Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як захаваць ногі здаровымі ў зімовы пэрыяд


Кастусь Бандарук, Прага Як узімку дбаць пра ногі? Некалькі парадаў вядомага амэрыканскага падыятра (спэцыяліста на хваробы ног) Арнольда Равіка.

Паводле спэцыялістаў, цягам усяго дня чалавек робіць у сярэднім ад 6 да 8 тысяч крокаў. Калі рукі выразна сьведчаць пра ўзрост чалавека і ягоную прафэсію, дык ад ног залежыць самаадчуваньне, працаздольнасьць і настрой.

Паводле старажытнай кітайскай мэдыцыны, ступня зьяўляецца люстрам ўсяго арганізму. Адпаведнае месца на ступні адпавядае канкрэтнаму органу. Напрыклад, некалькі пунктаў на вялікім пальцы нагі адпавядаюць гіпофізу, носу, правай частцы галаўнога мозгу і патыліцы.

Існуе цэлая галіна мэдыцыны, званая “рэфлексатэрапіяй”. Спэцыфічныя праблемы з нагамі, такія як ацёк, могуць сьведчыць пра хваробу сэрцава-судзіннай сыстэмы і нырак. Грыбок на нагах, патлівасьць ног, мазалі, пашырэньне капіляраў – усё гэта сур’ёзныя падставы, каб зьвярнуцца да лекара.

Калі на зіму людзі адкладаюць летнія сандалі ды іншы лёгкі абутак, яны, мабыць, не задумваюцца над тым, як іхныя ногі будуць прыстасоўвацца да цёплых ботаў. Многія людзі лічаць, што зімою можна дбаць пра ногі меней, паколькі іх ніхто не бачыць. Аднак насамрэч – наадварот, узімку трэба дбаць пра ногі болей, чым улетку.

“Ногі пачынаюць больш пацець, і калі яны ахутаныя тоўстым абуткам і шкарпэткамі, яны больш падатлівыя на грыбныя інфэкцыі”, лічыць Арнольд Равік з Амэрыканскага Падыятрычнага Мэдычнага Таварыства. “Акрамя таго, зімою ногі часьцей перасыхаюць”, кажа ён.

Грыбкі на нагах – гэта мікраарганізмы, якія могуць зьявіцца на мёртвых альбо адміраючых тканках і звычайна пасяляюцца на падэшвах і пазногцях. Людзі пераважна заражаюцца грыбком, калі ходзяць басяком у публічных месцах. Грыбок можа хавацца ў вільготных шкарпэтках або гумовым абутку. Ён можа жыць унутры зімовага абутку цягам усяго лета, чакаючы спрыяльнага моманту, каб заразіць нас.

На жаль, людзі не заўсёды адразу ўсьведамляюць, што ў іх разьвілася грыбная інфэкцыя. Для шмат каго грыбок асацыяюецца з расколінамі й пухіркамі паміж пальцамі, аднак яны не зьвяртаюць увагі на сухасьць і лушчэньне скуры. Часам грыбкі на скуры могуць пашырацца на пазногці, або зь іх пачынацца, калі пазногаць пашкоджаны альбо зламаны.

Грыбковая інфэкцыя на пазногцях звычайна выяўляецца жаўтаватай альбо чырванаватай афарбоўкай пазногцяў. Яны могуць могуць таўсьцець і дэфармавацца. Пазногцевая інфэкцыя вельмі ўстойлівая. Нават калі акуратна мыць ногі й шкарпэткі, мікраскапічныя часьціны пазногцяў і скуры трапляюць у абутак. Вось таму спэцыялісты рэкамэндуюць распыльваць ў свой абутак спэцыяльныя супрацьгрыбковыя спрэі.

У халодныя месяцы ногі больш схільныя да перасыханьня і ломкі пазногцяў. Недахоп вільготнага паветра, тоўстыя шкарпэткі й абутак спрыяюць лушчэньню скуры на нагах. Хаця ў халоднае надвор’е ў нас можа зьявіцца спакуса прыймаць гарачы душ альбо ванну, аднак Арнольд Равік перасьцерагае, што гарачая вада пашкоджвае й высушвае скуру.

Калі ў вас трэшчыны на падэшвах і на пятках, скарыстоўвайце пемзу, пасьля абмываньня гарачай вадой высушце ногі й памажце іх крэмам. Гэта можа быць крэм з праполісам альбо маслам чайнага дрэва, вазэлінам альбо какосавым маслам. У такім выпадку пажадана абвязаць ногі бінтом альбо надзець шкарпэткі. Калі трэшчыны крывавяць, неабходна скарыстаць крэм з антыбіётыкам, каб прадухіліць інфэкцыю. Калі ў Вас ногі проста стомленыя, мачыце іх у летняй вадзе з дадаткам кухоннай солі альбо з дадаткам вываркі з рамонку, мяты ці ляванды.

Хаця адмарожаньне ног здараецца ў крайніх выпадках, варта памятаць, што яно магчымае ўжо пры тэмпэратуры мінус 9 градусаў Цэльсія. Доктар Равік папярэджвае, што ў выпадку адмарожаньня ног для абмываньня лепш скарыстаць ваду хатняй тэмпэратуры, бо гарачая вада выкліча пякоту. Калі шкарпэткі не прыляпіліся да адмарожанай нагі, іх трэба зьняць. У іншым выпадку іх трэба пакінуць на нагах, пакуль адмарожаная частка не сагрэецца. Калі адмарожаныя ногі пачарнелі й на іх зьявіліся пухіры, неабходнае шпітальнае лячэньне з выкарыстаньнем антыбіётыкаў.

Дзеля таго, каб у часе зімы пазьбегнуць грыбковых інфэкцыяў і каб ногі можна было паказаць ў летні час, Арнольд Равік рэкамэндуе наступнае:

-мяняйце шкарпэткі кожны дзень; -абутак можа быць ня модны, але павінен быць выгадны і як правіла на нумар большы, з улікам месца для тоўстых шкарпэтак; -утрымлівайце ногі чыстымі і сухімі; -насіце шкарпэткі са 100-працэнтнай бавоўны; -калі ногі выстуджаныя, разагравайце іх не гарачай, але ў летняй вадзе; -не адагравайце ног ля адкрытага агню. Лепш выкарыстоўвайце электрагрэлку; -калі ёсьць прыкметы пашкоджаньня тканінаў, неадкладна зьвярніцеся да лекара.
XS
SM
MD
LG