Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўнік Ватыкану прапанаваў Філарэту правесьці экумэнічную сустрэчу па пытаньнях умацаваньня сям’і


Сяргей Астраўцоў, Менск Зь пятніцы ў Беларусі з гасьцявым візытам знаходзіцца Кардынал Альфонса Лопэс Трухільё з Ватыкану. Ён зьяўляецца кіраўніком Папскай Рады ў пытаньнях сям’і, гэта – ранг міністра. У Беларусь ён прыехаў па запрашэньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў. У нядзелю 24 кастрычніка ў Горадні кардынал Трухільё правёў набажэнства ў Катэдральным касьцёле, а ўвечары прачытаў лекцыю пра сям’ю й шлюб для навучэнцаў каталіцкай сэмінарыі, ксяндзоў, грамадзкасьці й журналістаў.

Скажу адразу, што журналістам паабяцалі, што пасьля лекцыі яны змогуць задаць пытаньні прадстаўніку Ватыкану. Але былі агучаны толькі пытаньні па тэме выступу, якія паступілі загадзя. Кардынал Альфонса Трухільё гаварыў пра сям’ю як пра каштоўнасьць, якая ўзьнікла яшчэ ў дахрысьціянскія часы. Ён нагадаў, што толькі ў сям’і можна выхаваць паўнавартага чалавека, ніякая ідэалёгія яе не заменіць. Госьць гаварыў па-італьянску, а перакладалі яго на расейскую.

Выступ кардынала зусім не нагадваў казань. Кардынал гаварыў, што ў некаторых заходніх краінах дазволілі аднаполыя шлюбы. І выказаў спадзяваньне, што да Беларусі гэта ня дойдзе. Касьцёл і супраць таго, каб такім сужэнцам давалі на выхаваньне дзяцей. Бо дзіця выгадуецца і даведаецца, што ў яго два таты альбо дзьве мамы, сказаў кардынал Трухільё.

Ён гаварыў і пра сэксуальную рэвалюцыю, вельмі шмат – пра аборты і кантрацэпцыю. Пакрытыкаваў штучнае запладненьне. Я адчуваў сябе нібы на лекцыі дзесь у мэдунівэрсытэце. Кардынал падрабязна апавядаў, як у прабірку зьмяшчаюць спэрматазоід і яйцаклетку, таму дзіця зачынаецца ня ў час акту каханьня, сказаў ён. Яшчэ ён адмоўна распавядаў пра таблетку Ru-486, якая не дае зацяжарыць.

Кардынал Трухільё ў суботу ўвечары сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам у Менску і прапанаваў яму ў будучыні правесьці супольную экумэнічную сустрэчу, прысьвечаную пытаньням умацаваньня сям’і. Пра гэта ён сказаў, зьвяртаючыся да прысутных праваслаўных сьвятароў. Дарэчы, прысутнічалі таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы.

У панядзелак 25 кастрычніка прадстаўнік Ватыкану пакіне Беларусь.
XS
SM
MD
LG