Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Роля Беларусі ў пастаўках вайсковага абсталяваньня й тэхналёгіяў у Ірак – вынятак з тэксту справаздачы ЦРУ


RFE/RL Сёлета ў кастрычніку ЦРУ апублікавала справаздачу спэцыяльнага дарадцы ЦРУ па зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Істотная частка дакладу апісвае дакумэнты й сьведчаньні пра супрацоўніцтва рэжымаў Садама Хусэйна і Аляксандра Лукашэнкі па закупцы вайсковага абсталяваньня й тэхналёгій з парушэньнем санкцыяў ААН.

Беларусь

Беларусь была найбуйнейшым пастаўшчыком складанай высока-тэхналягічнай традыцыйнай зброі для Іраку пачынаючы ад 2001 і да самага падзеньня рэжыму. Саўдзел у гэтым незаконным гандлі назіраецца на самым высокім узроўні беларускага ўраду. Беларускі дзяржаўны эстэблішмэнт і прадпрыемствы працавалі па кантрактах з Іракам па пастаўках тэхналёгіі, абсталяваньня й экспэртаў для ізаляванага рэжыму. · Іракцы пастаянна працавалі, каб палепшыць нелегальны гандаль зь Беларусьсю, нягледзячы на адсутнасьць фармальнай гандлёвай дамовы паміж краінамі. Нелегальныя гандлёвыя адносіны дазволілі Іраку атрымаць высока-тэхналягічнае вайсковае абсталяваньне. Беларусь была адносна разьвітая ў галіне вайсковых досьледаў, у тым ліку і ў проціпаветраным і электронным спосабах вядзеньня вайсковай дзейнасьці. · Паводле інфармацыі, атрыманай ад затрыманага, Беларусь атрымала валюту і рынак збыту для сваёй постсавецкай вайсковай індустрыі. · Як стала вядома з добра інфармаваных крыніц, выведныя органы абедзьвюх краін дапамаглі наладзіць гандаль. Сьведчаньні затрыманага таксама пацьвярджаюць, што беларуская дапамога з радарамі, лязэрнай тэхналёгіяй, мэталюргіяй і электроннымі спосабамі вядзеньня вайны былі ключавымі пунктамі супрацоўніцтва.

У 2001 і 2002 гадох дзьве дэлегацыі Камісіі па вайсковай прамысловасьці наведалі Беларусь, каб абмеркаваць пытаньні беларускай дапамогі ў паляпшэньні ірацкіх абарончых магчымасьцяў, у прыватнасьці, проціпаветранай абароны і электронных спосабаў вядзеньня вайны. Дэлегацыю ўзначальваў былы дырэктар Камісіі па вайсковай прамысловасьці Гуваяш.

Былы высокапастаўлены ірацкі прадстаўнік сказаў, што дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Іракам былі настолькі моцныя, што быў нават сфармаваны сумесны ірацка-беларускі камітэт па пашырэньні гэтага незаконнага гандлю.

Сустаршынём Камітэту зь ірацкага боку быў міністар фінансаў Гікмат Мізбан Ібрагім аль-Азаві, беларускі бок узначальваў Уладзімір Замяталін з адміністрацыі прэзыдэнта. Сапраўды, прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасьлядоўна падтрымліваў палітычную пазыцыю і патрэбы абароны Іраку. У верасьні 2002 году Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі міністэрства фінансаў і Камісіі па вайсковай прамысловасьці, каб абмеркаваць вайсковае супрацоўніцтва. Падчас гэтай сустрэчы Лукашэнка выказаў жаданьне падтрымаць Ірак і паслаць экспэртаў па проціпаветранай абароне, каб памагчы Іраку супрацьстаяць ЗША.

Ключавыя асобы з Беларусі, зьвязаныя зь незаконным гандлем з Іракам

· Уладзімір Замяталін – Ён узначальваў спэцыяльнае вайсковае супрацоўніцтва зь Іракам і працаваў як сакрэтны пасланец паміж Лукашэнкам і Садамам. · Леанід Козік – сябра ірацка-беларускага камітэту па супрацоўніцтве. · Мікалай Іваненка – зараз ён намесьнік старшыні прэзыдэнцкай адміністрацыі і апошні старшыня зь беларускага боку сумеснага ірацка-беларускага камітэту па эканамічным супрацоўніцтве. Ягоная роля – трымаць спэцыяльнае вайсковае супрацоўніцтва зь Іракам; ён таксама сваяк Лукашэнкі. Ён наведаў Ірак двойчы, сустракаўся з Садамам і перадаў Садаму ліст ад прэзыдэнта Лукашэнкі. · Віталь Харлап – беларускі міністар прамысловасьці. · Прафэсар Кандрынко – дырэктар аддзелу камунікацый беларускага канцэрну АГАТ. Ён вёў перамовы зь дзяржаўнай кампаніяй Салах Ал-Дзін і заключыў шмат кантрактаў па вытворчасьці камунікацыйнага абсталяваньня. · Прафэсар Клашко – навуковец, які ўзначальваў аддзел тэлемэтрычных сыстэм для ракетаў “зямля-зямля” і заключыў шмат кантрактаў з Камісіяй па вайсковай прамысловасьці. · Генерал Пётр Рагажэўскі – намесьнік па ўзбраеньні і трэніроўцы міністэрства абароны. Ракашэўскі займаўся пашырэньнем вайсковага супрацоўніцтва з Іракам. Ён замяшаны ў справу паставак баепрыпасаў, антытанкавай зброі лазернага навядзеньня. Ён адыгрываў галоўную ролю ў падпісаньні кантрактаў зь ірацкім міністэрствам абароны і Камісіяй па вайсковай прамысловасьці па трэніроўцы 20 ірацкіх афіцэраў інжынэраў у выкарыстаньні S-300 PMU-1 (SA-20) сыстэмы проціпаветранай абароны ў беларускай вайсковай акадэміі. Ракашэўскі таксама падпісваў кантракты па пастаўках матораў для танкаў Т-72 і Т-55, баявых самалётаў МІГ-29 і баявых машын пяхоты БМП-1.

Матэрыялы, абсталяваньне і паслугі пастаўленыя зь Беларусі

Беларусь экспартавала шэраг вайсковых тавараў у Ірак. Незаконны гандаль быў арганізаваны і праведзены многімі беларускімі прадпрыемствамі. Захопленыя дакумэнты сьведчаць, што ў сьнежні 202 году прадпрыемства Балморалс заключыла кантракт 148/2002 з Ал-Кіндзі Джэнерал Компані па дастаўцы электронных кампанэнтаў вартасьцю $70,367. Гэты кошт уключаў дастаўку праз Сырыю і наступную дастаўку ў Багдад. Абсталяваньне магло быць кампанэнтам для сыстэмы радарнай блякіроўкі.

Віктар Шаўцоў, былы дырэктар Інфабанку і Беларусмэталэнэрга, кампаніі замяшанай у незаконны гандаль з Іракам.

Інфабанк дапамагаў фінансаваць зьдзелкі з Іракам і, як паведаміў Гуваяш, мог быць кіраваны беларускімі спэцслужбамі. Белмэталэнэрга быў замяшаны ў пастаўкі карпусоў і матораў для танкаў Т-72 і мадэрнізацыю SA-2 ракет проціпаветранай абароны і радарных сыстэм. Белмэталэнэрга заключыў мноства шматмільённых кантрактаў з Іракам і шчыльна супрацоўнічаў зь Інфабанкам, каб фінансаваць незаконны гандаль. Шаўцоў арганізаваў за свой кошт паездкі ў Багдад на беларускіх авіялініях. Гэтымі ж рэйсамі перавозіліся экспэрты і дырэктары беларускіх кампаній, зьвязаных з Іракам, а таксама тэхнічнае і вайсковае абсталяваньне для ірацкіх міністэрстваў.

Аляксандр Дзегцяроў – таксама адзін з найбуйнейшых удзельнікаў незаконнага гандлю.

Дзегцяроў – расейскі навуковец па спэцыяльнасьці ракетныя сыстэмы наводкі і кантролю. Шаўцоў прадставіў Дзегцярова ірацкай Камісіі па вайсковай прамысловасьці. Дзегцяроў валодаў беларускімі кампаніямі Сыстэмтэк і ЭлектрыкГазКом, якія мелі кантракты з Іракам праз Інфабанк на пастаўку сыстэмаў радарнага кантролю плюс і наводкі для ракет SA-2. Гэтае абсталяваньне было дастаўлена праз Сырыю і аплочана праз сырыйскія банкі. Дзегцяроў быў рэгулярным наведнікам у Багдадзе. Паводле дадзеных атрыманых ад высокапастаўленых і сярэдніх чыноў з Камісыі па вайсковай прамысловасьці, якія мелі непасрэдны доступ да інфармацыі, Дзегцяроў быў у Іраку кожныя два тыдні. ЭлектрыкГазКом падпісаў кантракт з ірацкай Аль-Карамах дзяржаўнай кампаніяй на вытворчасьць і тэстыроўкі сыстэмаў навядзеньня і кантролю для такіх ракет тыпу “зямля-зямля”, як “Аль-Самуд”. Гандаль таксама ўключаў продаж гіраскопаў і аксэлеромэтраў узроўню тэстыроўкі. ЭлектрыкГазКом таксама меў кантракты зь дзяржаўнай кампаніяй Аль-Батані на пастаўку тэхналёгіі па вытворчасьці для ірацкага досьледнага праекту па спадарожніках.

Былая ірацкая афіцыйная асоба выкрыла, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўваў сумесную беларуска-ірацкую кампанію як мэханізм для незаконнага гандлю. Лукашэнка быў заклапочаны, каб незаконны гандаль працягваўся на рэгулярнай аснове і загадаў адкрыць у Багдадзе фірму пад назвай Беларусь Афта, якая была б прыкрыцьцём для незаконнага вайсковага гандлю.

· Найбольш важнымі экспартам з Беларусі ў Ірак былі радарныя тэхналёгіі й сыстэмы проціпаветранай абароны. Захопленыя дакумэнты й паказаньні ірацкага афіцэра сярэдняга рангу з доступам да інфармацыі пацьвярджаюць існаваньне сумеснага беларуска-ірацкага праекту па ўдасканаленьні P-18 (Mod Spoon Rest) радара раньняга папярэджаньня паміж лістападам 2000 году і сакавіком 2003. Гэты радар быў выкарыстаны ў Цэнтры проціпаветранай абароны Аль-Габан’ях. · Сыстэмтэк забясьпечваў дапамогу ў галіне досьледаў, у выпрабаваньнях і прамысловых запусках. Доктар Раскоўка быў старэйшай афіцыйнай асобай у Сыстэмтэк, які супрацоўнічаў зь іракцамі й наведваў Ірак кожныя 3-4 месяцы на працягу апошніх 3-х год. Іракцы хацелі набыць сыстэму проціпаветранай абароны S-300. Кантракт быў падпісаны і трэнінг распачаты, але праблемы матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, каб даставіць сыстэму не прыцягваючы ўвагі міжнароднай супольнасьці, аказаліся непераадольнымі.

Паводле іншых паказаньняў, Беларусь рабіла шмат паставак незаконных тавараў у Ірак. У іх ліку абсталяваньне для танкаў Т-72 і Т-55; Волга, Пячора (SA-3) ды іншыя ракетныя проціпаветраныя сыстэмы; верталёты Мі-17, запчасткі для МіГаў -23, -25 і -29 ды для рэактыўных самалётаў Сухой-25; сыстэмы лазэрнага навядзеньня; валаконавая оптыка; інфрачырвоныя запасныя часткі; глушылкі GPS i радыё. Нават перад самымі ваеннымі дзеяньнямі незаконны гандаль Беларусі і Ірака не спыняўся, як дэманструюць перахопленыя дакумэнты. Беларусь паставіла ПН-5 і ПН-7 прыборы начнога бачаньня для Ірака праз падстаўную кампанію Аль-Башаір. За тры месяцы перад ваенным канфліктам прэзыдэнт Лукашэнка праінструктаваў беларускае Міністэрства абароны дазволіць Іраку набыць любое вайсковае абсталяваньне.

Аплата зь Ірака ў Беларусь

Галоўная крыніца даходу для фінансаваньня незаконнага гандлю з Іракам прыйшла зь ірацка-сырыйскага гандлёвага пратаколу. Як сьведчаць захопленыя дакумэнты, аб’ём незаконнага вайсковага гандлю паміж Беларусьсю і Іракам быў значны. Беларускі ўрад атрымаў ад Ірака каля 114 мільёнаў даляраў у якасьці аплаты.

Паводле паказаньняў затрыманага, крытычны фінансавы элемэнт у гэтым незаконным гандлёвым працэсе адыгрываў Інфабанк. Беларусь патрабавала аплату 75% ад вартасьці кантрактаў у цьвёрдай валюце перад тым, як тавар дастаўлены. Ірак з гэтым не пагаджаўся. Таму Інфабанк пагадзіўся прадставіць пераходныя грошы, у тым ліку і пакрыць 75% перадаплаты за ганарар у 15% ад кошту кожнага кантракту. Паводле паказаньняў з высокапастаўленых крыніц рэжыму, аддача, якую беларускія прадпрыемствы плацілі Іраку за экспарт у Ірак паводле праграмы ААН Нафта ў абмен за харчаваньне, захоўвалася ў Інфабанку, каб фінансаваць будучы незаконны імпарт зь Беларусі. Адзін з былых старэйшых кіраўнікоў Камісіі па вайсковай прамысловасьці лічыць, што перад пачаткам вайны Інфабанк меў каля 7 мільёнаў ірацкіх грошай на сваіх рахунках. Ён таксама засьведчыў, што Інфабанк такім самым чынам за такі ж самы працэнт фінансаваў незаконны вайсковы гандаль паміж Іракам і ЮгаІмпарт-FDSP з Сэрбіі.

***

Старэйшы кіраўнік Камісыі па вайсковай прамысловасьці паведаміў пра тое, як наўпроставыя палёты паміж Багдадам і Менскам былі ўсталяваныя летам 2000 году. Беларусь утварыла сумесную з Багдадам авіялінію, на якой працавалі чатыры Боінгі-747, якія перавозілі незаконныя тавары, экспэртаў і афіцыйныя асобы непасрэдна ў Багдад пад прыкрыцьцём гуманітарных місіяў.
XS
SM
MD
LG