Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Андрэй Дынько


Андрэй Дынько, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько.

Нядзеля, 17 кастрычніка

Вяртаюся ў Беларусь з замежнай камандзіроўкі. У Рызе акуратны аэрапорт паводле ўсіх эўрастандартаў, нават у чыстым туалеце на сьценцы вісіць аркушык, на якім прыбіральшчыцы ставяць свае росьпіс, прозьвішча і час прыборкі.

Пералёты ў самалётах — гэта магчымасьць цэлы дзень чытаць. Жонка паклала мне з сабой раман Мануэля Пуіга “Падмаляваныя губкі”, але гэта не ідзе, бо ад перападаў ціску пры перасадках баліць галава. Чытаецца прэса і брашуркі.

На буклетах авіякампаніі “Эйр Балтык” — Вайра Віке-Фрайбэрга. Прэзыдэнтка Латвіі жыве на вілаў у Юрмале, мае дамок у Канадзе, а ў візыты лётае рэйсавымі самалётамі. Яе любімы адпачынак — шпацыр па пляжах і фальклёрныя сьвяты ў Латвіі. А адпачывала яна летась на Зальцбурскім фэстывалі й на юбілеі незалежнасьці Трынідада і Табага. Усё на запрашэньне кіраўнікоў іншых дзяржаваў.

Разам са мной самалёта чакае пасольскі работнік. Ён прынёс з д’юты фры шопу лікёр “Куантро” і наракае, што ў нас у краіне ён задарагі (45 даляраў за бутэльку), і прыходзіцца купляць яго ў аэрапортах. Расказвае, што ў іншым д’юты-фры-шопе прадаецца залатая запальнічка Дзюпон за 4300 даляраў.

У “Известиях” натыкаюся на вестку, што ўсім супрацоўнікам ФСБ у Расеі цяпер штогод дадаткова выплачваюць сорак акладаў.

В “Рижском телеграфе” — пра латвійскага алімпійскага прызэра. Ягонае прозьвішча Васілеўскіс, ён шпурляў дзіду. На кожную краіну па куміры. Побач гутарка зь фінскім трэнэрам па спартовай саўне.

На Сі-эн-эн гавораць пра беларускі рэфэрэндум. Тэракту ў Іраку сёньня яшчэ не было.

* * * Дома жонка на прыезд прыгатавала галубцы. Смакуе простая страва пасьля мудрагелістых рэстаранных. Дзеці капусты ня любяць, мне хопіць на цэлы тыдзень...

* * * Ідзем галасаваць.

А лепш бы не хадзілі. Толькі настрой сапсавалі. Так там змрочна, такія безнадзейна непрыемныя твары ў сяброў выбарчай камісіі. Назіральнікаў не відаць, працуе здымачная група БТ. Мы з дваімі дзецьмі для іх — прывабны аб’ект. Здымаюць, як мы ідзем у кабінку, выходзім, апускаем бюлетэні. “За што галасавалі?” — падыходзіць чарнявая журналістка. “Каб дзеці жылі ў свабоднай краіне”, — кажа жонка. “Понятно”, — згортваецца журналістка.

Увечары на АНТ ток-шоў з удзелам высокіх чыноўнікаў. “Што вы думаеце пра сёньняшні рэфэрэндум?” — пытаецца вядучы з тварам хірурга. Сярод адказаў вылучыўся рэдактар “Советской Белоруссии” Якубовіч. Ён лічыць, што цяпер вельмі важна тлумачыць людзям, што гаворка не ідзе пра пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, а толькі пра захаваньне Лукашэнкі на пасадзе на гэтым пераломным этапе. Як на цяперашнія часы ды сярод лукашэнкаўцаў — проста вальнадумная заява, за якую можна і па шапцы атрымаць. Таксама кажа, што толькі Лукашэнка зможа абараніць краіну ад скупкі замежным капіталам. Пасол Беларусі ў Расеі Грыгор’еў у гэтым месцы энэргічна ківае. Дзеячы, так сказаць, культуры цьвітуць і пахнуць. Кірыла Слука кажа, што ганарыцца аказаным яму даверам выступіць на канцэрце “За Беларусь” перад рэфэрэндумам. Фінбэрг гаворыць пра гістарычны дзень, пра мудрасьць беларускага народу і адзіна правільны выбар.

Панядзелак, 18 кастрычніка

Уранку расейскія каналы не ідуць. Беларускія сьвяткуюць перамогу. Сайты незалежных СМІ ўсё яшчэ напаўблякаваныя. Звоніць былая аднаклясьніца, цяпер настаўніца, зь якой мы разам на мітынгі хадзілі ў 1996-м. Кажа: “Андрэй, я скаціна. У нас стосы былі аднолькавыя, а старшыня камісіі напісала ў пратаколе, што тры чвэрці “за”, і я падпісалася, а цяпер прыкра, хоць ты вешайся”. Кажу: “Сядай на цягнік, прыедзь на мітынг, раскажы”. “Не магу, — кажа. — У мяне тры ўрокі сёньня”.

Па дарозе на працу заходжу ў аптэку. Думаю пра рэфэрэндум, як пра яго пісаць у “Нашай Ніве”. Перада мной кабетка гадоў пяцідзесяці выбірае прэзэрватывы і доўга разглядае пачак. Пытаецца ў фармацэўта: “А яны хоць добрыя? А то купіш, а яны якія-небудзь з шыпамі?”

* * * Увечары еду на Кастрычніцкую плошчу. Моладзь пратэстуе весела, хоць і трымаецца цэнтру тратуараў. Сустракаю пэнсіянэрку-карэктарку, што прасілася на падпрацоўку ў “Нашу Ніву”. “І вы тут?” — пытаюся. А што яна адказала, я забыўся, нешта сардэчнае. Бо мы хутчэй разышліся ў бакі, ад Купалаўскага націснуў АМОН. На дэманстрацыю выйдзеш — сто чалавек пабачыш. Усе знаёмыя тут. Шкада толькі, калі замест шэсьця ладзяць мітынг, стаяць нудна.

На мітынгу Статкевіч называе міліцыю бязмозглай. Новы лёзунг скандуюць, на адрас Ярмошынай: “За працэнт год турмы”. За кожны фальсыфікаваны працэнт, маецца на ўвазе.

Пры прозьвішчы “Ярмошына” ад усіх чуваць амаль цэнзурнае слова. Нянавісьць да яе сёньня большая, чым да Лукашэнкі. На адзінаццатым годзе яго народ ужо ўспрымае як атмасфэрную зьяву, а Ярмошына — гэта яшчэ нешта новае.

Вяртаюся ў рэдакцыю “Нашай Нівы” і працую з тэкстамі. Аб адзінаццатай тэлефануе жонка. “Прыедзь, — кажа, — на душы паскудна”. Так, кожнаму інтэлігенту трываць гэта паскудна.

Аўторак,19 кастрычніка

Прыйшоў швэдзкі журналіст. Пытаецца пра падзеі, ведае пра забарону рок-гуртоў, пытаецца, што будзем рабіць, калі нашу газэту зачыняць. Ня мае найменшых сымпатыяў да лукашэнкаўшчыны.

* * * На вуліцы Варвашэні сустракаю Алеся Пушкіна. Маю для яго добрую навіну. Яго хочуць запрасіць з выставай у Нарвэгію. Ён абдымае мяне за плечы і давай расказваць, што больш не жадае ўдзельнічаць у апазыцыі, якая займаецца прусачымі бягамі, што трэба мяняць тактыку, што трэ было байкатаваць, што трэба замяніць Сурвіллу на Пазьняка. Спрабую вырвацца, ён не адпускае. Дзякуй Богу, побач праходзіць Вячорка, якому Пушкін кідаецца пісаць заяву на выхад з партыі.

Серада, 20 кастрычніка

Дачка ўпершыню залазіць сама ў ванну. Перавяртае скрынку зь бялізнай і зь яе пералазіць. Адкрывае кран і выкідае душ на падлогу. Пакуль выціраю за ёю, яна ўжо на кухні вылівае каву ў бульбяное пюрэ.

Вяртаецца з паліклінікі жонка, можна ляцець на працу. Тэлефануе Зьміцер Дзядзенка, усхваляваны: расказвае, што Лябедзька ў шпіталі з траўмамі. На БТ у навінах Пракопаў называе дэманстрантаў, што патрабуюць адмены вынікаў сфальшаванага падліку галасоў, аплачанымі марыянэткамі.

* * * Сёньня трэба зрабіць сем палосаў “Нашай Нівы”. Вельмі напружана. Працуем бадзёра, на душы ўздым ад праяваў салідарнасьці зь беларускім дэмакратычным рухам у сьвеце. Польскі прэм’ер Бэлька называе выбары фарсам. Ёшка Фішэр кажа тое самае. НТВ дае душэўны рэпартаж аб правакатарах з пляшкамі піва, якіх беларускія спэцслужбы засылаюць у шэрагі дэманстрантаў, з кадрамі з БТ і ўласнымі здымкамі тых жа сытуацыяў.

А дванаццатай “Наша Ніва” дароблена і здадзена ў друк.

Чацьвер, 21 кастрычніка

Лукашэнка ў касьцёл пайшоў. Ён сядзіць, Сьвёнтэк побач стаіць.

Натыкаюся на вынікі апытаньня галяндцаў: да хрысьціянаў сябе адносяць толькі 33%. Астатнія — атэісты або вернікі іншых канфэсіяў. Дзесяць гадоў таму было 50 працэнтаў. Згадваю шыльду на браме Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе: “Сьвечкі, купленыя ў царкве, можна ставіць толькі ў той самай царкве ці дома. У царкве нельга ставіць сьвечак, купленых у іншых цэрквах”.

“Наша Ніва” надрукаваная, можна ўздыхнуць і паабедаць.

Лічба наведваньняў сайту “Нашай Нівы” за паўтара месяца рэфэрэндумнай кампаніі вырасла ўдвая. Крута.

* * * Увечары жонка ідзе на канцэрт Вайцюшкевіча, таму Якуба з садочка забіраю я, і мы ідзем гуляць. Якуб кладзецца на лаўку на набярэжнай. “Гэта будзе мая лодка. Тата, а дзе ўзяць такі савок, якім ваду капаюць?”

Вяртаемся дахаты, бярэцца на мароз. Звоніць спачатку сястра, пасьля цешча, пасьля бацька: усе пабачылі рэпартажы пра забойства Чаркасавай. Усе баяцца.

Дзеці замест вячэры выпіваюць літар добрага малака з малінавым варэньнем. Божа мой, яшчэ пяць гадоў таму ўзімку ў Менску не было 3-працэнтнага малака, прадавалася толькі 1,5-працэнтнае. Што ж будзе яшчэ за пяць гадоў?
XS
SM
MD
LG