Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраньне сябраў Савета Рэспублікі пройдзе цалкам на безальтэрнатыўнай аснове


Уладзімер Глод, Менск У нядзелю 24 кастрычніка скончыўся тэрмін рэгістрацыі кандыдатаў у сябры Савета Рэспублікі – вышэйшай палаты Нацыянальнага сходу. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зарэгістравала 56 прэтэндэнтаў. Такім чынам, абраньне гэтак званых сэнатараў пройдзе цалкам на безальтэрнатыўнай аснове. І няхай нашых слухачоў не ўводзіць у зман агульная лічба сябраў Савета Рэспублікі – 64. Справа ў тым, што яшчэ 8 чалавек, паводле дзейнай Канстытуцыі, прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. У выніку існуе тыповая сытуацыя выбараў бяз выбару.

Ці можна адпаведна ёй ужо сёньня сьмела называць прозьвішчы новых “сэнатараў”? Калі казаць пра дэ-юрэ, то трэба яшчэ крышку пачакаць, бо фармальна новых сябраў Савета Рэспублікі павінны зацьвердзіць на паседжаньнях дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласьці й горадзе Менску. Гэтая працэдура мусіць скончыцца не пазьней за 13 лістапада. Гэта тое, што тычыцца часу.

Цяпер наконт самога абраньня. Яшчэ ні разу не было выпадку, калі б нейкага прэтэндэнта на сяброўства ў вышэйшай палаце беларускага парлямэнту адрынулі. Таму ўсе чакаюць, што нічога новага не будзе і гэтым разам. Так што дэ-юрэ новых гэтак званых сэнатараў пакуль няма, а дэ-факта яны ўжо як бы існуюць, іх ужо выбралі ўлады.

Прааналізуем новы склад Савета Рэспублікі на прыкладзе Менску. Чатыры чалавекі з васьмі тут вылучаюцца паўторна. Гэта – старшыня сталічнага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, кіраўнік рэспубліканскай калегіі адвакатаў Наталля Андрэйчык, а таксама два добра вядомых прадстаўнікі культурнага бамонду – Валянцін Елізар’еў і Міхаіл Фінберг. І яшчэ зьявіліся чатыры новыя асобы. Гэта – рэктар Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Баранава, старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных мацярэй Тацяна Краўчанка, галоўны лекар менскай радзільні № 2 Натальля Курэк і кіраўнік Галоўнага эканамічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Сцяпан Пісарэвіч.

Кідаецца ў вочы,. што ў гэтым сьпісе ўжо няма рэктара ўнівэрсітэту культуры Ядвігі Грыгаровіч ды знакамітага актора Расьціслава Янкоўскага.

У рэгіёнах знайшліся месцы для Анатоля Малафеева, Аляксандра Якабсона, Канстанціна Сумара ды іншых начальнікаў.

Апазыцыя гэтую кампанію цалкам праігнаравала. І на думку першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратынай партыі (Народная грамада) Ўладзімера Нісьцюка, зрабіла памылку, калі думала толькі пра выбары ў Палату прадстаўнікоў.

(Нісьцюк: ) “Гэтую кампанію таксама трэба было праводзіць і трэба было ёй займацца. Але цяпер ужо позна нешта казаць. Канешне, мы згубілі час, змарнавалі час. А пра вышэйшую палату забыліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG