Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: меркаваньні жыхароў Узьдзенскага раёну наконт вынікаў выбараў


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Пытаньне тыдня на беларускай Свабодзе: “Ці давяраеце вы афіцыйным вынікам галасаваньня?” Сёньня на яго адказваюць жыхары Ўзьдзенскага раёну.

(Спадар Аляксей: ) “На тым участку, дзе я галасаваў, я давяраю”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Шмат хто галасаваў супраць. Я шмат з кім размаўляла на гэтую тэму, і ўсе былі супраць. Але чамусьці так атрымліваецца, што ўсе “за”. І нічога нідзе не дакажаш”.

(Спадарыня Натальля: ) “Раз так прагаласавалі, значыцца, давяраюць. Ішлі на выбары з мэтай. Каб зноў прагаласаваць за нашага прэзыдэнта. Таму што ён нікому нічога кепскага ня робіць. І ў нас у краіне, у адрозьненьне ад Расеі, цішыня”.

(Карэспандэнт: ) “Ці давяраеце вы афіцыйным вынікам галасаваньня?”

(Спадар Анатоль: ) “Не зусім. Ня можа быць такога, каб так шмат працэнтаў набраў. Я галасаваў супраць таго, каб караля выбіраць, але так атрымалася, што ўсе “за”. Караля нельга выбіраць”.

(Спадарыня Вера: ) “І ў нас некаторыя супраць галасавалі”.

(Спадарыня Галіна: ) “Я адна жыву, і ўсё роўна дроў мне ніхто не прывязе–ні Лукашэнка, ні хто іншы. Нам розьніцы няма”.

(Спадар Іван: ) “Давяраю. Лукашэнка дык Лукашэнка. Каб быў Шушкевіч, таксама добра. Шушкевіч вялікую памылку зрабіў, што не паставіў перад народам канкрэтнай мэты”.

(Спадар Ігнат: ) “Карацей, падтасоўка была і будзе”.

(Спадарыня Зоя: ) “Часткова ёсьць”.

(Спадарыня Алена: ) “Апазыцыя гаворыць, што няправільна. Камуністы кажуць пра сваё. А што нам з таго, што яны кажуць?”

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Я па-чэснаму ня буду казаць”.

(Спадарыня Алена: ) “Таму што ніхто не хоча непрыемнасьцяў на сваю галаву. Напрыклад, я пачну нешта гаварыць. А потым прыйдзе АБЭП і так пачне трэсьці, што мне месца ня знойдзецца ў гэтай Узьдзе”.

(Спадарыня Антаніна: ) “Я задаволеная, што Лукашэнка прайшоў, і наш дэпутат Дубовік”.

(Спадар Уладзімір: ) “За Дубовіка я не галасаваў. Быў на прыёме ў райвыканкаме. І ніякіх ад яго станоўчых вынікаў”.

(Спадар Аляксандр: ) “Адбылася прыгожая падтасовачка. Навошта было датэрміновае галасаваньне? Падтасовачка. Гэта ўсе людзі разумеюць”.

(Спадар Андрэй: ) “Я ня браў удзелу ў выбарах. Шчыра кажучы, не магу зразумець, як гэта 66%, 93% набрана. Як гэта ўсё адбывалася? І такіх, якія наогул не хадзілі, відаць, большая палова”.
XS
SM
MD
LG