Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сэнс павелічэньня бюджэту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі?


Юлія Шарова, Менск 26 кастрычніка ў Менску пройдзе чарговае паседжаньне працоўнай групы па распрацоўцы праекта бюджэту гэтак званай саюзнай дзяржавы на 2005 год. На мінулым паседжаньні ў Маскве, 5 кастрычніка, саўмін саюзу прыняў рашэньне павялічыць памер бюджэту ў параўнаньні з тым, што плянавалася спачатку.

Наколькі павялічыцца саюзны бюджэт-2005, і якія праекты зь яго будуць фінансаваць? Мяркуецца, што доля Беларусі ў гэтым бюджэце павінна ўзрасьці з 808 мільёнаў расейскіх рублёў да 862 мільёнаў, а Расеі – з 1 мільярда 500 мільёнаў да 1 мільярда 600 мільёнаў расейскіх рублёў. Пра нейкія прынцыпова новыя праекты, што будуць фінансавацца ў наступным годзе, нічога пакуль невядома.

Затое абсалютна дакладна тое, што ў 2005 годзе, як і сёлета, давядзецца латаць бюджэтныя дзіркі, утвораныя яшчэ праектамі “Саюзны тэлевізар” ды “Разьвіцьцё дызэльнага аўтамабілебудаваньня”. Сёлета саюзны саўмін ажыцьцяўляе рэструктурызацыю запазычанасьці па тых бюджэтных крэдытах.

Вядома яшчэ, што Беларусь у 2005 годзе мусіць выплачваць запазычанасьць па выплаце свайго далявога ўнёска, якая ўтварылася за 2000-2003 гады. У астатнім грошы традыцыйна пойдуць на ўтрыманьне саюзных структураў, аздараўленьне насельніцтва з чарнобыльскай зоны ды фінансаваньне газэты “Союзное вече”.

Калі ніякіх прынцыпова новых праектаў не плянуецца, які ў такім разе сэнс у павелічэньні саюзнага бюджэту?

Кіраўнік цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук ня бачыць ніякага сэнсу ў павелічэньні саюзнага бюджэту. Дый у прынцыпе з такім бюджэтам у 80 мільёнаў даляраў і ў такой арганізацыі нешта сур’ёзнае зрабіць нельга, лічыць экспэрт. Гэта не Эўразьвяз, што мае бюджэт амаль у сто мільярдаў даляраў. Бюджэт гэтай арганізацыі кантралюецца Эўракамісіяй ды мае канкрэтныя накірункі інвэставаньня – напрыклад, праекты ў сфэры сельскай гаспадаркі.

А саюзная дзяржава – гэта праект, зь якога нічога ня выйдзе. Расея падтрымлівае яго да тае пары, пакуль не распачнецца яшчэ адзін, больш жыцьцяздольны праект – гэтак званая “чацьвёрка”, заяўляе Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Папросту ідзе па інэрцыі гэтая саюзная дзяржава, саюзны бюджэт. Нейкія грошы разьмяркоўваюцца, бюракраты кормяцца. Але я б ня ставіўся да падтрымкі саюзнай дзяржавы як да нейкага праекту з пэрспэктывай. Папросту Масква з палітычнага пункту гледжаньня не адмовіцца ад яго, бо адмовіцца ад саюзнай дзяржавы азначала б фармальнае прызнаньне таго, што саюзная дзяржава – гэта мёртвы праект, ён ня ўдаўся”.

На думку майго суразмоўцы, Беларусь і Расея яшчэ доўга будуць гуляць у гэтую гульню, перасьледуючы свае інтарэсы. Але ніякага эканамічнага сэнсу ў бюджэце саюзнай дзяржавы ўжо няма.
XS
SM
MD
LG