Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме аштрафавалі за выбары сябра БНФ – суд заняў дзьве хвіліны


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Слоніме пакаралі за выбары сябра Партыі БНФ Уладзімера Бруцкага. Міліцыянты затрымалі яго 11 кастрычніка ў вёсцы Мяжэвічы. Пры сабе ён меў улёткі: з аднаго боку было напісана “Скажы Лукашэнку “не”, з другога — праграма “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Суд пакараў яго штрафам на 10 базавых велічыняў.

Паводле Ўладзімера Бруцкага, суд прайшоў літаральна за дзьве хвіліны: паказалі ўлётку, зачыталі рашэньне, і ўсё. Спадар Бруцкі застаўся ў непаразуменьні — у позьве яму напісалі, што судзіць будуць паводле артыкула 167 Адміністрацыйнага кодэксу.

Гэты артыкул прысьвечаны парушэньням заканадаўства аб выбарах і ў ім гаворыцца аб “правядзеньні агітацыі ў дзень выбараў”. А Ўладзімера Бруцкага затрымалі 11 кастрычніка, нават да пачатку датэрміновага галасаваньня.

Судзіў яго старшыня Слонімскага суду Міхаіл Мядзьведзь.

Я паспрабаваў удакладніць — за што канкрэтна аштрафавалі сябра БНФ? Аднак судзьдзя зьехаў у камандзіроўку, а яго памочніца Аксана Безрук нічога адказаць ня здолела. У судовую канцылярыю гэтая справа пакуль не паступала.
XS
SM
MD
LG