Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сваякі, сябры й калегі разьвіталіся зь Веранікай Чаркасавай


Ігар Карней, Менск 23 кастрычніка ў Катэдральным саборы ў Менску адпявалі забітую 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры журналістку Вераніку Чаркасаву. Ёй было толькі 45 гадоў, сіратой застаўся непаўнагадовы сын. Разьвітацца зь Веранікай прыйшлі дзесяткі тых, зь кім яна працавала ў розных беларускіх выданьнях, родныя і сябры. І калі ўзгадвалі пра Вераніку, то гаварылі пра яе па-ранейшаму ў цяперашнім часе.

Катэдральны сабор у Менску сёньня быў перапоўнены: ішлі журналісты, палітыкі, сябры і калегі па ранейшых працах. Заўчасную і жудасную сьмерць не разумелі. Таму ў паветры бы віселі пытаньні: за што і навошта? Амаль усе ведалі, што Вераніка Чаркасава не была ні радыкальным чалавекам, ні радыкальным журналістам. І такой жудаснай расправы ніяк не заслугоўвала. А таму моўчкі патрабавалі: знайсьці таго, хто мог так пазьдзеквацца над безабароннай жанчынай.

Сярод тых, хто сёньня прыйшоў разьвітацца з Веранікай, быў Генадзь Бураўкін. Так сталася, што пад кіраўніцтвам Бураўкіна Вераніка рабіла свае першыя крокі ў тэлежурналістыцы, а апошнім часам яны разам працавалі ў рэдакцыі газэты “Салідарнасьць”. І спадар Бураўкін кажа, што цягам усіх гэтых гадоў адкрываў у Вераніцы ўсё новыя рысы яе характару.

(Бураўкін: ) “Вераніку я ведаю даўно. Ад таго часу, як яна прыйшла да нас на тэлебачаньне зусім юнай дзяўчынай, нявопытнай журналісткай. Але ўжо тады ў ёй, апроч відавочнай жаночай прыгажосьці, была бачная тая прафэсійная хватка, якая бывае ня так часта ў людзей, якія носяць журналісцкае пасьведчаньне. Што ў ёй увогуле падабалася – дык гэта залішне дасрослая (па тым яе ўзросьце) сур’ёзнасьць, грунтоўнасьць. Яна не сьпяшалася выносіць свае знаходкі, прыдумкі адразу ж на экран. Яна думала...

А потым так атрымалася, што мы сталі працаваць разам у газэце “Салідарнасьць”. І тут мне адчынілася ў ёй яшчэ адна прафэсійная рыса: вялікая-вялікая працавітасьць і адказнасьць. Усё, што ўмела, яна аддавала справе... Як можна было яе забіць? Навошта?.. Божа, ну нельга ж зь Беларусі так часта, так трагічна забіраць лепшых”.

Якраз пасьля гэтых словаў спадара Бураўкіна пачуўся царкоўны звон. І Генадзь Бураўкін сказаў, што гэта добры знак: Бог пачуў. А значыць, Вераніка будзе пад ягонай аховай.

Пахаваная Вераніка Чаркасава ў Калодзішчах. У яе застаўся непаўнагадовы сын.
XS
SM
MD
LG