Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадзе Беларусі ў Расеі стала крыўдна за “ідыётаў”


Ігар Карней, Менск Беларуская амбасада ў Маскве патрабуе тлумачэньняў ад газэты “Московский комсомолец” за тое, што рэдакцыя запрасіла на прэсавую канфэрэнцыю прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. У адмысловай заяве дыпляматычнага прадстаўніцтва сцьвярджаецца: аналіз зьместу артыкулаў сьведчыць на тое, што газэта з дапамогай “парадзелай і патускнелай беларускай апазыцыі распачала кампанію па ачарненьні й вульгарызацыі рэспубліканскага рэфэрэндуму й парлямэнцкіх выбараў”. Запрошаныя да ўдзелу ў дыскусіі апазыцыянэры лічаць, што амбасада, якая існуе на сродкі беларускіх падаткаплацельшчыкаў, ня мае ніякага права вырашаць: хто, дзе і якім чынам можа выказваць уласныя думкі.

Вынікам прэсавай канфэрэнцыі ў рэдакцыі “Московского комсомольца” стаўся спачатку газэтны артыкул, а потым і стэнаграма сустрэчы на інтэрнэт-сайце выданьня (www.mk.ru) пад назвай “У Беларусі ня ўсе ідыёты”. Як мяркуе адзін з запрошаных маскоўскім выданьнем апанэнтаў цяперашняга рэжыму, намесьнік кіраўніка АГП Аляксандар Дабравольскі, супрацоўнікі беларускай амбасады, верагодна, палічылі, што загаловак занадта двухсэнсоўны і наўпрост характарызуе здольнасьці беларускіх кіраўнікоў.

(Дабравольскі: ) “Наша амбасада ў Расеі, як і ў іншых краінах, існуе коштам дзяржавы, а, значыць, коштам падаткаплацельшчыкаў, уключна са мной. І за мае ж грошы дзяржава хоча пазбавіць мяне права слова! Людзі ўвогуле не разумеюць, што трэба паважаць думку іншага чалавека. Бо калі аднаму гаварыць можна, а іншым нельга, як гэта зроблена ў Беларусі, то гэта проста выклікае пэўныя падазрэньні. У тым ліку гэтым было выкліканае жаданьне расейскай прэсы атрымаць інфармацыю зь першых вуснаў... Тое, што Лукашэнка можа гаварыць у любы час – усе ведаюць. Апазыцыю ж Лукашэнка хоча, каб ніхто ня чуў – ні ў краіне, ні за яе межамі. Таму гэта проста сьмешна: тут ні здаровага сэнсу няма, дый ніякай прынцыповасьці няма, каб забараніць выказвацца прадстаўнікам апазыцыі ў іншай краіне”.

Свой погляд на вынікі выбараў і рэфэрэндуму расейскім СМІ выказалі яшчэ, апроч спадара Дабравольскага, Валерый Фралоў, Васіль Лявонаў, Уладзімер Колас, Алег Волчак. Менавіта гэтыя людзі, якіх, відавочна, у “Московском комсомольце” і супрацьпаставілі некаторым “ідыётам” ад палітыкі, выклікалі абурэньне ў кіраўніцтва беларускай амбасады, якое, падпісаўшыся пад заявай, канстатавала: “…гэта палітыкі, чые погляды і мэты не знаходзяць падтрымкі ў грамадзянаў Беларусі. Ці варта пасьля гэтага зьдзіўляцца”, дадае прэсавая служба, "што “ганарлівая меньшасьць”, якая прыехала ў Маскву скардзіцца на Аляксандра Лукашэнку, знайшла прытулак менавіта ў “Московском комсомольце”.

Разам з тым, у беларускай амбасадзе, камэнтуючы згаданую заяву, крыху алягічна кажуць, што на эфэктыўнасьць заявы ня надта і разьлічваюць. Маўляў, супраць маскоўскіх выданьняў ісьці цяжка. Вось што распавёў дарадца амбасадара Аляксандар Гардзейчык.

(Гардзейчык: ) “Я не назваў бы гэта нават рэдакцыйнай палітыкай. Тут усё ўжо на ўзроўні людзей, якія адказваюць за беларускую тэматыку і маюць такі перадузяты пункт гледжаньня. Але амбасада не магла не адрэагаваць ня толькі на сам факт прадастаўленьня пляцовак апазыцыі, але калі карэспандэнты пішуць, што дзейнага прэзыдэнта Лукашэнку падтрымліваюць сталыя людзі, у якіх гэта ўсё з “саўком” асацыюецца і тая частка плебсу, якая нічога ня хоча думаць. Проста такія выразы – ёсьць жа нейкая этыка?”

У адказ на гэта хочацца толькі дадаць, што мова беларускіх афіцыйных СМІ, асабліва тэлебачаньня, гэтаксама далёкая ад стандартаў этыкі.

У рэдакцыі “Московского комсомольца”, як і прагназаваў спадар Гардзейчык, на заяву беларускай амбасады не зьвярнулі ніякай увагі. Наколькі я зразумеў, тэкст абурэньня дыпляматаў у рэдакцыю калі й патрапіў, то адкладзены на разгляд да іншых часоў. Прынамсі, у аддзеле палітыкі мне наўпрост сказалі: пазыцыя рэдакцыі адносна падзеяў у Расеі і сьвеце й надалей застаецца ўнутранай справай выданьня. Іншымі словамі, карэктаваць свае погляды з-за таго, што камусьці яны не падабаюцца, у “Московским комсомольце” не зьбіраюцца.
XS
SM
MD
LG