Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Фадзееў: “Зараз акты прэзыдэнта – вышэй за законы”


Іна Студзінская, Менск 87 гадоў таму, 26 кастрычніка 1917 году былі прынятыя знакамітыя “Дэкрэт аб міры” і “Дэкрэт аб зямлі”. Напісаў абодва дэкрэты У.І.Ленін. І наагул, такія заканадаўчыя акты, як дэкрэты, зьяўляліся звычайна падчас рэвалюцыяй – Вялікай Кастрычніцкай альбо Вялікай Францускай, да прыкладу. У Беларусі рэвалюцыяў няма і быццам бы не прадбачыцца. Але дэкрэтаў кіраўніком дзяржавы з лістападу 1996 году выдадзена ўжо каля трохсот. Наколькі неабходна такая практыка дэкрэтатворчасьці?

Дэкрэт – нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы альбо ўрадам. Аляксандр Лукашэнка пачаў выдаваць дэкрэты з лістападу 1996 года – адразу ж пасьля рэфэрэндуму, пасьля зьменаў у Канстытуцыі 1994 году. За восем гадоў Лукашэнка падпісаў каля трохсот дэкрэтаў. Толькі за час дзеяньня парлямэнту другога скліканьня (з 2001 па 2004 год) кіраўнік краіны выдаў сотню дэкрэтаў і больш за 2200 указаў, зь якіх прыкладна траціна зьяўляецца нарматыўна-прававымі актамі. Прычым у артыкуле 101-м Асноўнага закону дакладна прапісана, у якіх выпадках можна выдаваць часовыя дэкрэты: калі парлямэнт дэлегуе прэзыдэнту такія правы, і – з прычыны асаблівай неабходнасьці – па сваёй ініцыятыве альбо па прапанове ўраду.

Камэнтар экс-намесьніка старшыні Канстытуцыйнага Суду Беларусі Валерыя Фадзеева:

(Фадзееў: ) “Калі прааналізаваць усе гэтыя 300 дэкрэтаў, то можна пераканацца, што парлямэнт ніводнага разу не надаваў такога права. Што тычыцца асаблівай неабходнасьці, то ўсе праблемы маглі б быць вырашаныя з прыняцьцем адпаведных законаў, а не дэкрэтаў. І ўвогуле, трэба адмоўна ставіцца да дэкрэтнай законатворчасьці, таму што парлямэнцкая працэдура больш дэмакратычная, ёсьць магчымасьць выказацца большай колькасьці ўдзельнікаў, супаставіць пункты гледжаньня, два (як мінімум) чытаньня ў парлямэнце праходзяць. Але ж праз дэкрэты лягчэй праводзяць вузкаведамасныя інтарэсы. І ёсьць праблема нестабільнасьці ў заканадаўстве. Прыняць дэкрэт альбо памяняць яго значна прасьцей, чым зрабіць гэта ў адносінах да закону”.

Ніводнага выпадку адхіленьня дэкрэтаў прэзыдэнта ў беларускім парлямэнце не было. Дый наагул, прыкладна 80% прававой базы створана прэзыдэнтам. Парлямэнт самастойна амаль не рыхтуе праекты законаў. Гэтым займаецца Цэнтар законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце. Беларускі парлямэнт практычна не рэалізуе свайго канстытуцыйнага права заканадаўчай ініцыятывы. (Для параўнаньня: у Расеі 58% законапраектаў, унесеных у Дзярждуму, унесена парлямэнтам).

Адмыслоўцы-юрысты адзначаюць, што часовыя дэкрэты і ўказы прэзыдэнта стаяць вышэй за законы. Гаворыць былы старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Калі мы паглядзім Канстытуцыю, то зараз акты прэзыдэнта – вышэй за законы, у некаторых выпадках. Канстытуцыйны суд можа разглядаць адпаведнасьць дэкрэта альбо ўказа закону толькі ў тым выпадку, калі паўнамоцтвы на выданьне яго былі дэлегаваныя законам. А калі яны не былі дэлегаваныя законам, то Канстытуцыйны суд можа разглядаць яго толькі на адпаведнасьць Канстытуцыі, а не закону.

А што тычыцца такога стану справаў, то гэта зьвязана з тым, што парлямэнт апынуўся ў такім стане пасьля Канстытуцыі 1996 году. І ні разу яны не адмянілі гэтыя дэкрэты”.

У якіх краінах яшчэ існуе практыка прыняцьця дэкрэтаў? Нават у братняй Расеі такой практыкі няма – Канстытуцыяй не прадугледжана выданьне дэкрэтаў. Апалягеты, так бы мовіць, беларускай Канстытуцыі 1996 году кажуць, што запазычылі гэта ў французаў. Але там існуе сыстэма процівагі – калі выдаецца дэкрэт, на ім павінна стаяць віза прэм’ер-міністра альбо міністра, які адказвае за дадзенае пытаньне. Але калі яны з прэзыдэнтам належаць да розных партыяў, то ня так лёгка “прасунуць” гэты дэкрэт.
XS
SM
MD
LG