Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя “Патыё-Піца” кажа, што Анатоля Лябедзьку ў гэтай рэстарацыі не зьбівалі


Ганна Соусь, Менск Сёньня наша карэспандэнтка зьвярнулася да прадстаўнікоў прадпрыемства “БелРосІнтэр”, уладальнікаў рэстарацыі “Патыё-Піца” з просьбай пракамэнтаваць падзеі 19 кастрычніка, калі ў гэтай рэстарацыі супрацоўнікі АМОНу моцна зьбілі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

У рэстарацыі “Патыё-Піца” мне сёньня не дазволілі апытаць работнікаў рэстарацыі, якія працавалі ўвечары 19 кастрычніка, і параілі зьвярнуцца па камэнтар да кіраўніцтва. Намесьнік дырэктара прадпрыемства “БелРосІнтэр” Юры Валасатаў абверг паведамленьні пра тое, што Анатоля Лябедзьку зьбівалі ў рэстарацыі “Патыё-піца”.

(Валасатаў: ) “Да нас зайшоў чалавек, за ім супрацоўнікі міліцыі, яго вывелі, і на гэтым інцыдэнт закончыўся. Ніякай бойкі, ніякага зьбіцьця — прынамсі ў “Патыё-Піца” — не было. Гэта адбывалася ў тамбуры, а не на кухні. Ніхто нікога не прыкоўваў, гэта ўсё прыдумалі. Другі момант: дзьверы былі зачыненыя не для зьбіцьця, а дзеля гарантаваньня бясьпекі гасьцей, дзьверы пэрыядычна зачыняліся. Мы вінаватыя толькі тым, што разьмешчаныя ў такім месцы. Вы зразумелі мяне...”

Зусім інакш распавёў пра падзеі 19 кастрычніка Анатоль Лябедзька, які дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі:

(Лябедзька: ) “Я, відаць, зрабіў памылку. што кінуўся ў бок “Патыё-Піца”. Ужо там пачалася валтузьня. Разы тры я ўставаў на ногі, і мяне зьбівалі з ног, спрабавалі надзець кайданкі. На адну руку гэта ўдалося. І раптам зьявіліся людзі ўжо з форме АМОНу. Я мяркую, што іх у рэстарацыю пусьцілі праз чорны ход. Мяне пацягнулі волакам проста за валасы. І ззаду былі ўдары па сьпіне. Я перакананы, што мяне закінулі на кухню, бо я бачыў кухоннае абсталяваньне. Кайданкі надзелі ўжо на дзьве рукі. Пасьля гэтага мяне падвесілі на дыбы. Потым з чорнага ходу ўвайшоў Падабед, кіраўнік АМОНу. Ён сказаў, што “мы цяпер цябе зараз размажам”. Я адказаў яму: “Фашыст”, і ён некалькі разоў ударыў мяне па твары. Я ня памятаю, што было потым”.

Анатоль Лябедзька дагэтуль знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі. Лекары канстатавалі ў яго страсеньне мозгу, гематому ныркі й мноства ўдараў.
XS
SM
MD
LG