Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Як ставяцца людзі ў Менску да “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”?


Галіна Абакунчык, Менск “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” працягваюць абмяркоўваць у афіцыйных і апазыцыйных палітычных колах Беларусі, а таксама ў іншых краінах сьвету. Што пра закон, падпісаны прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, думаюць шараговыя грамадзяне Беларусі?

(Карэспандэнтка: ) “Джордж Буш падпісаў “Акт аб дэмакратыі для Беларусі” — закон, што прадугледжвае палітычныя й эканамічныя санкцыі супраць Беларусі за недэмакратычнасьць дзяржаўнага ўладкаваньня. Што вы пра гэта думаеце й як ставіцеся?”

(Спадар: ) “Канечне, я супраць, бо я цалкам падтрымліваю наш урад, які б ён ні быў. Так, як гаворыць Біблія: Бога бойцеся, цара шануйце, а ўладам падпарадкоўвацеся”.

(Спадар: ) “Гэта ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краінаў. А выбары й рэфэрэндум у нас сапраўды недэмакратычныя былі”.

(Спадар: ) “Акт аб дэмакратыі” мусіць быць і мусіць дзейнічаць, а не дэклярацыяй заставацца”.

(Спадарыня: ) “Па-мойму, Буш ня надта правільна паступіў, бо мы ж нікога не чапаем. Ня ўсе ў нас прыгожа забясьпечаныя, але ж неяк жывем”.

(Карэспандэнтка: ) “А дэмакратыя?”

(Спадарыня: ) “А пра дэмакратыю цяжка нешта казаць”.

(Спадар: ) “За што бароліся, на тое й напароліся. Я Беларусь маю на ўвазе. Да гэтага ўсё ішло”.

(Спадар: ) “Я так мяркую, што гэты акт мала што можа зьмяніць, але ён безумоўна патрэбны, каб улады хаця бы адчулі стаўленьне цывілізаванага сьвету да таго, што яны робяць”.

(Спадар: ) “Я супраць. Народ выбраў гэтую ўладу. Навошта ўводзіць санкцыі?”

(Юнак: ) “Безумоўна, гэты акт мусіў быць прыняты, шкада толькі, што ўсе захады, якія робіць Амэрыка ці Эўропа, яны ня маюць рэальнага плёну. Але пабачым. Магчыма, якраз гэты дакумэнт стане выключэньнем і нейкія зьмены тут адбудуцца”.

(Юначка: ) “Па-першае, варта сказаць, што дэмакратыі ў нас зусім няма, калі меркаваць паводле нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму. У краіне не надаецца належнай увагі людзям і моладзі, якія жадаюць нешта зьмяніць. Таму, калі будзе падтрымка заходніх краінаў і асабліва ЗША, то, магчыма, у нашай кране нешта зьменіцца й жыцьцё стане лепшым”.
XS
SM
MD
LG