Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі інстытут за дэмакратыю: Вынікі выбараў у Беларусі былі вырашаныя задоўга да галасаваньня


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Асноўнае заключэньне місіі назіральнікаў Амэрыканскага інстытуту за дэмакратыю ва ўсходняй Эўропе: вынікі выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі былі вырашаныя задоўга да галасаваньня.

Амэрыканскі Інстытут за дэмакратыю ва ўсходняй Эўропе стварыў місію з 18 незалежных журналістаў з Азэрбайджану, Чэхіі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі і Польшчы для нагляду за падрыхтоўкай і правядзеньнем рэфэрэндуму і выбараў у Беларусі.

У дадатак да журналістаў, місію прадстаўляў таксама сэнатар польскага Сэйму Збігнеў Рамашэўскі.

Місія працавала з 9 па 18 кастрычніка ў Менску, Бабруйску, Берасьці, Магілёве, Маладэчне, Барысаве і Наваполацку.

Па выніках сваіх назіраньняў, місія апублікавала справаздачу паводле якой, выбары і рэфэрэндум у Беларусі ня толькі не адпавядаюць выбарчым стандартам дэмакратычных краін, але і выбарчаму кодэксу самой Беларусі. Асноўны прынцып дэмакратычных выбараў, гаворыцца ў справаздачы, гэта іх празрыстасьць, калі грамадзяне могуць упэўніцца ў тым, што канчатковы вынік выбараў адпавядае іх волевыяўленьню. Празрыстасьці на гэтых выбарах не было, гаворыцца ў справаздачы.

Сярод парушэньняў перадвыбарчага і выбарчага працэсаў назіральнікі асабліва адзначалі непрыхаваны прапагандысцкі ціск на выбарцаў праз афіцыйныя газэты, радыё і тэлебачаньне, і адначасова перашкоды з боку дзяржаўных структур для апазыцыі давесьці да насельніцтва альтэрнатыўны пункт гледжаньня.

Справаздача адзначае таксама ціск на выбарцаў праз прымус датэрміновага галасаваньня і перавод працы дзяржаўных служачых перад самымі выбарамі з пастаяннага на аднагадовую кантрактную аснову.

Сярод непрымальнай практыкі, якая назіралася па ўсёй краіне місія адзначыла наступнае: 1.

Афіцыйная прапаганда і плякаты з падкрэсьленым “ЗА” на выбарчых участках.

2.

Адсутнасьць кабін для таемнага галасаваньня. У прыклад прыведзена галасаваньне на ўчастку №26 у Маладэчне, дзе выбарцы мусілі галасаваць у прысутнасьці міліцыі і старшыні камісіі.

3.

Парушэньні працэдуры захаваньня скрынь з бюлетэнямі і падліку галасоў.

4.

Амаль поўная адсутнасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях.

5.

Незаконнае выдаленьне імёнаў выбарцаў са сьпісу зарэгістраваных выбарцаў.

6.

Зьняцьцё з балятаваньня прэтэндэнтаў ад апазыцыі па сфальсыфікаваных ці абсурдных прычынах. Справаздача называе прынамсі 20 апазыцыйных кандыдатаў зьнятых такім чынам.

“У выніку назіраньня за выбарчым працэсам і падлікам галасоў мы заключаем, – гаворыцца ў справаздачы місіі назіральнікаў Інстытут за дэмакратыю ва ўсходняй Эўропе, – што афіцыйна апублікаваныя вынікі выбараў не адлюстроўваюць сапраўднага волевыяўленьня беларускіх выбаршчыкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG