Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine”: “Што далей зь Беларусьсю?”


Ул. інф. “Што далей зь Беларусьсю?” — так называецца артыкул вядомага нямецкага журналіста Маркуса Вэнэра ў сёньняшнім нумары “Frankfurter Allgemeine”. Як піша аўтар, “апошняя дыктатура Эўропы” знаходзіцца меней як за тысячу кіламэтраў ад Бэрліна. Лукашэнка не Садам Хусэйн і не Слабадан Мілошавіч — каб захаваць уладу, яму зусім непатрэбна катаваць, кідаць у турмы ці забіваць сотні суграмадзянаў. Дагэтуль яму ўдавалася апрацоўваць насельніцтва агрэсіўнай прапагандай, рабіць ціск на слабую апазыцыю, губіць парасткі грамадзянскай супольнасьці.

Як піша Маркус Вэнэр, эўрапейская спроба дэмакратызацыі Беларусі з дапамогай пакрокавай стратэгіі пацярпела фіяска. Лукашэнка ня выканаў ніводнага свайго абяцаньня. Брусэль і Вашынгтон спынілі кантакты з рэжымам на ўзроўні міністэрстваў. Гэта правільна, аднак не вырашае галоўных палітычных мэтаў. Цалкам адмовіцца ад афіцыйных кантактаў зь Менскам Захад ня можа, бо хоча падтрымаць прадэмакратычныя сілы ў краіне. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі Лукашэнкі, такія існуюць.

Трэба аднак улічваць і гістарычна засвоеную беларусамі стратэгію выжываньня. Знаходзячыся пад рознымі акупацыйнымі рэжымамі: польскім, расейскім, нямецкім, савецкім, насельніцтва навучылася прыстасоўвацца. Сыстэмы таталітарнага характару маюць інэрцыйны патэнцыял, разьлічаны на дзесяцігодзьдзі.

Паводле “Frankfurter Allgemeine”, значэньне тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, выходзіць далёка за межы гэтае краіны. Сёньня розныя сілы ў маскоўскім кіраўніцтве жадаюць для Расеі канстытуцыйных зьменаў ў стылі Лукашэнкі. Зьяўленьне гэтак званай “беларускай” Расеі тоіць для Захаду непрадказальныя наступствы.

Тым часам рэзэрвы эўрапейскага ўплыву на Беларусь далёка нявычарпаныя. Для кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, галоўным чынам для бундэсканцлера, вельмі важна заняць дакладную пазыцыю. Яны мусяць максымальна скарыстаць свае добрыя дачыненьні з Пуціным, каб дамагчыся зьмены пазыцыі Масквы і даць зразумець, што падтрымка Лукашэнкі не спрыяе добрым дачыненьням з Эўразьвязам.

У рэжыму ёсьць свае слабыя месцы, — піша нямецкі журналіст. Прыклад гэтаму — даклад Пургурыдэса. Трэба больш пільна прыгледзецца да паходжаньня прыватнага багацьця дыктатара. Ёсьць меркаваньні, што яно налічвае мільёны даляраў, як вынік магчымага нелегальнага гандлю зброяй. Вельмі важна высьветліць, якім данесьці гэтую інфармацыю да беларускага насельніцтва, у тым ліку з-за мяжы, — піша “Frankfurter Allgemeine”.

Як рэзюмуе нямецкі журналіст Маркус Вэнэр, для будучыні краіны без Лукашэнкі ня менш важна даць адказы на пытаньні “хто, калі ня я?”, “што потым?” Зразумела, знайсьці гэтыя адказы мусяць самі беларусы. Аднак інтэлектуальны плян Маршала пры гэтым быў бы вельмі дарэчы. Усё гэта патрабуе як матэрыяльнай падтрымкі, так і палітычнай волі. Калі Эўропа не прадэманструе гэтага, цана можа стаць значна вышэйшай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG