Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы прайшоў фэстываль беларускай аўтарскай песьні


Галіна Абакунчык, Менск 25 кастрычніка ў Варшаве адбудзецца супольнае паседжаньне за круглым сталом журналістаў польскіх сродкаў масавай інфармацыі й незалежных беларускіх мэдыяў. А 24 кастрычніка ў Бельску-Падляскім завяршыўся трохдзённы фэстываль аўтарскай песьні “Бардаўская восень 2004”.

У конкурсе бралі ўдзел 14 выступоўцаў, а пераможцам журы назвала Тацяну Беланогаву. Другое месца заняла Яўгенія Собаль і трэцім сталася Вольга Казанцава. У якасьці заахвочваньня пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі, а таксама магчымасьць бясплатна запісаць сольны альбом. Дарэчы, за адзінаццаць гадоў існаваньня фэсту пераможцамі былі такія вядомыя выканаўцы, як Віктар Шалкевіч, Андрэй Мельнікаў, Алесь Камоцкі, а ўдзельнікамі – Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч і многія іншыя вядомыя аўтары й выканаўцы.

Акрамя конкурснай праграмы цягам фэстывалю былі арганізаваныя канцэртныя выступленьні ўдзельнікаў, а таксама тэлеэфір на мясцовым тэлебачаньні. Сам жа фэстываль вылучыўся з папулярнага рок-фэсту “Басовішча” – гэткім чынам грамадзкая арганізацыя “Зьвяз беларускай моладзі” ў Польшчы вырашыў захаваць магчымасьць існаваньня сьвята беларускай аўтарскай песьні таксама. Якой ёсьць ідэя “Бардаўскай восені” сёньня, патлумачыў адзін з арганізатараў імпрэзы Ігар Лукашук:

(Лукашук:) “Ну, якая мэта зараз? Такая, каб падтрымоўваць бардаўскую аўтарскую песьню й разьвіваць яе. І гэта добра, добра, што ёсьць удзельнікі конкурсу”.

А хто бярэ ўдзел і якой ёсьць мэта імпрэзы, якая распачынаецца ў Варшаве сёньня? За круглым сталом зьбяруцца журналісты беларускіх і польскіх мэдыяў. Сярод айчынных – гэта прадстаўнікі выключна незалежных СМІ, як, да прыкладу, Іосіф Сярэдзіч, Андрэй Дынько, Сьвятлана Калінкіна й іншыя. З польскіх – журналісты “Газэты выборчай”, польскай тэлевізіі й многіх іншых. Арганізатарам гэтай імпрэзы ёсьць польскі фонд “Прэсавы цэнтр для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”, а таксама грамадзкая арганізацыя Інстытут культуры беларускай. Лідэр гэтай арганізацыі Вольга Мазярска патлумачыла сутнасьць імпрэзы:

(Мазярска: ) “Мы хочам пачуць ад палякаў альбо ад беларусаў канкрэтныя прапановы пра больш сур’ёзную супрацу паміж беларускімі й польскімі мэдыямі ў новых варунках”.

Натуральна, я не магла не пацікавіцца ў спадарыні Мазярскай, наколькі гэтая дыскусія можа быць патрэбнай і карыснай для ўдзельнікаў дыскусіі з польскага боку, і вось што яна паведаміла:

(Мазярска: ) “Цікавасьць да падзеяў у Беларусі вельмі вялікая: многія тэлефануюць і пытаюць, чым могуць дапамагчы. Выглядае, што палякі адчуваюць свой абавязак перад Захадам, які ў свой час ім вельмі дапамагаў, а таму цяпер яны хочуць дапамагчы беларусам. Гэтая дыскусія будзе цікавая яшчэ й тым, што яна адбываецца незадоўга пасьля заявы Эўразьвязу й прэзыдэнта ЗША”.

Паводле спадарыні Мазярскай, у рамках гэтай імпрэзы адбудзецца адкрыцьцё выставы гарадзенскага фотамастака Аляксандра Аліцына, якая пазнаёміць удзельнікаў і гасьцей з помнікамі беларускай гісторыі й архітэктуры.

Нагадаю таксама, што днямі ў адным з найбуйнейшых выданьняў Польшчы, “Газэце выборчай”, быў надрукаваны артыкул, у якім паведамляецца аб прапанове польскіх дэпутатаў Эўрапарлямэнту ізаляваць улады Беларусі й падтрымаць грамадзянаў краіны. А менавіта – стварыць незалежны канал радыё й тэлебачаньня за межамі Беларусі, а таксама заснаваць Эўрапейскае дэмакратычнае аб’яднаньне для падтрымкі беларускай апазыцыі”.
XS
SM
MD
LG