Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарская “Оltnertagblatt”: “Беларусь ёсьць надзвычай небясьпечнай тэрыторыяй для працы журналістаў”


Ул. інф. Сёньняшняя швайцарская “Оltnertagblatt” піша пра Вераніку Чаркасаву. Артыкул называецца “Незалежная журналістка паводле перакананьняў”. Газэта ўзгадвае нядаўняе інтэрвію Чаркасавай швайцарскім СМІ, якое журналістка дала некалькі месяцаў таму, увесну, калі прымала ўдзел у мэдыяфоруме ў швайцарскім кантоне Ааргаў.

У Ааргаў Вераніка Чаркасава прадстаўляла беларускія СМІ. Яе шчыры выступ пра Беларусь і беларускую журналістыку закрануў тады вельмі многіх удзельнікаў форуму. Беларускую журналістку цытавалі шэраг швайцарскіх выданьняў.

“Беларускі прэзыдэнт падзяляе журналістаў на чэсных – тых, якія станоўча пішуць пра беларускае кіраўніцтва, і на нячэсных – тых, якія крытыкуюць. Я належу да другой групы. Паводле перакананьняў”, узгадвае “Оltnertagblatt” колішняе інтэрвію Чаркасавай.

“У мяне больш няма аніякага страху”, гаварыла беларуская журналістка сваім калегам у Ааргаў. “Я веру ў час, калі Беларусь стане сувэрэннай”.

Як піша швайцарскае выданьне, Вераніка ня проста хацела дачакацца гэтае пары, яна шчыра працавала дзеля дэмакратызацыі сваёй краіны. Як вынікала з інтэрвію Чаркасавай, яна як апазыцыйная журналістка цалкам ўсьведамляла ўсю небясьпеку гэтае працы і адчувала яе.

Паводле швайцарскай “Оltnertagblatt”, Беларусь ёсьць надзвычай небясьпечнай тэрыторыяй для працы журналістаў. Той, хто крытыкуе прэзыдэнта Лукашэнку, мусіць разьлічваць на пакараньне. Журналістаў у Беларусі з-за выкананьня іхнага прафэсійнага абавязку могуць арыштаваць, кінуць за краты, накіраваць на выпраўленчыя працы. Журналісты могуць проста зьнікнуць.

Швайцарскія СМІ таксама цытуюць апошнюю заяву міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”, у якой утрымліваецца надзвычайная занепакоенасьць у зьвязку з забойствам Веранікі Чаркасавай і зварот да беларускага міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. “Рэпарцёры бязь межаў” патрабуюць ад міністра правесьці расьсьледаваньне гэтае справы адкрыта і пільна, і падкрэсьліваюць неабходнасьць вывучэньня сувязі паміж забойствам і прафэсійнай дзейнасьцю Чаркасавай.

Гл. таксама:

Сваякі, сябры й калегі разьвіталіся зь Веранікай Чаркасавай
XS
SM
MD
LG