Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Менску завяршыўся міжнародны тэатральны фэстываль “Панарама”


Іна Студзінская, Менск Цягам дзесяці дзён у Менску праходзіў першы Міжнародны фэстываль тэатральнага мастацтва “Панарама”. Гэты форум прыйшоў на зьмену фэстывалю “Адкрыты фармат”, які некалькі гадоў запар праходзіў у Менску. Новы міжнародны фэстываль стаў сапраўднай падзеяй для аматараў тэатру.

Шчыра кажучы, беларуская публіка ўжо адвыкла ад гастроляў цікавых тэатральных калектываў. У лепшым выпадку, у Менск прыяжджаюць пара-тройка маскоўскіх ці піцерскіх зорак з антэрпрызамі. А тут – вельмі цікавыя творчыя калектывы з Кіеву, Бялграду, Вільні, Масквы з паўнавартаснымі спэктаклямі. Да таго ж, цудоўная магчымасьць для маладых рэжысэраў стварыць і паставіць міні-спэктаклі літаральна за некалькі дзён у праекце “Тэатар “On-line”.

Замежных гасьцей было ня вельмі шмат. Сярод удзельнікаў фэстывалю – Маскоўскі драматычны тэатар імя Станіслаўскага, “Тэатар Каршуноваса” зь Вільні, Кіеўскі акадэмічны драмтэатар імя Франко, Нацыянальны тэатар Сэрбіі (Бялград).

Сапраўдны фурор выклікаў спэктакль Нацыянальнага тэатру Бялграду “Фрэкен Жулі” паводле п’есы Стрындбэрга ў пастаноўцы вельмі папулярнага сэрбскага рэжысэра Сцева Жыгана. Усю гаму пачуцьцяў, пакуты, жарсьці, пошукі галоўнай гераіні бліскуча перадае зорка сэрбскай сцэны Івана Жыган (дачка рэжысэра). Нягледзячы на тое, што спэктакль ішоў з сынхронным перакладам, менская публіка дастойна ацаніла цудоўную гульню акторкі. Мастацтвазнаўца прафэсар Тацяна Арлова таксама адзначыла менавіта гэтую пастаноўку:

(Арлова: ) “Фрэкен Жулі” Стрындбэрга, і перш за ўсё – актрысу Івану Жыган у галоўнай ролі, вельмі прыгожую, эмацыйную, вельмі таленавітую. Я яе ўжо бачу каторы раз. Мне здаецца, што гэта вельмі цікавая праца”.

Беларуская публіка надзвычай цёпла сустракала і кіеўлянаў, якія паставілі антычную трагедыю Сафокла “Цар Эдып” з народным артыстам СССР і Ўкраіны, знакамітым Багданам Ступкам у галоўнай ролі. У спэктаклі не было антычных строяў ды іншых прыкметаў часу, але вялікую ролю рэжысэр Робэрт Стуруа надаў плястычнаму і музычнаму рашэньню спэктаклю. Стуруа стварыў міні-дэтэктыў, дзе, так бы мовіць, “сьледчы” раскручвае справу, вінаватым у якой зьяўляецца ён сам. І акцэнт зроблены не на вядомым “эдыпавым комплексе”, а на пачуцьці віны і непазбежнасьці адплаты. Працягвае мастацтвазнаўца Тацяна Арлова:

(Арлова: ) “Безумоўна, у чымсьці вельмі падобны па манэры з тэатрам Янкі Купалы – спэктакль вядучага украінскага тэатра імя Франко “Цар Эдып” з Багданам Ступкам у галоўнай ролі, пастаноўка Робэрта Стуруа. Такі тэмпэрамэнтны тэатар, цудоўная музыка Гія Качэлі”.

Дарэчы, прыканцы лістапада Нацыянальны акадэмічны драмтэатар імя Франко прывязе ў Менск чатыры спэктаклі, а пазьней і Купалаўскі тэатар выступіць перад кіеўлянамі.

А як выглядалі беларускія тэатральныя калектывы на фоне замежных гасьцей? Зь беларускіх творчых калектываў у фэстывалі бралі ўдзел Купалаўскі тэатар, Моладзевы тэатар, Новы драматычны тэатар, Тэатар-студыя кінаактора, Коласаўскі тэатар зь Віцебску, Гомельскі абласны драмтэатар. Бальшыня беларускіх спэктакляў прысьвечаныя 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі. Купалаўцы паказалі спэктакль “Эрык XIV” – таксама паводле Стрындбэрга. Публіка яго ўспрымала лепш, чым летам. І зноў прапаную паслухаць меркаваньне адмыслоўцы, мастацтвазнаўцы Тацяны Арловай:

(Арлова: ) “Калі гэты спэктакль у дзень прэм’еры напачатку лета вельмі многіх аматараў тэатру не задаволіў сваёй якасьцю, унутранай, акторскай, выканальніцкай, то зараз мы ўсе заўважылі, што тэатар вельмі вырас, стаў нашмат глыбей, значна цікавей працуюць акторы. І мы на вельмі высокім узроўні, я лічу”.
XS
SM
MD
LG