Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура вывучае матэрыялы прэсавай канфэрэнцыі “Пяцёркі плюс”, на якой за 4 дні да выбараў Калякін прадказаў афіцыйныя вынікі


Галіна Абакунчык, Менск Пракуратура пацьвердзіла факт завядзеньня крымінальнай справы з нагоды прэсавай канфэрэнцыі лідэраў народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. На прэсавай канфэрэнцыі 13 кастрычніка сёлета было заяўлена пра магчымае фальшаваньне вынікаў галасаваньня.

У кіраўніцтве партыі паведамілі, што пра адкрыцьцё крымінальнай справы ведаюць паводле чутак, але ніякіх афіцыйных паведамленьняў пра гэта яны не атрымлівалі. Не пацьвердзіў факту крымінальнага перасьледу Сяргея Калякіна й прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Юры Азаронак:

(Азаронак: ) “Распачатая крымінальная справа не пэрсанальная, а па факце прэсавай канфэрэнцыі. Калі дасьледаваньне будзе закончанае, стане вядома, хто й што гаварыў, якія падставы для гэтага былі, тады будзе прымацца рашэньне пра адкрыцьцё альбо неадкрыцьцё пэрсанальнай крымінальнай справы”.

Лідэр партыі Сяргей Калякін у інтэрвію Свабодзе заявіў, што не выключае магчымасьці пэрсанальнага крымінальнага перасьледу, а розныя чуткі пра гэта называе спробай дыскрэдытацыі палітычных апанэнтаў улады. Гаворыць Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “За чатыры дні да выбараў я прывёў вынікі, які пазьней пацьвердзіліся цягам выбараў. Гэта вельмі сур’ёзна й па вялікім рахунку трэба было праводзіць дасьледаваньне паводле факту фальшаваньня волевыяўленьня грамадзянаў. А спроба іншага расьсьледаваньня — гэта спроба ўплываць на грамадзкую сьвядомасьць, каб мы пра гэта не гаварылі. У нашай краіне можа быць усё”.

Цяпер пракуратура мусіць выявіць ці ўтрымліваюць факт абразы гонару й годнасьці службовых асобаў перадвыбарчыя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты Марыны Багдановіч, Аляксандра Цынкевіча і Алега Воўчака. З гэткай ініцыятывай у пракуратуру зьвярнуўся Цэнтарвыбаркам.
XS
SM
MD
LG