Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія наступствы для Беларусі будзе мець заява Анатолія Чубайса?


Юлія Шарова, Менск Рэалізацыя сумесных праектаў зь Беларусьсю будзе пастаўленая ў залежнасьць ад вынікаў расьсьледваньня фактаў зьбіцьця журналістаў. Такую заяву зрабіў на мінулым тыдні кіраўнік РАО ЕС “Расея” і старшыня рады дырэктараў тэлекампаніі REN TV Анатолій Чубайс. Ён запатрабаваў тады ад кіраўніцтва Беларусі расьсьледваньня інцыдэнту й пакараньня вінаватых. Гэта – адзін зь нямногіх “афіцыйных” расейскіх палітыкаў, што дазволіў сабе досыць рэзкія выказваньні адносна беларускіх падзеяў.

Анатолій Чубайс сёньня – кіраўнік расейскай энэргетычнай манаполіі. Ці можна ўспрымаць ягоную заяву як пэўную пагрозу згарнуць супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў гэтай сфэры, і наколькі гэта сур’ёзная заява, пры тым што і Крэмль, і расейскія заканадаўцы занялі вельмі стрыманую пазыцыю ў беларускім пытаньні?

На думку старшыні аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, Крэмль цяпер не жадае выходзіць “на сьцежку вайны” ды абмяркоўваць праблемы законнасьці рэфэрэндуму й выбараў. Расейскія ўлады чакаюць, што будзе далей, сочаць за рэакцыяй беларускага грамадзтва, і ў далейшых сваіх дачыненьнях з афіцыйным Менскам яны будуць сыходзіць ужо з пытаньня правоў чалавека. Са словаў экспэрта, гэта вядомая тактыка, якую неаднойчы выкарыстоўвалі Злучаныя Штаты. Факты парушэньня правоў чалавека Расея можа потым выкарыстаць – абаперціся на іх пры ўвядзеньні сваіх эканамічных санкцыяў, лічыць спадар Заіка.

(Заіка: ) “Канечне, Беларусь была зацікаўленая ў буйных праектах, у пастаўцы электраэнэргіі на Захад. Тут Расея зьяўляецца стратэгічным партнэрам, бо сама Беларусь пастаўляць нічога ня здолее, ня тыя рэсурсы ў вытворчасьці электраэнэргіі. Натуральна, што па кожным з фактаў парушэньня правоў журналістаў ці расейскіх грамадзянаў расейскі бок будзе больш жорстка, больш рашуча ды ўцямна выяўляць сваю пазыцыю. Вось, напэўна, адзін зь першых крокаў – гэта выступ Чубайса”.

Не выпадкова, што такая заява наконт апошніх беларускіх падзеяў прагучала менавіта з вуснаў Анатолія Чубайса, якія сёньня – найперш гаспадарнік, а не палітык. Ён атрымаў свайго кшталту карт-блянш выказвацца на гэтую тэму, не азіраючыся на Крэмль. Улады далі магчымасьць расейскім палітыкам і мэдыям выяўляць тут куды больш ініцыятывы, кажа экспэрт.

Між тым прэсавы сакратар расейскай амбасады Аляксандар Фралоў ужо заявіў, што інцыдэнт з расейскімі журналістамі ня быў вынікам наўмысных дзеяньняў, яны папросту трапілі пад гарачую руку. Са словаў прадстаўніка дыпляматычнага прадстаўніцтва, у момант, “калі АМОН затрымліваў арганізатараў несанкцыянаванай і, па сутнасьці, незаконнай акцыі, расейскія журналісты выпадкова трапілі туды”. Пры гэтым расейская амбасада яшчэ мае выслухаць саміх журналістаў, у прыватнасьці – кіраўніка беларускага бюро НТВ Віктара Кузьміна, каб разабрацца ў гэтым канфлікце.
XS
SM
MD
LG