Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ дэпартуе двух грамадзянаў ЗША


Альгерд Невяроўскі, Менск Супрацоўнікамі КГБ Магілёўшчыны прынятае рашэньне аб дэпартацыі двух грамадзянаў ЗША, якія нібыта займаліся незаконнай місіянэрскай дзейнасьцю. Паводле Магілёўскай абласной управы КГБ, амэрыканцы былі прапаведнікамі Царквы Ісуса Хрыста сьвятых апошніх дзён, ці мармонамі.

Пра рашэньне аб дэпартацыі двух грамадзянаў ЗША са спасылкай на УКГБ па Магілёўскай вобласьці паведамілі інфармацыйныя агенцтвы “Інтэрфакс” і БелТА.

Паводле КГБ, двое амэрыканцаў, што прыехалі ў Беларусь па лініі міжнароднай дабрачыннай грамадзкай арганізацыі “Сафія” насамрэч займаліся незаконнай місіянэрскай дзейнасьцю, прапагандуючы веравучэньне мармонаў.

Паводле беларускага закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў” прапаведаваць у Беларусі можа толькі афіцыйна зарэгістраваны ў органах улады замежны місіянэр і ў рэлігійнай зарэгістраванай абшчыне.

Супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру “Свабода сумленьня” Станіслаў Акінчыц так пракамэнтаваў гэтае здарэньне:

(Акінчыц: ) “Гэтая сытуацыя з аднаго боку ёсьць цалкам у рэчышчы сёньняшняга беларускага заканадаўства. Але так склалася, што сам беларускі закон істотна абмяжоўвае свабоду веравызнаньня. І таму ўсякія спробы місіянэрскай дзейнасьці, разьвіцьця рэлігійных абшчынаў аказваюцца па-за межамі закону”.

Сказаў супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру “Свабода сумленьня “ Станіслаў Акінчыц.

Амбасада ЗША ў Менску пакуль ніяк не камэнтуе гэтае здарэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG