Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Беларусі ці ня большасьць хоча замуж, але – няма за каго…”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая тэматычная перадача з сэрыі “Палітычная геаграфія”.

На Захадзе прыблізна кожная чацьвёртая сям’я складаецца сёньня з аднаго чалавека, там нават зьявіўся адмысловы тэрмін “аднагаловая гаспадарка”. Гэты стандарт становіцца своеасаблівым арыенцірам і для Беларусі: з кожным годам павялічваецца колькасьць самотных людзей. Цяпер прыблізна 30 працэнтаў жанчын, якім больш за 30 гадоў, жывуць незамужнімі. Чаму? Гэта прынцыповая пазыцыя альбо зьбег абставінаў?

Напачатку крыху статыстыкі. У Гішпаніі штогод колькасьць незамужніх кабет расьце на 10, а ў Казахстане – на 12 працэнтаў. У Нямеччыне 13 мільёнаў так званых “аднагаловых гаспадарак”. У ЗША кожны трэці домаўладальнік не жадае бачыць сябе ў шлюбе. Дзьве траціны англічанак у веку да 30 гадоў перавагу перад замуствам аддаюць кар’еры. А сусьветны лідэр гэтага працэсу – японцы: 41 працэнт жыхароў шматмільённага Токіё – самотныя.

У Беларусі адпаведны працэс таксама набірае сілу. Але ў яго дастаткова адрозная сацыяльная прырода. Вось меркаваньне этноляга, выкладчыка Ўнівэрсытэту культуры Насты Гулак:

(Гулак: ) “Кожная першая дзеўка скажа вам, што самая ўдалая кар’ера – гэта выйсьці замуж…”

Такая традыцыя засталася ад Саветаў. Тады, як правіла, мужчына зарабляў больш, падымаўся па службовай лесьвіцы ды забясьпечваў дабрабыт сям’і. Немалаважным было й тое, што маладых падтрымлівалі бацькі, шматлікія сваякі з абодвух бакоў. Меркаваньне Насты Гулак:

(Гулак: ) “Калі ўзяць традыцыйнае беларускае вясельле, дык калі ўступалі ў шлюб, маладыя там выконвалі ролю статычную: усталі, селі, падняліся, пакаштавалі каравай, падняліся і зноў селі… Гулялі вясельле род з аднаго боку і род з другога боку: цёткі, дзядзькі, усякія там хросныя! І ў выніку шлюбу ўтваралася новая роднасьць”.

Аднак час стаў уносіць істотныя карэктывы ў звычнае. Найперш зьнікла адчуваньне падтрымкі ад бацькоў, сваякоў – тых, хто падпадаў пад ёмісты выраз “роднасьць”. Цяпер галоўны спадзеў маладых часьцей толькі на сябе... Але, з аднаго боку, ня дужа шмат мужчын маюць сёньня добрую працу, высокія заробкі... А з другога – у нявестаў прыкметна вырасьлі патрабаваньні, гаворыць спадарыня Гулак.

(Гулак: ) “Нашыя дзяўчаты хацелі б, каб да іх ставіліся, як да німфаў. Але пры гэтым мець усе прыкметы незалежнасьці, самастойнасьці, паўнацэннага грамадзкага існаваньня”.

Загадчыца Капыльскага ЗАГСу Ірына Ігнатчык кажа, што ў глыбінцы беларускія дзяўчаты пачалі выходзіць замуж яшчэ раней, чым іхныя маці. Чаму? Па-першае, уплывае цяперашняя сэксуалізацыя жыцьця праз тэлебачаньне, кіно, радыё, дыскатэкі... Па-другое, досьвед старэйшых сябровак вучыць: не заручысься да дваццаці, лічы сябе векавухай. Вось і ўцякаюць ад такой пэрспэктывы, ня дужа зважаючы на якасьці маладых сваіх партнэраў...

(Ігнатчык: ) “Як каму 24-25 гадоў, яны разумеюць цяжкасьці, якія сустрэнуцца на гэтай сямейнай дарозе, і кажуць, што, можа, лепш самому жыць? Яны прыцэньваюцца: чаго ты варты? Ці ёсьць у цябе спэцыяльнасьць, ці ёсьць дзе жыць, ці трэба дадому весьці? Пасьля 24-25 гадоў яны ўжо самі ня хочуць выходзіць замуж”.

Што да апошняе высновы спадарыні Ігнатчык, дык шмат хто пярэчыць: найперш усё ж ня могуць… Пытаюся ў этноляга Насты Гулак:

(Карэспандэнт: ) “Куды падзецца ў вёсцы, у раёне невялікім – у Быхаўскім, Клічаўскім, Глыбоцкім?”

(Гулак: ) “Няма куды… Усё вельмі дрэнна… Мужчыны вельмі рана й многа п’юць, і ў прыстойных жанчын сапраўды вельмі малы выбар”.

Зноў крыху статыстыкі. Ува ўсім сьвеце 98 працэнтаў жанчын могуць быць замужам паводле стану свайго здароўя. Адпаведная лічба для мужчынаў нашмат меншая – толькі 70 працэнтаў. А на постсавецкай прасторы сытуацыя яшчэ горшая. Слова загадчыцы ЗАГСу Ірыне Ігнатчык:

(Ігнатчык: ) “У нас ёсьць добрыя дзяўчаты. Ім па 26 гадоў. У іх добрыя работы: абедзьве працуюць у райвыканкаме. Але ім у Капылі няма за каго выйсьці замуж. У нас то пад сьліўкай, то пад яблынькай стаяць гэтыя патэнцыйныя жаніхі... Дзе хто з галавой, той выехаў з Капыля. Працы такой у нас для мужчын таксама, можна сказаць, няма. Тыя прадпрыемствы, што былі, закрыліся. Як яны выйдуць замуж?”

На Захадзе, дзе жанчыны арыентаваныя на самастойнасьць, кар’ерны рост, такая сытуацыя не выклікае трывогі – ёсьць добрая праца, магчымасьць набыць камфортнае жыльлё, дык навошта скардзіцца на лёс? Але ў Беларусі спрадвеку лічылася, што жаночае шчасьце найперш у добрай сям’і. І хоць шкала прыярытэтаў пачала мяняцца, для вельмі многіх першай каштоўнасьцю застаецца менавіта дом: з мужам, дзецьмі... Калі гэта недасягальна, сьвет для такіх жанчын нямілы...

(Людміла: ) “Сяброўка літаральна створаная для сямейнага жыцьця: яна вельмі любіць дзяцей, яна добрая, і выдатная гаспадыня… І такое ўражаньне, што ўсе мужчыны сьляпыя, глухія й дурныя, як боты, што гэтага ня бачаць!”

Гэтак разважае спадарыня Людміла зь Віцебскай вобласьці. Дэмаграфічная сытуацыя там найгоршая ў Беларусі. Адпаведна праблема самотнасьці вельмі актуальная. Практычна ў кожнай сям’і ёсьць кабеты, якіх здаўна называлі векавухамі. Але калі раней такі лёс быў наканаваны найперш інвалідам, тым, каго прырода абдзяліла прыгажосьцю, хто нарадзіўся ў заганных сем’ях, дык цяпер найбольшыя шанцы разьмінуцца з жаночым шчасьцем у іншых... Расказвае Людміла:

(Людміла: ) “Неяк склалася так, што я сябрую пераважна з такімі дзяўчаткамі, каму за 30 і якія не замужам. Напэўна, тут галоўная прычына ў тым, што яны прыгожыя ды яшчэ разумныя. А калі да прыгажосьці дадаецца яшчэ крыху высокай маралі, то тут справа з мужчынамі зусім ніякая… Я не назвала б іх красунямі з подыюму, але ўсе яны прыгажэйшыя за “сярэдні ўзровень”.

Паводле Людмілы, у Віцебску “конкурс” на прыстойных мужчынаў вышэйшы, чым у прэзыдэнцкую акадэмію! Каб адпавядаў немудрагелістаму ідэалу – разумны, нежанаты, не зусім мамчын сынок, мае адносна добры заробак, дык такі, мабыць, адзін на 30 жанчын! Паспрабуй прабіцца! У Маскве, дарэчы, сацыёлягі вывелі афіцыйную лічбу: у адукаванай 30-гадовай самотнай масквічкі ўсяго 7 працэнтаў шанцаў узяць шлюб...

(Людміла: ) “Адна мая знаёмая зь нешматлікіх замужніх кажа: “Дурныя вы, дзеўкі! Трэба было выходзіць замуж у 20, як я. І тады было б прасьцей і ў матэрыяльным пляне, і прывыкаць адно да аднаго, і ўсё астатняе было б прасьцей!”

Размаўляем з этнолягам, сябрам фэміністычнай арганізацыі “Калегіюм” Настай Гулак:

(Карэспандэнт: ) “На Захадзе створана куды больш мажлівасьцяў для адзіноцтва – для самоты камфортнай. Там часам яны самі не імкнуцца да замуства... А ў Беларусі ці ня большасьць хоча замуж, але – няма за каго… На рынку нявестаў такія дыспрапорцыі! Адсюль вельмі шмат драмаў, вельмі шмат вайны за сваё жаночае шчасьце, дзе адзінкам удаецца перамагчы, заваяваць нейкую вышыню, а большасьці гэта ўсё ж, гм…”

(Гулак: ) “Партрэт жанчыны самотнай – гэта адукаваная жанчына інтэлектуальных заняткаў: нейкая настаўнічка, доктарка… Яны ня ўмеюць кантактаваць са сьветам – яны зацыкленыя на сабе, на нэгатыўным мысьленьні”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму яны зацыкленыя на сабе? Што Вы маеце на ўвазе?”

(Гулак: ) “І іх, і ўсіх нас не вучылі быць шчасьлівымі… Толькі некаторыя гэта пераадольваюць, неяк знаходзяць сабе пару, нават другую ці трэцюю… Але ў цэлым паглядзіце, якія ў нас твары: такія заклапочаныя, зацятыя. Занураныя ў сябе, вочы ўнутар глядзяць – мы грамадзтва непрыветнае і азлобленае”.

Загадчыца Барысаўскага ЗАГСу Тамара Красоўская пагаджаецца: беларускае грамадзтва досыць праблемнае. Каб хоць неяк разьвязаць задачу жаночае самотнасьці, яна свайго часу стварыла ў горадзе “Клюб знаёмстваў”. Але неўзабаве ён зачыніўся: не набыў папулярнасьці. Тыя, для каго клюб ствараўся, якраз і саромеліся заходзіць туды. Дакладней – пабойваліся. Бо сёньня прыйдзеш, а заўтра – плётка: няўдаліца, сам ня можа знайсьці пару... І нават у тых, хто ўсё ж пераадольваў страх перад нечай зласьлівасьцю, спадарыня Красоўская заўважыла агульнае:

(Красоўская: ) “Прыходзілі менавіта з комплексамі. Я адношу гэтых жанчын да таго кантынгенту, у якіх заніжаная самаацэнка. Яны настолькі камплексуюць... Хаця на выгляд усе вельмі прыгожыя! Палова зь іх былі тыя жанчыны, якія прысьвяцілі свой час вучобе, потым кар’еры. А калі ўжо за 25 гадоў, то куды можна пайсьці, каб пазнаёміцца? Няма такой магчымасьці”.

Паводле Тамары Красоўскай, беларуская дзяржава амаль не абцяжвае сябе клопатам пра самотных жанчын. Лёзунгаў пра моцную сям’ю хапае, а вось як стварыць яе – праблема нібыта адных толькі грамадзянаў. Аднак яны найчасьцей нашпігаваныя застарэлымі комплексамі і адмаўляюцца ад энэргічных пошукаў сваёй “паловы”, а ўрэшце здавальняюцца жыцьцём паводле простай формулы “праца – дом, дом – праца”, спадзеючыся хіба толькі на выпадковыя сустрэчы зь нечаканымі каханкамі... Хоць бы дзеля таго, каб займець дзіця. Хай нават у яго ня будзе афіцыйнага бацькі... Менавіта такі выбар зрабіла жыхарка Кобрына Ірына.

(Ірына: ) “Іншых варыянтаў няма. Вядома, мне даводзіцца шмат ад чаго адмаўляцца. Дапусьцім, ад уласных радасьцяў жыцьця. Я нават пастрыгчыся своечасова не пасьпяваю, таму што з працы заяжджаю па дзіця і еду дадому. Ня кажучы пра нешта іншае… Я адмаўляю сабе ў набыцьці нейкіх рэчаў, сукенак. У тым, што трэба звычайнай нармальнай жанчыне...”

Так, ёй нялёгка. Але сагравае думка, што збылася мара – стала маці! Ну, а ці хоча Ірына быць нечай жонкай? Кабета не хавае праўды: туга па моцным мужчынскім плячы не абмінае... Спадзяецца, яшчэ сустрэне таго, хто будзе ня казачным прынцам з учорашніх дзявочых мрояў, а такім неабходным ёй сёньня апірышчам для сям’і.

(Ірына: ) “Я не ненавісьніца мужчынаў. Я не выключаю, што можа сустрэцца на маім шляху і мужчына. Хаця я ня бегаю, не шукаю. Мне падаецца, праблема ў тым, што не выхоўваюць у мужчынах адказнасьці за сям’ю, за жанчын, за дзяцей і нават за сябе, напэўна, у нейкай ступені. Увогуле, якасьць мужчынаў трохі “кульгае”.

Паводле сацыялёгіі, у Ірыны ёсьць шанцы спраўдзіць свае надзеі на сямейнае жыцьцё з мужчынам, які “не кульгае”. Пра гэта мы размаўляем з навукоўцам Настай Гулак:

(Карэспандэнт: ) “Пасьля 30-ці выйсьці замуж амаль немагчыма, калі яна дагэтуль не паспытала сямейнага шчасьця. Прасьцей разьвядзёнцы, у якой на руках дзіця. Чаму?”

(Гулак: ) “Таму што ёсьць большая ўпэўненасьць у сабе, яны ня робяць нейкіх адыёзных, інфантыльных учынкаў… Вось мой брат, 40-гадовы, так сабе – звычайны. Калі перад ім будзе выбар: ажаніцца з 30-гадовай, якая не была ніколі з мужчынамі, такой супэрпрыстойнай – ці ўзяць жанчыну зь дзіцём, то ён за другі варыянт. Каму трэба праблемныя дамачкі? Трэба вясёлыя, лёгкія і ўпэўненыя ў сабе!”

Ну, а што думаюць патэнцыйныя бацькі пра самотных кабет? Вось два тыповыя супрацьлеглыя выказваньні. Першае – “суворае”:

(Кірыл: ) “Жанчына пасьля 30-ці, калі яна адзінокая – гэта, пэўне ж, жахлівае відовішча. Калі ў яе няма сям’і, калі ў яе няма дзяцей, то гэта сапраўды надзвычай сумна”.

І другое, “спагадлівае” меркаваньне:

(Васіль: ) “Мне падаецца, жанчына мае магчымасьць сябе пракарміць, здатная забясьпечыць сабе годнае жыцьцё. І яна ня будзе моцна напружвацца з нагоды – адна яна альбо не...”

А падсумуе гэтыя самыя розныя меркаваньні навуковец Наста Гулак:

(Гулак: ) “Ня думаю, што гэта ўжо нейкае наканаваньне, як карма – гэта ўсё можна пераадолець! Над усім можна й трэба працаваць. Шчасьце – гэта ўнутраны стан. Ёсьць такі расейскі жарт: “тот, кто кует и пашет, – тот пашет и кует, а тот, кто поет и пляшет, – тот пляшет и поет”… Гэта пра тое, што мы робім рэальнасьць вакол нас. Мы яе ствараем самі”.
XS
SM
MD
LG