Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выпусьцяць Міхаіла Марыніча на волю на гэтым тыдні?


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларускі рынак” паведамляе ў сёньняшнім нумары, што на гэтым тыдні споўніцца шэсьць месяцаў з дня арышту вядомага грамадзкага дзеяча Міхаіла Марыніча. Паводле заканадаўства, праваахоўныя органы мусяць пасьля гэтага тэрміну вызначыцца: выпусьціць спадара Марыніча на волю альбо падоўжыць яго знаходжаньне пад вартай. Адметна тое, што чатыры апошнія месяцы ніякіх сьледчых дзеяньняў па справе апазыцыйнага палітыка не вялося. За гэты ж час у спадара Марыніча, паводле мэдыкаў, пагоршылася здароўе. Аднак, як заўважае штотыднёвік, улады на такія акалічнасьці не зьвяртаюць увагі й працягваюць утрымліваць яго ў сьледчым ізалятары КГБ – так званай “амэрыканцы”.

Дарэчы, прысьвячае “Беларускі рынак” адну са сваіх сёньняшніх публікацыяў і яшчэ аднаму вязьню “амэрыканкі” – грамадзяніну ЗША Ільлі Мафтэру, якога беларускі КГБ затрымаў 15 кастрычніка. Як вядома, паводле афіцыйнай вэрсіі, спадар Мафтэр нібыта быў затрыманы за злоўжываньні ў сфэры тэлефоннай сувязі. Аўтар публікацыі Сяргей Балыкін тлумачыць чытачам штотыднёвіка тэхнічны сэнс меркаванага парушэньня, якое інкрымінуецца амэрыканскаму грамадзяніну.

Да тэмы парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, што адбыліся 17 кастрычніка, зьвярнулася лунінецкая газэта “Информ-прогулка”. Яна зазначае, што ў гэтым рэгіёне агітацыйная кампанія была адметная няроўнымі ўмовамі. Нягледзячы на наяўнасьць трох прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у акрузе, Лунінец быў запоўнены перадвыбарчымі плякатамі толькі аднаго зь іх. Што тычыцца рэфэрэндуму, то ў гэтым горадзе таксама паўсюдна можна было бачыць агітацыйныя матэрыялы толькі ў яго падтрымку. Апроч таго, ва ўсіх кабінах для галасаваньня выбарцам прапаноўваўся “ўзор” як галасаваць. І на гэтым “узоры” было, відавочна, толькі слова “за”.

Паінфармавала лунінецкае выданьне сваіх чытачоў і пра стан эканомікі раёна. Дык вось, паводле статыстычных зьвестак за тры кварталы сёлетняга году, ніякага эканамічнага росквіту тут не назіраецца. У прыватнасьці, зараз на Лунінеччыне 23 стратныя прадпрыемствы, што складае больш трэці ўсіх мясцовых прадпрыемстваў. З вырабляемых у раёне 55 найважнейшых відаў прадукцыі вытворчасьць зьнізілася па 34 відах. Менш, як летась, пастаўлена мясцовай прадукцыі на экспарт. Пра тое, што лунінецкая прадукцыя карыстаецца нізкім попытам у пакупнікоў, сьведчаць і вялікія запасы прадукцыі на складах. А рамонтна-мэханічны завод і наогул так “затаварыўся”, што на ягоных складах прадукцыі зараз у 4 разы больш, чым гэтае прадпрыемства вырабляе за месяц.

А вось у “Віцебскім кур’еры” тэмы выбараў, рэфэрэндуму, эканомікі і сацыяльнага клопату пра грамадзтва знайшлі адлюстраваньне ў адной публікацыі. У ёй распавядаецца пра тое, як у Віцебску жыхары новага дому вырашылі байкатаваць палітычную падзею 17 кастрычніка з той прычыны, што доўгі час пакутавалі бяз газа, цяпла і гарачай вады. За два дні да выбараў і рэфэрэндуму жыхарам у тэрміновым парадку падключылі ацяпленьне. Аднак радасьць іх была нядоўгай. Зараз у кватэрах гэтага дому зноў пануе холад.
XS
SM
MD
LG