Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта – выкарыстоўваю словы Лукашэнкі, які сказаў на другі дзень пасьля рэфэрэндуму пра “ашаламляльны посьпех” – ашаламляльная фальсыфікацыя”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 21 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Валянцін: ) “Ня так даўно Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіў акцыю “Ліст прэзыдэнту”. Падарункам яе стала кніга “Герб, сьцяг і гімн беларускай дзяржавы”. У ёй, на мой погляд, ёсьць вялікая памылка. Тут напісана: “З 1991-га года ў Беларусі прымяняўся бел-чырвона-белы сьцяг, але большасьць народу не лічыла гэты сьцяг нацыянальным, таму што ім карысталіся памагатыя нямецка-фашысцкіх захопнікаў у часы Вялікай айчыннай вайны”. Справа ў тым, што бел-чырвона-белым сьцягам карысталіся не памагатыя немцаў, а тыя, хто лічыў, што немцы дапамогуць адваяваць незалежную Беларусь. Калі вас зацікавіла, паведамляю свой нумар тэлефона ў Маладэчна – 67663, тэлефанаваць пасьля 6-ці гадзінаў вечара. Дзякуй”.

(Слухач: ) (1) “Добры вечар, “Радыё Свабода”. Хачу падзяліцца з вамі адной показкай. Таксама, ня буду перакладаць яго на беларускую мову. “Выступает вождь племени и говорит: “Скоро у нас будет референдум. На него выносится один ответ, и звучит он так: “За – 75%”. Вось і ўся показка. Дзякуй”.

(Спадар: ) “На “Радыё Свабода” фраза “дэмакратычная апазыцыя” апошнія тры дні гучала болей за 100 разоў. Але дазвольце спытаць: няўжо 1000 юнакоў і дзяўчат, у тым ліку й няпоўнагадовых, прыведзеная на акцыю за пляшку піва, можна назваць апазыцыяй, тым болей дэмакратычнай? Яны ж і слова “дэмакратыя” ня змогуць напісаць без памылак. Апазыцыі ў нашай краіне няма ніякай, а ёсьць 30-40 гучных прозьвішчаў, як Лябедзька, Вячорка, Шушкевіч, Палевікова ды іншых, прыкормленых ЗША і Заходняй Эўропай. Хочацца спытаць: што зрабіла апазыцыя за апошнія 3-4 гады? А нічога! Яе ня бачна й ня чутна. А грошы Захаду пайшлі на асабістае абагачэньне. І ўвогуле, апазыцыя жыве ў нас у нерэальным сьвеце. Дэпутат Фралоў з групы “Рэспубліка” на “Радыё Свабода” пасьля галадоўкі заявіў: “Я выведу на вуліцу 100 тысячаў чалавек, і Лукашэнка сыдзе ў адстаўку”. А што зрабілі? На плошчы Бангалор сабраліся каля тысячы чалавек, дый тое, таму, што там раздавалі бясплатна кветкі й марозіва. За якія грошы, хочацца спытаць у Фралова. За пэнсію, ці што? Зараз Вячорка на “Радыё Свабода” сказаў: “Калі да рэфэрэндуму нас падтрымлівалі сотні тысячаў чалвек, то зараз – мільёны”. Дарагі Вінцук! Надзеньце акуляры, як казаў Лябедзька, і знайдзіце хоць пару тысячаў, якія б пайшлі за вамі. Дзякую”.

(Спадарыня: ) “Вітаю. Вынікам выбараў і рэфэрэндуму ня веру. Гаспадар зрабіў замову, а памагатыя яе выканалі. Не сумняваюся, што лукашэнкаўцы-міністры галасавалі таксама “супраць”. Сярод іх шмат апляваных і зьняважаных. А зірніце на Ярмошыну – так званага каардынатара гульняў зь лічбамі. Апошнія гады яна ўся счарнела – ведае, што робіць, таму, мусіць, і спаць ня можа. Нам дапаможа толькі міжнародная супольнасьць, бо беларусы знаходзяцца ў пастцы: з аднаго боку – падман і фальсыфікацыя, а з другога – дубінкі і зьбіцьцё”.

(Слухач: ) “Паважаная “Свабода”! Даруйце, што мабыць ужо злаўжываю вашай увагай. Увесь гэты час я спадзяваўся пачуць хоць ад вас нейкія падрабязнасьці пра спадара Сяргея Антончыка. Але дарэмна. Толькі тое, што выпусьцілі – ня болей. То можа, хоць праз вашае радыё можна яго горача павітаць на волі. Мабыць ён, калі адыдзе ад зьняволеньня, можа пачуе гэтыя мае словы і яму будзе прыемна. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Вашыя апазыцыйныя лідэры ўсяляк даказвалі сваю канструктыўнасьць у адносінах да ўлады, а зараз пачынаюць усяляк даказваць апазыцыйнасьць. Не, каб адной і той жа справай увесь час займацца, паціху. Хоць, увогуле, па тры тэрміны быць – нікому не ўстаноўлена, ні прэзыдэнту, ні лідэрам. Таму, што ўжо стагнацыя, застой у мазгах тады наступае. Дзякую”.

(Уладзімер: ) (1) “Я – ваш пастаянны слухач, і хачу задаць такое пытаньне. Ня месца на Беларусі лукашызму. Яны не даюць свабоды народу – іх трэба ў любым выпадку зьвергнуць, паставіць новага прэзыдэнта, нармалёвага, які дэмакратычна абышоўся зь беларускім народам. Такое маё меркаваньне. А гэтыя лукашэнкаўскія “прыхлябаевы”, тое, што яны гавораць “добра, добра”, паказваюць усе лепшае… Паказуха. Я гэтаму ня веру, лукашэнкаўскім “прыхлябаевым” і самому Лукашэнку. Я – прыхільнік дэмакратыі”.

(Уладзімер: ) (2) “Я думаю, што лукашысцкі рэжым падобны да рэжыму Сталіна, другі Сталін, тыран-крывапіўца. Я саромлюся казаць, бо заўсёды, яшчэ тады, калі глушылі “Радыё Свабода”, я пастаянна яго слухаў. “Радыё Свабода” дужа добрыя перадачы вядзе, я яго пастаянны слухач. Я падтрымліваю тую дэмакратыю, якая ў Менску была, ішла супраць Лукашэнкі. Таму што лепшага ў Беларусі няма. Я вітаю гэтую дэманстрацыю. І шкадую, што таталітарныя лукашэнкаўскія ўлады разагналі яе. Такое ў мяне меркаваньне”.

(Спадарыня: ) “Нашага прэзыдэнта Лукашэнку вінавацяць у дыктатуры й адсутнасьці дэмакратыі. Я ніяк не магу зразумець, у чым гэта праяўляецца. Вось, да прыкладу, Джордж Буш умешваецца ў нутраныя справы іншых краінаў. Ён навязвае ўсім сваю волю, сваю палітыку. Ён жа скідвае бомбы на іншыя дзяржавы, забівае людзей ад малога да вялікага, разбурае гарады. Гэта што, па-вашаму, дэмакратыя? Я лічу, што гэта найпаўнейшая дыктатура. Больш за тое – гэта фашызм, несумяшчальны з нашым часам. Што датычна нашага Лукашэнкі, то ён ніяк ня зьвязаны з падобнымі акцыямі. Мне не зразумела, які інтарэс у Буша да нашай Беларусі, што ён хоча ад беларусаў і ад нашага Лукашэнкі? Ён ня ўмее нават правесьці перамовы з кіраўнікамі іншых краінаў, ён кіруецца плёткамі, якія пускае так званая апазыцыя. Сьмешна было глядзець, як учора выйшла гэтая апазыцыя, п’яныя малойчыкі зь пляшкай піва ў руках. Яны бунтуюць – і вы хочаце, каб Лукашэнка не прымаў ніякіх мер ў дачыненьні да такіх дзеяньняў? Калі ён прэзыдэнт, ён адказвае за тое, што адбываецца ў дзяржаве і мае права прымаць меры. З гісторыі вядомыя такія выпадкі, як “крывавая нядзеля” й інш., пры разгоне падобных дзеяньняў. Лукашэнка нават не прадпрымаў такіх вось страшных зьяў, а трэба было б. Таму што гэтая апазыцыя настолькі надакучыла, што яны не даюць спакою”.

(Генадзь Ветахаў, Менск: ) “Яшчэ задоўга да рэфэрэндуму я казаў, што за Лукашэнку прагаласуюць толькі 40% насельніцтва. Гэта я казаў і знаёмым людзям, і іншым. І яшчэ я казаў, што гэтыя 40% яны ператвораць у 75%. Так яно і здарылася, але нават халуйка Ярмошына перавыканала – 77% зрабіла. Гэта ашаламляльная фальсыфікацыя – выкарыстоўваю словы Лукашэнкі, які сказаў на другі дзень пасьля рэфэрэндуму пра “ашаламляльны посьпех” – ашаламляльная фальсыфікацыя. А Ярмошына павінна быць прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці за такую фальсыфікацыю. Усяго добрага”.

(Слухач: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Не перастаю зьдзіўляцца – вашыя пытаньні, якія вы выносіце на абмеркаваньне, каб вам тэлефанавалі – ці вам не вядома, што слухаюць вас у асноўным прыхільнікі? Задаеце вы такія дзіцячыя пытаньні. На маю думку, трэба больш складаныя. Напрыклад: “Ці спрабавалі вы каго-небудзь самі агітаваць? Як у вас гэта атрымалася, ці не атрымалася? Якія цяжкасьці?” Вы б яшчэ запыталі, ці глядзім мы Беларускае тэлебачаньне. І што тут можна адказаць… Дзякую”.

(Мікола Лавіцкі: ) “Якая можа быць вера ў вынікі галасаваньня? Дастаткова толькі ўважліва ўгледзецца ў твары тых, хто аб’яўляе вынікі па тэлебачаньні, дый самога Лукашэнкі. У іх на твары ўсё напісана. У іх выраз, як у тым народным выслоўі, “ведае котка, чыё сала зьела”. Сала народа зьелі, скрадзенае сала. Таму й нявесела, таму і поснасьць на тварах. Мы, выбарцы з дому па вуліцы Артылерыстаў горад Менска, не спадзяваліся на сумленнасьць выбарчых камісіяў. Напрыклад, на нашым 158-м участку мы скарысталі права грамадзянаў на вылучэньне выбарчых участковых камісіяў. Пракансультаваліся ў юрыстаў, сабралі подпісы, і падалі заявы ў Кастрычніцкі райвыканкам, дзе вялася падрыхтоўка да выбараў. Ну, і адразу, той хто прымаў подпісы, казаць: “Вы ня так зрабілі (а тое, што ня так – не гаворыць), а што вы будзеце рабіць у камісіях. Вы ж у іх ніколі не былі”. Заявы сабралі, а адказу так і ня далі. Вось такія вось выбары, такая вось сумленнасьць”.

(Спадар: ) “Добры дзень. Прыміце абвестку. У мяне дзьве судзімасьці. Лепш быць рэцыдывістам, чым часткай народу, якому наплявалі ў твар”.

(Слухач: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Я ня ведаю, чаму Лябедзька, Хадыка і іншыя не прывялі свой электарат на рэфэрэндум. Але зараз галоўнае ня ў тым, што яны прывялі, а ў тым, што ніхто не прызнаў свае памылкі. Гэта вялікая памылка ў іх была. І гэта самае дрэннае, што яны яе не прызналі, бо яны яе будуць рабіць зноў і зноў. У мяне пытаньне ёсьць: ці разглядаюць лідэры апазыцыі, як сродак барацьбы з рэжымам, акт грамадзянскага непадпарадкаваньня? У мяне ўсё. Да пабачэньня, “Свабода”.

(Слухач: ) “Паважаная “Свабода”! Шчыра кажучы, Лукашэнку трэба сысьці з пасады – надта многа памылак зроблена за 10 год. Але што з гэтага выйдзе? І апазыцыя, і вы, паважаная “Свабода”, “гуляеце ў адны вароты”. Ніколі не казалі, што Лукашэнка казаў нешта добрае. Але так ня можа быць – Беларусь жыве й разьвіваецца ня горш, чым іншыя краіны. А што будзе, калі прыйдзе да ўлады прэзыдэнт ад апазыцыі? Напэўна, першыя 5 гадоў ён будзе разбураць усё тое, што было пабудавана да яго, і глядзець у рот больш багатага замежжа, якое задарма нічога не дае. А гэта, прабачце, ужо рэвалюцыя, якая без ахвяраў, крыві і галечы не бывае. Мы будзем адкінутыя ў гэтым пошуку лепшага жыцьця яшчэ на 10 год. Галоўнае зараз для беларусаў – стабільнасьць. Кожны ведае, што пры Лукашэнку мы панамі ня будзем, але ня будзем і жабракамі. Яшчэ, апазыцыя ў нас, безумоўна, вораг уладзе, а зь ёй – хоча яна гэтага ці не – вораг людзям і краіне. Таму народ у большасьці сваёй ня хоча мець зь ёй справу і выбіраць да ўлады – баіцца мець ва ўладзе выпадковых людзей, а не дзяржаўных дзеячоў. Нам гэта трэба зразумець – нашу апазыцыю падтрымліваць неразумна, як і неразумна апазыцыі рабіць стаўку на дзяцей. Зьмены ўлады ніколі ня будзе. Вынікамі рэфэрэндуму і выбараў я, безумоўна, незадаволены, але й іншага не чакаў. На жаль, гэта ня вынік падману народа, як вы кажаце, а звычайная рэакцыя людзей, якія апынуліся ў даволі складаных абставінах”.

(Зінаіда Іванаўна: ) “Добрай раніцы, “Радыё Свабода”. Я хачу выказаць сваё меркаваньне па сутнасьці правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму. Баліць у мяне ў душы, баліць ад такой несправядлівасьці, калі папіраюцца правы нашых грамадзян. Мы добрасумленна хадзілі на выбары, каб выказаць сваё меркаваньне, але нашая думка папіралася – як заўсёды, – шляхам фальсыфікацыі. Божухна, да якой гэта пары могуць так зьдзекавацца з нашага працоўнага народу! Гэта трэба ж, каб так папіраліся нашыя правы і нашыя свабоды! Я думаю, калі-небудзь гэтыя людзі панясуць адказнасьць – ня толькі маральную, але яны панясуць адказнасьць перад Госпадам за свае ўчынкі. Дай Бог, каб нашая думка спраўдзілася. Усяго вам добрага”.
XS
SM
MD
LG