Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перавод Інстытуту лесу ў падпарадкаваньне міністэрства лясной гаспадаркі не абыдзецца бяз стратаў


Казімір Яноўскі, Гомель Навукоўцы гомельскага Інстытуту лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзрушаны зараз магчымым пераводам установы ў падпарадкаваньне міністэрству лясной гаспадаркі. Гэта можа прывесьці да згортваньня некаторых навуковых дасьледаваньняў чарнобыльскага накірунку.

Адкуль зыходзіць ініцыятыва перападпарадкаваньня Інстытуту лесу міністэрству лясной гаспадаркі? Дырэктар Інстытуту лесу, акадэмік Віктар Іпацьеў сьцьвярджае, што ідэя пераводу навукова-дасьледчай установы пад юрысдыкцыю міністэрства лясной гаспадаркі абмяркоўвалася ў Нацыянальнай акадэміі навук. Робіцца гэта нібыта зь ініцыятывы самога кіраўніка акадэміі. “Спадара Мясьніковіча”, удакладніў Віктар Іпацьеў.

Паводле акадэміка, такі крок немінуча прывядзе да скарачэньня фінансаваньня перш за ўсё фундамэнтальных дасьледаваньняў.

(Іпацьеў: ) “Упершыню ў сьвеце мы сталі ачышчаць зямлю ад радыёнуклідаў лесам. Гэтага яшчэ ніхто ня робіць, а мы ў Гомелі робім. Наперадзе распрацоўка мэтадаў ачысткі лясных грыбоў, ягад, сельгасугодзьдзяў. Гэта ўсё дасьледаваньні, якія вядуцца па лініі Камчарнобылю і наўрад ці знойдуць падтрымку ў міністэрстве лясной гаспадаркі. На Саўміне нядаўна, будучы ў рабочай групе, я выступіў супраць зьліцьця дрэваапрацоўчай прамысловасьці і лясной гаспадаркі. Гэта быў бы канец лесу. Цяпер вось на нас хочуць накінуць аброць”.

Каля 80 адсоткаў навуковых дасьледаваньняў інстытуту зьвязаны з чарнобыльскімі тэмамі. Інстытут зьяўляецца лідэрам у галіне лясной радыялёгіі, генэтыкі, лесаўзнаўленьня. Навукоўцы вядуць маніторынг заражанага радыяцыяй лесу, вызначаюць пэрспэктывы і рэабілітацыйныя меры.

Ёсьць, безумоўна, у Інстытута і прыкладныя навуковыя тэмы, прызначаныя менавіта для міністэрства лясной гаспадаркі. Аднак без фундамэнтальных дасьледаваньняў бяднее і прыкладная навука.

Існуе такое меркаваньне, што калі ў краіне бракуе грошай на навуку, то лепей аддаць перавагу не фундамэнтальным, а прыкладным дасьледаваньням. Можа, сапраўды ёсьць рэзон у пераводзе некаторых навукова-дасьледчых установаў пад крыло адпаведных міністэрстваў ці ведамстваў?

Безумоўна, аптымізацыя неабходная ва ўсім, у навуцы таксама. Некаторыя дасьледчыкі зважаюць, што асобныя навуковыя тэмы ў таго ж Інстытуту лесу пераклікаюцца са сталічнымі Інстытутам батанікі, Тэхналягічным унівэрсытэтам. Але наўрад ці мэтазгодна прыбіраць дасьледчыя ўстановы, якія вызначаюць многія навуковыя напрамкі.

Паглядзіце, што сталася з навукова-дасьледчымі інстытутамі, якія прымусова пераведзены зь Менску ў Гомель, у арганізаваны тут Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. Па сутнасьці, страчаны цэлыя навуковыя калектывы, у прыватнасьці – сталічнага навукова-дасьледчага Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі. Багата страціў навукоўцаў пры пераводзе ў Гомель Інстытут радыёбіялёгіі Акадэміі навук. Скасаваны ў абласным цэнтры Інстытут матэматыкі.

Выглядае, што ідэя адлучэньня Інстытуту лесу ад Нацыянальнай акадэміі навук таксама не абыдзецца бяз стратаў – гэта калі справа ўсё-ткі дойдзе да рэальнага пераводу Інстытуту лесу пад крыло міністэрства лясной гаспадаркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG