Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэдактара газэты "Навінкі" Паўлюка Канавальчыка напалі невядомыя


Севярын Квяткоўскі, Менск Пацярпелы патрапіў у рэанімацыю менскага клінічнага шпіталю №2. Цяпер стан здароўя Паўлюка Канавальчыка нармалізаваны, але вымагае амбуляторнага лекаваньня.

Невядомыя падышлі ды пырснулі ў вочы Паўлюку Канавальчыку з газавага балёнчыка ў цэнтры Менску, непадалёк станцыі мэтро "Няміга". Вось сьведчаньне самога пацярпелага:

(Канавальчык: ) "Я не пасьпеў зарыентавацца: хто-што, я быў заняты размовай па тэлефоне. У момант, калі я павярнуў галаву, мне адразу у твар пырснулі газавым балёнчыкам. У мяне быў шокавы стан. Пры мне быў мабільнік і пэўная сума грошай, але рабаваньня не было".

Адразу па нападзе Паўлюк Канавальчык цалкам згубіў зрок. Праз пэўны час выпадковыя мінакі дапамаглі пацярпеламу дабрацца да шпіталя. Цяпер зрок вярнуўся, і Паўлюк Канавальчык называе свой стан здароўя неблагім.

У 1997 годзе на галоўнага рэдактара сатырычнай газэты "Навінкі" адбыўся напад, яго жорстка зьбілі. Пра цяперашні напад Паўлюк Канавальчык мае некалькі вэрсіяў: альбо хуліганства, альбо перасьлед паводле палітычных матываў.

Варта заўважыць, што нядаўна "Навінкі" прэзэнтавалі сатырычна агучаны фільм "Анастасія Слуцкая". Сваю вэрсію "навінкаўцы" назвалі "Александрыя Шклоўская". Паўлюк Канавальчык адмовіўся ад узбуджэньня крымінальнай справы, бо ня ўстане апазнаць злачынцаў.
XS
SM
MD
LG