Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: “Асабліва глыбокі пратэст выклікаюць рэпрэсіі, скіраваныя супраць дзеячаў апазыцыі”


Юры Сьвірко, Менск Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з заявай пра тое, што “занепакоенае парушэньнем падчас правядзеньня выбарчай кампаніі ў парлямэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама ў часе саміх выбараў элемэнтарных дэмакратычных нормаў, якія вынікаюць як зь міжнародных забавязаньняў Беларусі, гэтак і з нацыянальнага заканадаўства”.

Паводле польскага МЗС, “асабліва глыбокі пратэст выклікаюць рэпрэсіі, накіраваныя супраць дзеячаў апазыцыі, — зьбіцьцё ды арышты, а таксама абмежаваньні свабоды слова, свабоды выбару палітычнага прадстаўніцтва й свабоды аб’яднаньняў”.

МЗС Польшчы зьвярнулася з заклікам “спыніць выкарыстаньне аўтарытарных прыёмаў, якія супярэчаць асноўным эўрапейскім каштоўнасьцям, а таксама выконваць прынцыпы, якія ёсьць базай палітычнага ладу ўсіх сучасных дэмакратычных дзяржаваў”.

Польскае дыпляматычнае ведамства адначасова выказвае спадзеў, што “беларускай грамадзкасьці будзе нададзеная, згодна зь яе жаданьнямі, магчымасьць свабоднага, не абмежаванага фізычным або адміністрацыйным ціскам разьвіцьця”.

МЗС таксама заявіла, што на форумах Эўрапейскага Зьвязу, АБСЭ ды іншых міжнародных арганізацыяў Польшча будзе падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на аднаўленьне ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці.

“Польшча будзе прадпрымаць дзеяньні з мэтай вяртаньня да практыкі шанаваньня дзяржавай элемэнтарных грамадзянскіх правоў”, — заявіла польскае МЗС і выказала перакананьне ў тым, што “толькі такім чынам — шляхам шанаваньня дэмакратычных нормаў і выкананьня сваіх міжнародных забавязаньняў у гэтай галіне — Беларусь зможа зноў заняць належнае ёй месца ў сям’і эўрапейскіх народаў”.
XS
SM
MD
LG