцыя так званая на Беларусі спыніць усялякія свае сьмехатворныя акцыі. Яны надакучылі ўжо! Наш народ ня пойдзе за імі ніколі! У нас ёсьць талковы чалавек, які сапраўды непакоіцца пра народ і дзяржаву, і ня здрадзіць ніякаму Бушу, які ірвецца сюды, каб мусіць разьмясьціць свае войска бліжэй да мяжы з Расеяй.

Я ўжо некалькі разоў казала вам пра Джорджа Буша. Я разглядаю гэтага чалавека як фашыста, міжнароднага жандара, які імкнецца ўлезьці ў іншыя краіны, і калі яго ня слухаюць, ён пачынае бамбіць. Ці гэта дэмакратыя па вашаму? Вы ўвесь час абвінавачваеце Лукашэнку, што няма дэмакратыі. Ці Буш дэмакрат? Ці Лукашэнку ў дыктатуры абвінавачваеце. Дзе вы бачыце гэтую дыктатуру? Я асабіста жыву ў Беларусі, жыву і нічога такога ня бачу. Навошта вы займаецеся хлусьнёй? Як ня сорамна!

Джордж Буш – гэта чалавек, які хворы на галаву, ён алькаголік і наркаман. Раскажыце, калі ласка, пра яго. А што тычыцца нашай Беларусі, дык мы безь яго абыдземся! І дзе ўвогуле вы бярэце столькі адмарозкаў, якія лезуць і лезуць у нашую Беларусь? Што ім трэба? Немцы, палякі – хай яны ў сябе разьбяруцца! А тое, што Лукашэнку ня будуць пускаць у іншыя краіны, нейкія меры прымаць – хай! Мы бяз вас усіх абыдземся! Мы нармальна жывем, працуем. Мы жылі бяз вас і будзем жыць!”

(Спадарыня: ) “Вы задалі пытаньне “Што цяпер рабіць апазыцыі?” Я лічу, што, па-першае, некаторым трэба адкінуць асабістыя амбіцыі. Дыктатуры трэба супрацьстаяць адзіным фронтам, а то ўражаньне, што адбываецца нейкая гульня ў апазыцыю: генэралаў шмат, а салдатаў няма. Такую апазыцыю нашаму “элегантнаму” і “ашаломленаму” трэба песьціць і галубіць. Я думаю, што ён ашаломлены той дапамогай, якую яму аказала на рэфэрэндуме апазыцыя. Яўна ж было, што нельга ісьці на вядома пройгрышныя выбары, што гэта лёсавызначальны рэфэрэндум, і яго нельга было прайграць. А атрымалася, што выйграў адзін чалавек у цэлага народу, шулерскім спосабам, канечне, але ж выйграў. І апазыцыя яму гэтым, на жаль, дапамагла. Апазыцыя кажа ад імя народу, але, кажучы словамі дзядулі Леніна: “Страшно далеки от народа”.

А што рабіць трэба? Трэба даваць асьвету народу. Спачатку было слова. Патрэбныя газэты на розныя катэгорыі насельніцтва, пачынаючы ад калгасьнікаў і сканчаючы вучонымі; неабходны альтэрнатыўны тэлеканал, магчыма, на тэрыторыі іншай краіны, бо ў нас яго ніхто не дазволіць. Бо цяпер гэта справа ня толькі нашай краіны, гэта справа ўсёй Эўропы, нават справа ўсяго сьвету, таму што гэта будучая цывілізацыя. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! “Мой народ, мая рэспубліка мяне падтрымаюць” – так любіць казаць Лукашэнка. 17 кастрычніка ён у чарговы раз выцер ногі аб свой народ, плюнуў яму ў твар. Даверлівыя людзі спадзяваліся, што ўлада нарэшце правядзе чэсныя выбары, і дружнай грамадой пацягнуліся на выбарчы ўчастак прагаласаваць супраць зьмены Канстытуцыі і трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Калі на другі дзень агучылі вынікі галасаваньня, то паверыць гэтым лічбам мог толькі хворы на галаву чалавек. Элегантная, ашаламляльная перамога ашаламіла нават самога Лукашэнку, і ён заўважыў, што ня трэба было даваць такі высокі працэнт. Ярмошына са сваімі халуямі перастараліся. У чарговы раз падманутаму народу было зразумела, што праз выбары сытуацыю не зьмяніць, і ісьці галасаваць нават супраць усяго – гэта на руку ўладам. Чым больш людзей прагаласавала, тым лепш для ўладаў. Таму ня трэба хадзіць на гэтыя выбары. Апазыцыя павінна ўжо зараз пачаць работу па байкоту наступных выбараў, а не чакаць 2006 году. Толькі прагаласаваўшы нагамі мы зможам пазбавіцца гэтага рэжыму. Усяго добрага”.
XS
SM
MD
LG