Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януш Бугайскі: “Беларусь павінна быць літаральна прапітаная дэмакратычнай “прапагандай”


Алесь Кудрыцкі, Менск Януш Бугайскі, дырэктар Усходнеэўрапейскага праекту Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі адносна апошніх палітычных падзеяў у Беларусі. Януш Бугайскі актыўна займаецца пытаньнямі ўсходнеэўрапейскай палітыкі, мае навуковую ступень магістра філязофіі ў галіне сацыяльнай антрапалёгіі, якую атрымаў у Лёнданскай школе эканомікі й паліталёгіі.

Капрэспандэнт: ) “Спадар Бугайскі, як Вы ацэньваеце выбары ды рэфэрэндум, што адбыліся ў Беларусі?”

(Бугайскі: ) “Было адразу зразумела, што рэфэрэндум і выбары будуць сфальсыфікаваныя. На жаль, у той час, калі ўся астатняя Эўропа рухаецца ў бок свабоды, дэмакратыі, плюралізму, Беларусь рухаецца ў бок дыктатуры аднаго чалавека. І гэта вельмі турбуе, бо Беларусь знаходзіцца ў сэрцы Эўропы. Гэта стварае праблемы ня толькі для жыхароў Беларусі, але й для яе суседзяў”.

(Карэспандэнт: ) “Прэзыдэнт Буш падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Наколькі, на Вашую думку, ён можа паўплываць на сытуацыю ў краіне?”

(Бугайскі: ) “Я думаю, акт патрэбны, але яго недастаткова, каб паставіць Беларусь на правільны шлях. Беларусі трэба абяцаць ня толькі санкцыі, але і ўзнагароды. Трэба даць зразумець, што калі вашая краіна сапраўды вернецца на дэмакратычны шлях, дык у яго канцы Беларусь будзе чакаць сяброўства ў Эўразьвязе ды НАТО.

Па-другое, нашмат большы ціск трэба зьдзяйсьняць на спадара Пуціна, на Расею, якая разыгрывае дыктатарскую карту ў краінах-суседзях, каб захаваць лаяльныя Маскве рэжымы. І, па-трэцяе, Захаду трэба нашмат больш дзейсна спрыяць разьвіцьцю праваабарончых групаў, палітычных партыяў, свабодных мэдыяў – Беларусь павінна быць літаральна прапітаная дэмакратычнай “прапагандай”.

(Карэспандэнт: ) “Калі Джон Кэры зробіцца наступным прэзыдэнтам ЗША, ці будзе ягоная палітыка адносна Беларусі адрозьнівацца ад той, якую праводзіў Джордж Буш?”

(Бугайскі: ) “Я думаю, што палітыка Кэры будзе больш сфакусаваная на гэтым рэгіёне. Таксама, калі Кэры пераможа, адбудзецца зьмена ў дачыненьнях ЗША ды Расеі. Людзі ў камандзе Кэры вальней крытыкуюць Крэмль. Цалкам магчыма, што адміністрацыя дэмакратаў зможа больш зрабіць для прыцягненьня ўсходнеэўрапейскіх краінаў у агульнаэўрапейскую ды атлянтычную арбіту”.

(Карэспандэнт: ) “Ці бачыце Вы істотныя адрозьненьні паміж палітыкай ЗША ды Эўразьвязу адносна Беларусі?”

(Бугайскі: ) “Я думаю, што ЗША больш-менш прынялі на сябе ролю лідэра ў гэтым пытаньні. На жаль, Беларусь і Ўкраіна зрабіліся галоўным правалам Эўразьвязу. Ягонае кіраўніцтва проста не выконвае сваёй галоўнай місіі – пашырыць Эўразьвяз такім чынам, каб ён уключыў у сябе ўсе эўрапейскія краіны. Амэрыканцы таксама ня дужа ўдалыя ў “беларускай палітыцы”, але, магчыма, “Акт аб дэмакратыі”, зацікаўленасьць Кангрэсу ды магчымая зьмена адміністрацыі зробяць магчымым тое, што зь ініцыятывы Вашынгтону ў Беларусі пачнуцца зьмены да лепшага”.
XS
SM
MD
LG