Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява міністэрства замежных справаў Чэскай рэспублікі наконт выбараў у парлямэнт і рэфэрэндуму ў Беларусі


Ул. інф. Міністэрства замежных справаў Чэскай рэспублікі выступіла з заявай з нагоды адбытых парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі.

У заяве гаворыцца:

“Чэская рэспубліка адназначна й без ваганьня пагаджаецца з вынікамі міжнароднае назіральнае місіі АБСЭ/БДПІЧ у Беларусі ды канстатуе, што парлямэнцкія выбары не адпавядалі стандартам свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў. Чэская рэспубліка сьцьвярджае гэта на падставе сьведчаньняў уласных назіральнікаў і ў адносінах рэфэрэндуму.

Існуючы беларускі рэжым мог дасягнуць дэкляраванае перамогі на выбарах толькі дзякуючы грубым маніпуляцыям з грамадзкаю думкаю ды вынікамі галасаваньня, а таксама выключэньнем прадстаўнікоў апазыцыі са сьпісаў кандыдатаў і выбарчых камісій. Такім чынам, рэжым зноў страціў шанец палепшыць адносіны з усясьветнай дэмакратычнай супольнасьцю. Чэская рэспубліка выказвае шкадаваньні з нагоды таго, што гэтыя падзеі яшчэ болей паглыбяць міжнародную ізаляцыю Беларусі.

Чэская рэспубліка таксама выказвае вялікія перасьцярогі з далейшага рэпрэсіўнага наступу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на апазыцыю й дэмакратычна мысьлячых беларусаў, аб якім сьведчаць гвалтоўныя падаўленьні дэманстрацыяў і арышты на працягу апошніх дзён. Чэская рэспубліка плянуе й надалей працягваць сыстэматычную падтрымку дэмакратычных сілаў у Беларусі, у тым ліку й тых, хто не па сваёй волі знаходзіцца па-за межамі сваёй краіны. Чэская рэспубліка будзе актыўна браць удзел у падрыхтоўцы наступных крокаў Эўрапейскага Зьвязу, якія будуць скіраваны на захаваньне правоў чалавека ў Беларусі й паступовую дэмакратызацыю краіны”.
XS
SM
MD
LG