Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адкрылася выстава, прысьвечаная Алесю Адамовічу


Валянціна Аксак, Менск “Алесь Адамовіч на прыкладзе сваёй роднай Беларусі папярэджвае нас аб дыктатуры”, — сказаў Юры Чарнічэнка, вядомы расейскі публіцыст і грамадзкі дзеяч. З нагоды адкрыцьця ў Маскве выставы, прысьвечанай беларускаму пісьменьніку-антыфашысту Алесю Адамовічу, са спадаром Чарнічэнкам гаварыла нашая карэспандэнтка.

Выстава, прысьвечаная Алесю Адамовічу, разьмешчаная ў Дзяржаўным літаратурным музэі на Пятроўцы. Яе адкрыцьцё пасьля праведзенага ў Беларусі рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі Юры Чарнічэнка лічыць папярэджаньнем расейскаму грамадзтву.

(Чарнічэнка: ) “Мы, сябры Алеся Адамовіча, горача зацікаўленыя ў тым, каб Расея не пайшла шляхам Лукашэнкавай рэформы, ператварэньня самай храбрай з савецкіх рэспублік у дыктатуру фашысцкага толку. Гэтым і цікавая выстава чалавека, які быў самым прадуктыўным, самым гарачым антыфашыстам”.

У экспазыцыі выставы ёсьць асобны разьдзел, прысьвечаны фільму “Ідзі і глядзі”, які па сцэнары Алеся Адамовіча зьняў расейскі рэжысэр Элем Клімаў. Першапачатковая назва гэтага знакамітага фільму пра спаленыя фашыстамі беларускія вёскі была “Забі Гітлера”. Спадар Чарнічэнка лічыць, што гэты мэтафарычны заклік вельмі надзённы.

(Чарнічэнка: ) “Цяпер гэты заклік, “Забіць Гітлера!”, гучыць надзвычай эмацыйна. Прыклад Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Сьвятланы Алексіевіч, іншых беларусаў, якія не падпарадкаваліся ніякім фашысцкім рэжымам, вучыць, што трэба рабіць сваю справу. Трэба ісьці ў партызаны, трэба друкаваць “Мёртвым не баліць” Быкава, трэба друкаваць “Я з вогненнай вёскі…” Адамовіча, Брыля і Калесьніка і “Цынкавых хлопчыкаў” Сьвятланы Алексіевіч. Вось і ўсё. Кожны павінен рабіць сваю справу”.
XS
SM
MD
LG