Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі інстытут у Менску адзначыў 10 год свайго існаваньня


Галіна Жарко, Менск Дзесяцігодьдзе сваёй працы Польскі інстытут у Менску адзначыў выставаю кніг, што былі выдадзеныя дзякуючы польска-беларускаму супрацоўніцтву. На гэтую своеасаблівую юбілейную справаздачу інстытуту ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры сабраліся ўчора літаратуразнаўцы, гісторыкі, перакладчыкі...

Польскія інстытуты ёсьць у дваццаці краінах, і мэты ў іх аднолькавыя – папулярызацыя польскіх дасягненьняў у галіне культуры й навукі. Але зразумела, Польскі інстытут у Менску мае іншую праграму дзейнасьці, чым, напрыклад, гэткі ж інстытут у Лёндане альбо ў Маскве ці ў Нью-Ёрку. Узаемапранікненьне культур і іхняе ўзаемадапаўненьне, заснаванае на супольнай шматвекавой традыцыі – гэта, відаць, і вызначае спэцыфіку менавіта менскае інстытуцыі. А цяпер уплываюць на працу й асаблівасьці адносінаў Польшчы й Беларусі, краінаў-суседак, што маюць супрацьлеглыя накірункі разьвіцьця. Вось што сказаў для слухачоў “Свабоды” дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Цэзары Карпіньскі:

(Карпіньскі: ) “Вось мы тут спаткаліся са знаёмымі, сябрамі, інтэлектуаламі для таго, каб агледзець гэтыя кніжкі, выдадзеныя за 10 гадоў. Гэта сьведчыць, што дыялёг ёсьць і, маю надзею, – будзе. Дыялёг артыстаў, навукоўцаў, крытыкаў... Гэта прагучыць дзіўна, але я буду аптымістам. Калі б я быў пэсымістам, дык нічога б ня мог рабіць. А калі я буду аптымістам, я знайду тут у Беларусі людзей, якія разам са мною будуць нешта рабіць. Я б зычыў беларусам цярплівасьці й настрою на працу, якая раней ці пазьней дасьць эфэкт. Гэта працэс на шмат гадоў і шмат пакаленьняў”.

Былы актор, рэжысэр, дырэктар люблінскага тэатру Цэзары Карпіньскі выдатна разумее важнасьць дыялёгу. Дыялёг польскае й беларускае творчае інтэлігенцыі павінен быць зразумелы ня толькі ўдзельнікам, а павінен мець зацікаўленых слухачоў у абедзьвюх краінах. Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандр Баршчэўскі на прэзэнтацыі гаварыў пра місію творцаў.

(Баршчэўскі: ) “Я вельмі моцна перажываю, што Беларусь усё больш ізаляваная ў сьвеце. Выразна бачу, што палітыкі не спрыяюць далучэньню Беларусі да сусьветных культурных і палітычных працэсаў. Маю надзею, што там, дзе бясьсільныя палітыкі, могуць быць моцныя творцы”.

Кніга ў гэтым сэнсе можа адыграць станоўчую ролю. Польскі інстытут спрыяе таксама, каб беларуская кніга выходзіла і ў Польшчы.

За 10 гадоў Польскі інстытут паспрыяў выхаду больш чым 70-ці кніг, а таксама гістарычных і літаратуразнаўчых зборнікаў, альманахаў. З найбольш цікавых варта назваць выданьні прысьвечаныя Адаму Міцкевічу, Ежы Гедройцу – рэдактару парыскае “Культуры”, ураджэнцу Менску, Уладыславу Сыракомлі, Ігнату Дамейку, творы Францішкі Уршулі Радзівіл, філяматаў і філарэтаў... Вось што сказаў прафэсар Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Мы няблага выглядаем. Мы не праспалі свае стагодзьдзі. Мы проста былі донарамі для іншых культур і для іншых народаў. У мяне даўно ёсьць ідэя, стварыць даведнік – што далі беларускія землі польскай культуры. Няхай бы такія інстытуты працавалі ў іншых краінах для пашырэньня беларускае культуры ў сьвеце. Таму што культура, як і навука, адукацыя не павінная залежаць, не павінная пакутаваць ад часовых палітычных павеваў”.

Адам Мальдзіс выказаў думку, што праз узаемаабмен культураў можна было адолець такую вострую праблему найноўшае гісторыі, як тэрарызм, які зьяўляецца вынікам, у першую чаргу, непаразуменьня. Польскі інстытут у Менску дэкляруе мэтаю сваёй дзейнасьці разьвіцьцё кантактаў, абмен вопытам паміж польскімі й беларускімі прадстаўнікамі навукі, літаратуры, мастацтва, кіно, тэатра й музыкі. І менавіта па гэтых накірунках ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць.

Пры інстытуце ёсьць курсы польскае мовы – яны карыстаюцца такой папулярнасьцю, што немагчыма прыняць усіх жадаючых. Мяркуючы толькі па гэтым, беларусы й палякі імкнуцца да ўзаемаразуменьня і маюць што сказаць адзін аднаму.
XS
SM
MD
LG