Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калгасы Гомельшчыны ня здольныя своечасова сабраць ураджай


Казімір Яноўскі, Гомель Апошнія некалькі суботаў запар у Гомелі – зрэшты, як і ў многіх іншых гарадах Беларусі – ладзіліся кірмашы гародніны ды бульбы з удзелам калгасаў і саўгасаў. Гэтыя кірмашы шырока рэклямаваліся ў дзяржаўных мэдыях. Пры гэтым мала ўвагі зьвярталася на тое, як гаспадаркі спраўляюцца з уборкаю вырашчанага ўраджаю.

Ці могуць вяскоўцы ўжо сёньня спакойна сустракаць зіму? Вяскоўцы-прыватнікі, канешне, могуць. Іхныя агароды даўно ўпарадкаваны. Што да калгасаў, то на сёньня далёка ня ўсе зь іх прыбралі ўраджай.

У Жлобінскім, Рагачоўскім, Акцябрскім ды некаторых іншых раёнах ня выкананая нават уся бульба. Агулам – каля паўтары сотні гектараў. Асабліва шмат бульбы ў зямлі – у сельгаскаапэратыве “Ламавічы” Акцябрскага раёну: прыкладна 30 гектараў.

У гаспадарцы наўпрост бракуе рабочай сілы. Да “Ламавічаў” нядаўна далучылі вялізарны, але надзвычай слабы саўгас “Заазер’е”. Прыбавілася каля 3 тысячаў гектараў зямлі – і амаль нічога з тэхнікі і рабочых рук.

Распавядае дыспэтчар з Ламавічаў Галіна Гародняя:

(Гародняя: ) “Далучылі суседнюю гаспадарку – вялікую, але слабую. Багата жывёлы й зямлі прыбавілася. Трэба ўсё апрацаваць аднымі й тымі ж рукамі. Ну далі два чалавекі і два трактары. Людзей не хапае”.

У Калінкавіцкім раёне ў сельгаспрадпрыемствах “Мічурынскі”, “Малінавы сад”, “Ненач” багата яшчэ засталося ў полі морквы. Акурат на сёньня заплянаваны масавы выезд гараджанаў на дапамогу згаданым гаспадаркам – іначай гародніна можа дачакацца сьнегу.

Дарэчы, у гэтым жа Калінкавіцкім раёне надзвычай цяжка ўбіралася бульба. Аграном раённай сельгасуправы Ільля Процка лічыць, што асноўная прычына тут – састарэлая тэхніка:

(Процка: ) “Няма наогул, паламана. Не купляем вось ужо дзесяць гадоў. Далі на выпрабаваньне бульбяны камбайн, які вырабіў “Гомсельмаш”. КСУПу “Каплічы” далі. Амаль адзін камбайн і ўбірае ўвесь час, у сярэднім за дзень 2 гектары”.

Мушу дадаць, што ў рэгіёне яшчэ ня ўбрана 5,5 тысячаў гектараў кукурузы, каля 300 гектараў цукровых буракоў. Апошніх асабліва шмат у сельгаспрадпрыемствах “Баравікі”, “Залесьсе”, “Бярэзіна” Сьветлагорскага раёну. Іх проста няма чым убіраць. Саўгас “Прудок”, напрыклад, чакаў, пакуль цукраўборачны камбайн вызваліцца ў суседзяў з Бабруйскага раёну.

Падчас рэфэрэндуму і выбараў афіцыйныя асобы ня раз прамаўлялі, што аграрны сэктар краіны ўсялякім чынам падтрымліваецца дзяржаваю і мацнее дзень за днём. А тут – калгасы ня здольныя своечасова сабраць ураджай. Як гэта патлумачыць?

Хачу зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць: жніво закончана, абвешчана пра збор у краіне нечуванага ўраджаю – 7,5 мільёна тон. У Гомельскай вобласьці – 760 тысячаў тон. Нібыта пабольшала сёлета малака і мяса. Здавалася б, да гэтага часу ўжо можна мець нейкія сродкі на канчатковае завяршэньне ўборкі ўраджаю. Аднак калгасам, зноў-такі, бракуе і тэхнікі, і паліва. Паслухаем Міхаіла Калесьнікава, начальніка аддзелу расьлінаводзтва аблхарчпраму:

(Калесьнікаў: ) “Усяго не хапае. І перабоі невялікія з палівам былі. Цяпер вось пазыка рэспубліканская выдзяляецца. Таму паліва будзе на завяршэньне палявых работаў. Рэспубліка дае нам каля 2 мільярдаў рублёў”.

На словах аграрны сэктар нібыта мацнее, а на справе – без фінансавых ін’екцыяў ня здатны нават своечасова завяршыць уборку ўраджаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG