Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 26 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 26 кастрычніка

“Наша ніва”, 1914 год:

“Глаўны начальнік двінскаго ваеннаго округу загадаў, каб ва ўсіх гражданскіх (не ваенных) установах Віленскай губэрні гадзіны працы лічыліся павэдлуг Петраградзкаго часу. Дагэтуль у Віленшчыне ужываўся мейсцовы час”. І побач надрукавана яшчэ адна вестка з Віленшчыны: “З 280 манаполек, нахадзячыхся ў Віленскай губэрні, закрыта да гэтаго часу 120. З іх меньшая палавіна закрыта па прыгаворах сельскіх сходоў, а большая частка — акцызным доглядам”.

“Савецкая Беларусь”, 1924 год:

“На гэтых днях у Талочынскім нарсудзе разглядалася справа аднаго манаха. Гэты манах, карыстаючыся сваім духоўным званьнем, падкаціўся да аднае маладой дзяўчыны саўхозу і… спакусіў яе. Дзяўчына радзіла ад манаха дзіцё. Суд прысудзіў, каб манах узяў на сваё ўтрыманьне гэтае дзіцё, даючы яму ў месяц па 5 рублёў да 18-гадовага ўзросту. На судзе было многа сялян і яны ўбачылі, чым займаюцца гэтыя божыя выбраньнікі”.

“Народная газета”, 1994 год. Сябры менскага гарадзкога бацькоўскага камітэту беларускамоўных школаў і клясаў зьвяртаюцца да А.Лукашэнкі:

“Мы вельмі спадзяемся на тое, што Вы ўважліва і з дзяржаўным разуменнем разгледзіце наша патрабаванне, і нашы дзеці атрымаюць рэальную магчымасць працягнуць сваю адукацыю ў вышэйшай школе на беларускай мове… Чамусьці пачынаючы з восені, мы пачалі адчуваць няўвагу, а часам і зняважлівыя адносіны да беларускамоўнага навучання з боку часткі работнікаў школ і органаў адукацыі, якія прыкрываюцца пры гэтым некаторымі Вашымі асабістымі выказваннямі…”
XS
SM
MD
LG