Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты дзень галадоўкі рэдактара ваўкавыскай газэты


Сяргей Астраўцоў, Горадня Шосты дзень галадае галоўны рэдактар недзяржаўнай ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч. Ён патрабуе, каб Міністэрства інфармацыі дазволіла аднавіць выхад газэты, каб мясцовыя ўлады далі дазвол на разьмяшчэньне рэдакцыі, каб былі разгледжаны парушэньні на выбарах і рэфэрэндуме. 14 кастрычніка міністэрства прыпыніла выхад газэты на адзін месяц.

Андрэй Шантаровіч сёньня сказаў мне, што хочацца есьці, але ён стрымліваецца, п’е толькі ваду. За станам здароўя сочыць адзін яго знаёмы доктар прыватным чынам.

Рэакцыя на галадоўку была: прыяжджаў памочнік пракурора, забраў відэадыск з запісам парушэньняў на выбарчых участках, якія зафіксаваў сам Андрэй Шантаровіч напярэдадні выбараў. Ён гаворыць, што яго падтрымліваюць чытачы, проста жыхары гораду: тэлефануюць, заходзяць у рэдакцыю, дзе ён праводзіць галадоўку. Яны хочуць зноўку атрымліваць незалежную газэту.

У Ваўкавыску існуе таксама раёнка “Наш Час”. Я вырашыў пацікавіцца там, як яны ставяцца да спыненьня “Местной газеты” і галадоўкі іхняга калегі? І вось што мне адказалі:

(Карэспандэнтка: ) “Разумееце, у нас як бы іншая газэта, ня “Местная”, ён рэдактар “Местной газеты”, а ў нас раённая. Так, мы ведаем, што ён галадае, але, паколькі ён – канкуруючая арганізацыя, наша пазыцыя вам павінна быць зразумелай”.

Я паспрабаваў удакладніць, і ў рэдакцыі раёнкі мне сказалі, што займаюць нэўтральную пазыцыю адносна сытуацыі ў “Местной газете” і галадоўкі галоўнага рэдактара.

Нагадаем, што падставай для прыпыненьня выхаду “Местной газеты” сталася тое, што газэта выходзіць на Гарадзеншчыне, а павінна распаўсюджвацца па ўсёй краіне, што быў надрукаваны артыкул аб прыпыненьні выхаду “Новой газеты Сморгони”, зьмест якога не спадабаўся ў міністэрстве. Нарэшце, у “Местной газете” надрукавалі рэкляму кавярні бяз нумару ліцэнзіі, а ў адрасе сталічнай друкарні зьнікла назва гораду. Усё гэта разам дазволіла Міністэрству інфармацыі накласьці месячную забарону на выпуск выданьня.
XS
SM
MD
LG