Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады цэнзуруюць праграмы РТР


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія гледачы раніцай не змаглі пабачыць сюжэту пра выбары і рэфэрэндум у Беларусі ў аналітычнай праграме тэлеканалу РТР “Весьці тыдня”. Ён быў заменены на рэклямны блёк.

Сюжэт пра выбары і рэфэрэндум у Беларусі ў праграме РТР “Весьці тыдня” быў востры, Аляксандра Лукашэнку параўналі зь Фідэлем Кастра, Аўгуста Піначэтам, былі паказаныя кадры разгону маніфэстацыяў праціўнікаў рэфэрэндуму ў Менску.

Тое, што ў ранішнім эфіры гэты сюжэт быў забаронены беларускімі ўладамі для вяшчаньня на сваю краіну, зразумела, кажуць прадстаўнікі тэлеканалу, але ніякага афіцыйнага пратэсту з на гэты конт няма. Гаворыць супрацоўнік РТР Андрэй Качура:

(Качура: ) “Кіраўніцтва РТР ужо даўно зьмірылася, што на тэрыторыі Беларусі з нашым тэлеканалам робяць усё, што захочуць. Мы адказваем, я мяркую, дастаткова годна, у эфіры”.

Адносіны зь беларускімі ўладамі ў галоўнага расейскага тэлеканалу застаюцца напружаныя. На выбарах і рэфэрэндуме ў Беларусі не было акрэдытавана ніводнай здымачнай групы РТР.

Бюро РТР у Менску, закрытае за асьвятленьне акцыі апазыцыі 21 ліпеня, дагэтуль не аднавіла працу. Заяўка на акрэдытацыю была пададзеная ў МЗС два месяцы таму, але яе ніхто не разглядае, — паведаміў супрацоўнік тэлекампаніі РТР Андрэй Качура.

Беларускі тэлеканал СТВ працягвае укараняць у РТР сваю праграму “Экспэрт” прапагандысцкага зьместу, на што няма дазволу РТР. Прычым першыя выпускі незаконна ішлі зь лягатыпам “РТР”.
XS
SM
MD
LG