Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкія ўнівэрсытэты прывіталі беларускіх студэнтаў – былых навучэнцаў ЭГУ


Ул. інф. 68 пяцікурсьнікаў зачыненага ўладамі ЭГУ ў самым хуткім часе працягнуць сваю вучобу ў некалькіх нямецкіх унівэрсытэтах – у Франкфурце-на-Одэры, Бэрліне, Саарбрукэне.

На вучобу ў Нямеччыну яны прыбываюць цягніком. Унівэрсытэцкай адміністрацыі, якой даручана сустракаць беларускіх студэнтаў на вакзале, распазнаць іх сярод іншых пасажыраў няцяжка – дзякуючы шыльдзе “ЭГУ”.

Больш за ўсё ЭГУ-шнікаў будзе навучацца ў Віядрыне. Гэта міжнародная нямецка-польска-француская ўстанова, якая знаходзіцца ў Франкфурце-на-Одэры. Мяркуецца, што ў будучым годзе Віядрына атрымае статус фондавага ўнівэрсытэту, і тады ўнівэрсытэт сам зможа прадстаўляць стыпэндыі для студэнтаў-выгнаньнікаў.

Сёлета арганізатары праекту (гэта Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў – колішні партнэр ЭГУ) вымушаныя былі зрабіць адмысловы зварот да нямецкіх арганізацыяў і ўстановаў з просьбай падтрымаць былых навучэнцаў Эўрапейскага ўнівэрсытэту. Спонсарамі вучобы ў выніку сталі: нямецкі МЗС, некалькі палітычных фундацыяў, уключна з такімі буйнымі фондамі як Конрада Адэнаўра і Генрыха Бёля, шэраг прыватных асобаў.

Днямі стыпэндыі ўжо былі выплачаныя першай групе беларускіх студэнтаў – больш як 40 пяцікурсьнікам ЭГУ, якія завершаць у Віядрыне адукацыю па спэцыяльнасьцях: міжнароднае права, філязофія, паліталёгія, эканоміка. Каардынатар праекту Табіас Кнубэн гаворыць:

(Кнубэн: ) “Зараз ужо ўсе яны ў Франкфурце. На наступным тыдні ў Бэрлін, Вольны бэрлінскі ўнівэрсытэт, прыедуць 17 студэнтаў, і дзесьці пяць студэнтаў сёньня накіраваліся ў Саарбрукен”.

Цікава, што некаторыя выданьні фэдэральнай зямлі Брандэнбург ужо зьмясьцілі рэпартажы пра першыя дні юных беларусаў у Віядрыне. Усіх адразу ж разьмеркавалі па інтэрнатах. У самы першы дзень зарэгістравалі ў ведамстве па справах замежнікаў, суправадзілі ў банк і дапамаглі адкрыць рахункі.

У сярэднім памер стыпэндыяў складае дзесьці 500 эўра. З гэтае сумы студэнты мусяць аплочваць розныя падаткі, страхоўкі, у тым ліку мэдычныя, квіткі на грамадзкі транспарт, купляць падручнікі, адзеньне, ежу. Само навучаньне – бясплатнае, вельмі сымбалічная й плата за інтэрнат. Калі здымаць кватэру, як гэта робіць большасьць нямецкіх студэнтаў, то ва ўмовах такога гораду як Франкфурт-на-Одэры самае сьціплае жыльлё каштуе прыблізна 300 эўра ў месяц.

Я пытаюся ў Табіяса Кнубэна: кажуць, што беларускія студэнты мусяць штосьці пералічваць у фонд сваёй былой “альма-матэр”?

(Кнубэн: ) “Была такая прапанова, якая потым знайшла разуменьне сярод студэнтаў ЭГУ. Справа ў тым, што большасьць зь іх аплочвалі вучобу ў Менску. Гэта было ад нуля даляраў да 1000 даляраў у год. І мы прапанавалі, каб іхныя бацькі працягвалі гэта выплочваць далей. Каб гэтыя грошы былі выкарыстаныя для вучобы іншых студэнтаў ЭГУ”.
XS
SM
MD
LG