Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджае, што арыштаваных няма, тым часам на Акрэсьціна застаюцца 15 удзельнікаў пратэсту


Любоў Лунёва, Менск У менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна застаецца 15 палітвязьняў, арыштаваных за ўдзел у апазыцыйнай акцыі пратэсту 19 кастрычніка. Шпіталізаваны лідэр АГП Анатоль Лябедзька з чэрапна-мазгавой траўмай і гематомай нырак. Яшчэ адзін сябра партыі Аляксандар Валчанін — у 5-м клінічным шпіталі з гіпэртанічным крызам. Тым часам у прапагандысцкіх праграмах беларускага тэлебачаньня шторазу паўтараецца, што ніхто ня быў затрыманы і асуджаны, што і пацярпелых таксама няма.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна колькасьць палітвязьняў скарацілася ўдвая. Выйшлі тыя ўдзельнікі дэманстрацыяў, якіх пакаралі на 3 і 5 сутак арышту. Сярод іх Ірына Пярвойкіна, Максім Вінярскі, Тацяна Ялавая, Марыя Гансецкая, Аляксандра Гаеўская, Алег Раднаеў ды іншыя. За кратамі застаюцца лідэр “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч і лідэр Маладога фронту Павал Севярынец. Разам зь імі трымаюць найбольш актыўных удзельнікаў вулічных акцыяў, сяброў Маладога фронту, моладзевага руху “Зубр” і Партыі свабоды — Артура Фінькевіча, Дар’ю Малдаванаву, Руслана Харкевіча, Паўла Красоўскага, Паўла Юхневіча ды іншых, разам 15 чалавек. Іх пакаралі суткамі арышту — ад 10 да 15.

Дзяржаўнае тэлебачаньне дэманстравала рэпартаж пра акцыяў апазыцыі. Падзеі ў Беларусі параўналі з ранейшымі падзеямі ў Югаславіі й Грузіі. Пры гэтым спаслаліся на велікадушнасьць і дэмакратызм беларускіх уладаў, бо, паводле інфармацыі БТ, толькі адзін раз затрымалі некалькіх удзельнікаў дэманстрацыі, але праз паўгадзіны ўсіх адпусьцілі. Анатоль Лябедзька заявіў Радыё Свабода:

(Лябедзька: ) “Няма ў нас тэлебачаньня, тым больш дзяржаўнага. У нас ёсьць агенцыя імя Іосіфа Гёбэльса, якое й займаецца сваёй працай. Натуральна, яно ніколі ня будзе гаварыць праўды. Што тычыцца людзей зьбітых, скалечаных, то іх дзясяткі. Не выходзячы за межы сваёй сям’і, скажу, што за мной было паляваньне, дык і сын мой зьбіты. Палкай ударылі па сьпіне, пад дых, рукі зьбітыя… Я думаю, такіх сем’яў у Беларусі шмат. Але пра гэта ня будуць казаць. Будуць гаварыць пра сыноў Аляксандра Лукашэнкі, якія яны добрыя хакеісты. Пра тое, што яны ня ў бізнэсе, але езьдзяць на шыкоўных іншамаркаў коштам дзясяткі тысяч даляраў і жывуць за кошт падаткаплатнікаў у шыкоўных дамах. Пра гэта ня будуць гаварыць. Гэта папросту прапаганда”.

Усе палітвязьні атрымалі харчовыя перадачы, сьвежую прэсу і цёплыя рэчы.
XS
SM
MD
LG